Уладзімір Макей: "Павышэнне цэн заканамерна, аднак нельга рабіць гэта ў адзін момант"
10.06.2011
—
Новости Политики
|
Такое меркаванне выказаў 8 чэрвеня ў гутарцы з журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей па выніках нарады ў Прэзідэнта па актуальных пытаннях эканомікі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік Адміністрацыі расказаў, што рэзкае павышэнне цэн на паліва стала асноўным лейтматывам праведзенай нарады ў Прэзідэнта. Па яе выніках Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне ўраду знізіць цэны на бензін АІ-95 да Br4500. "Павысіць цэны можна, і, напэўна, у перспектыве нам давядзецца іх павышаць да ўзроўню суседзяў, таму што ў суседніх краінах цэны на шэраг аналагічных тавараў значна вышэйшыя, чым у Беларусі. Але тыя, хто прымае гэта рашэнне, не маюць рацыі ў тым, што трэба рабіць гэта ў адзін момант", — сказаў Уладзімір Макей. Як прыклад ён прывёў вынікі маніторынгу апошніх дзён, згодна з якімі на аўтазаправачных станцыях у прыгранічных раёнах Беларусі аб'ём рэалізуемага паліва павялічыўся ў 60 разоў за суткі. "Гэта нават не ў два і не ў тры разы, а ў 60 разоў. Зразумела, што наўрад ці гэта паліва заставалася ў краіне", — адзначыў Уладзімір Макей. "Просты чалавек не павінен адчуць такога рэзкага росту цэн. Патрэбны час, каб чалавек адаптаваўся да павышэння цэн. Рабіць гэта трэба паступова, паступальна, клапоцячыся паралельна аб сацыяльнай абароне простага чалавека, у першую чаргу аб найменш абароненых слаях", — сказаў ён. "Але тое, што нам давядзецца ісці на такія крокі, — гэта аб'ектыўна", — рэзюмаваў Уладзімір Макей. "Беларусь на працягу месяца атрымае яшчэ $1 млрд з іншай крыніцы" Уладзімір Макей адзначыў, што практычна ўжо завершана падпісанне адпаведнага пагаднення аб выдзяленні Беларусі крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час грошы паступяць у Беларусь. "Акрамя таго, знойдзены яшчэ адзін мільярд долараў з іншай крыніцы. Грошы таксама паступяць у бліжэйшы час у Беларусь", — сказаў Уладзімір Макей. Ён падкрэсліў, што ў дзяржавы ёсць дастаткова часу і рэзерваў для таго, каб спакойна пачакаць, назіраць за сітуацыяй і па выніках прымаць адпаведныя меры. "У Беларусі не будзе праблем з закупкай тавараў крытычнага імпарту" Паводле слоў Уладзіміра Макея, валюты ў краіне хапае. Па выніках першых чатырох месяцаў у Беларусь увезена валюты каля $13 млрд. "Гэта нават на $1 млрд больш, чым у самым паспяховым 2008 годзе. Праблема толькі ў тым, што мы вельмі шмат завозім імпарту. Гэта наша галоўная праблема. Нават на $1 млрд больш, чым у мінулым годзе", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі. "Таму трэба ўсім супакоіцца і спакойна прадаўжаць працаваць, а валюта будзе накіроўвацца ў першую чаргу на тыя праекты, якія дадуць максімальна хуткую аддачу для краіны і ў канчатковым выніку для простага чалавека", — адзначыў Уладзімір Макей, дадаўшы, што менавіта такое даручэнне даў 8 чэрвеня кіраўнік дзяржавы ўраду і Нацыянальнаму банку. "Дзяржава будзе прымаць строгія меры да тых, хто спрабуе нажыцца на сітуацыі ў Беларусі" "Хацеў бы сказаць і пра тых людзей, і пра суб'екты гаспадарання, якія спрабуюць парушыць устаноўленыя ўрадам і Нацыянальным банкам правілы гульні, маецца на ўвазе ў сферы цэнаўтварэння, вывазу тавару за мяжу для нажывы і г.д. Сітуацыя сапраўды складаная, і яна патрабуе строгіх адэкватных мер. І такія строгія адэкватныя меры будуць прымацца адносна парушальнікаў устаноўленых правіл гульні", — сказаў Уладзімір Макей. Звяртаючыся да насельніцтва, ён адзначыў, што неабходна перацярпець гэты складаны перыяд. "Усім нам, як сказаў Прэзідэнт, трэба зацягнуць паясы, таму што ў гэтай сітуацыі патрэбны некаторы час, каб перацярпець гэтыя эканамічныя цяжкасці. Тое, што здавалася ўчора звычайным, сёння патрабуе ад нас значна большых намаганняў. Мы павінны быць да гэтага гатовы", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі. "Але я абсалютна ўпэўнены ў тым, што мы пройдзем гэту чорную паласу і праз некаторы час адновіцца эканоміка, і жыццё людзей стане лепшым", — падкрэсліў Уладзімір Макей. "Афіцыйны курс беларускага рубля да долара ў бліжэйшы час застанецца ранейшым" "Курс, які вызначаны ўрадам і Нацбанкам прыкладна Br5 тыс. за долар, у бліжэйшы час не зменіцца, — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Гэты курс дакладна падлічаны і вывераны ўрадам і Нацбанкам". "Я параіў бы тым, хто сядзіць на мяшках з доларамі і чакае дэвальвацыі, не губляць час і ўключыць гэтыя долары ў эканамічны абарот, інакш у перспектыве можна страціць значна больш", — дадаў Уладзімір Макей. "Устаноўлены афіцыйны курс вывераны і ў бліжэйшы час не зменіцца", — яшчэ раз падкрэсліў ён. Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, на нарадзе выказваліся розныя меркаванні наконт гэтага. Аднак Прэзідэнт адназначна выказаўся ў падтрымку ўстаноўленага афіцыйнага курсу. "Зразумела, усё можна аддаць на водкуп рыначнай стыхіі. Але дзе гарантыя, што гэта стыхія вывезе карабель? Возьмем, напрыклад, Грэцыю. Такая ж краіна з 10-мільённым насельніцтвам, 100 млрд еўра ўжо ўкладзена ў эканоміку Еўрасаюзам — яны растварыліся, як у пяску, цяпер плануецца яшчэ 100 млрд еўра. Вось вам і рыначная эканоміка", — адзначыў Уладзімір Макей. "Мы за такія грошы пабудавалі б краіну будучага. У нас такіх грошай, на жаль, няма. Таму мы павінны рухацца вельмі асцярожна, узважана, каб не наламаць дроў", — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такое меркаванне выказаў 8 чэрвеня ў гутарцы з журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей па выніках нарады ў Прэзідэнта па... |
|