Аляксандр Лукашэнка ацэньвае кошт ААТ "Беларуськалій" у $30 млрд
11.06.2011
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ацэньвае кошт ААТ "Беларуськалій" у $30 млрд і не выключае, што з 1 ліпеня гэта сума будзе індэксавацца з улікам інфляцыі долара. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў учора на нарадзе па пытаннях развіцця прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы абсалютна не супраць продажу пакетаў акцый акцыянерных таварыстваў, у тым ліку "Беларуськалія", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Што датычыцца "Беларуськалія", то я дакладна сказаў — $30 млрд на стол, а з 1 ліпеня гэта сума будзе індэксавацца на ўзровень інфляцыі долара", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што паколькі ідзе інфляцыя, гэта сума пастаянна будзе індэксавацца. "Гэта значыць цана "Беларуськалія" з 1 ліпеня можа быць не $30 млрд, а $30 млрд 10 млн. Калі ў вас ёсць такая сума — заўтра вы гаспадары гэтага камбіната", — сказаў ён. "Як вы цудоўна разумееце, гэта толькі ў Беларусі нашы разумныя беларусы, "свядомыя" або з іх падачы хапаюць гэтыя паперкі доларавыя. Вы цудоўна разумееце, што сёння ідзе каласальнейшая накачка доларамі сусветнай эканомікі, што можа прывесці да яшчэ аднаго абвалу гэтай эканомікі. Мы гэта ўсё ведаем. Ну, хочуць людзі купляць долары — хай купляюць, гэта іх справа. Тое ж самае і на рынку еўра адбываецца. Вось гэтыя ўкідванні па 100, па 200 мільярдаў Грэцыі, Партугаліі, Іспаніі і іншае — гэта адкуль? Германія што, са сваёй кішэні дае? Ідзе зноў жа накачка гэтых еўра-паперак. Калі нашым людзям гэта падабаецца, дык няхай купляюць. Але дзяржава павінна вуха трымаць востра", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "ніхто нікому за бясцэнак або бясплатна ніводнае прадпрыемства, не толькі "Беларуськалій, не аддасць". "Пусцілі чуткі, што прададзена ўжо гэта прадпрыемства. Я наогул ні з кім не вёў перагавораў па продажы "Беларуськалія", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Што з імі весці? Цана названа, грошы ёсць — прыязджай. Якія перагаворы?" — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, калі неабходна зрабіць пераацэнку прадпрыемства, "калі ласка — пераацэньвайце, але $30 млрд — пакуль я гэту цану не адмяняў". "Яшчэ раз падкрэсліваю: ёсць грошы — на бочку, заўтра атрымаеце акцыі. Але колькі прынесяце грошай, зыходзячы з $30 млрд, столькі атрымаеце акцый. Пакуль іншага меркавання ў мяне няма", — заявіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што некалькі пакупнікоў ужо гэту суму вымаўляюць уголас, гэта значыць гатовы плаціць $30 млрд. "Ну што ж, добра, няхай прыязджаюць", — дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што за $30 млрд можна пабудаваць яшчэ як мінімум тры такія прадпрыемствы, як "Белкалій", па найноўшых тэхналогіях. І яшчэ грошы застануцца для народа. Паводле яго слоў, сыравіннай базы дастаткова, аднак дзейнічаць тут трэба акуратна, каб не абваліць цану на калійныя ўгнаенні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калійная прамысловасць з'яўляецца адной са стратэгічна важных галін беларускай эканомікі, а "Беларуськалій" даўно стаў візітнай карткай краіны. У той жа час Прэзідэнт лічыць, што патэнцыял прадпрыемства можна задзейнічаць больш поўна. У прыватнасці, там створаны штучныя горы, якія, як сцвярджаюць вучоныя, можна выкарыстоўваць у народнай гаспадарцы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, уносяцца прапановы па стварэнні холдынга, гэта значыць аб'яднанні ўсіх дробных прадпрыемстваў, якія і будуюць руднікі, і абслугоўваюць "Беларуськалій", паколькі гэта павысіць капіталізацыю кампаніі і дасць эфект, а таксама многія іншыя прапановы. "Можна іх з парога адхіляць, але ўпэўнены, што рацыянальнае зерне ў гэтым ёсць. Нам трэба было б даўно папрацаваць у гэтым напрамку", — сказаў Прэзідэнт.Прэзідэнт адзначыў, што калійная соль з'яўляецца нацыянальным здабыткам, ад рацыянальнага выкарыстання якога ў многім залежыць паступленне валютных сродкаў у краіну. "У гэтым плане хачу папярэдзіць жыхароў Салігорска і работнікаў "Беларуськалія", якія часта гавораць аб тым, што, маўляў, мы ж шахцёры, мы вялікія людзі ў краіне, а ўсё астатняе другараднае, мы валютай краіну забяспечваем. Так, шахцёр — вельмі складаная прафесія і я яе вельмі паважаю, — сказаў Прэзідэнт. — Але шахцёры павінны разумець, што кампанія "Беларуськалій" — гэта здабытак нашай дзяржавы, здабытак усяго беларускага народа, як і нафтаперапрацоўка, нафтахімія, Беларускі металургічны завод і многае іншае. Гэта здабытак беларускага народа, а потым ужо жыхароў Салігорска, шахцёраў, металургаў". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння трэба будзе дэталёва разгледзець функцыянаванне калійнай кампаніі ў комплексе — ад здабычы да рэалізацыі калійных угнаенняў і стварэння ў перспектыве, прычым ужо блізкай, кампаніі па вытворчасці змешаных складаных угнаенняў. Ён дадаў, што запрасіў са справаздачай выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара ААТ "Беларуськалій" Валерыя Кірыенку. "Нам неабходна аб'ектыўна ацаніць рэальную сітуацыю на прадпрыемстве, плюсы, мінусы ў эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці яго кіраўніцтва і абмеркаваць перспектывы развіцця калійнай галіны ў цэлым", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час па яго даручэнні сумесна з расіянамі была створана збытавая арганізацыя, якая займаецца пастаўкай калійных угнаенняў на экспарт, — Беларуская калійная кампанія, каб узяць пад кантроль дзяржавы вытворчасць і рэалізацыю калійных угнаенняў. Ён дадаў, што тады ніхто не лічыў кошт калійных угнаенняў і прадавалі іх часта за бясцэнак. Сёння ў склад БКК уваходзіць "Беларуськалій", "Уралкалій", кампанія павялічваецца за кошт "Сільвініта". Такім чынам, падагульніў Прэзідэнт, гэта вядучая, вельмі магутная арганізацыя, якая гандлюе ў свеце і на якую арыентуюцца ўсе вытворцы калійных угнаенняў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як будуюцца адносіны кіраўнікоў "Беларуськалія" з БКК, ці ёсць праблемы, паколькі ад гэтага ўзаемадзеяння вытворцы і трэйдара непасрэдна залежыць фінансавы вынік. Звяртаючыся да Валерыя Кірыенкі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы пачуць, што робіцца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, зыходзячы з цяперашняй сітуацыі на сусветным рынку, якія праекты дапамогуць прадпрыемству пашырыць геаграфію паставак сваёй прадукцыі і павялічыць экспартны патэнцыял. Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую актуальнасць сёння набываюць пытанні паглыблення перапрацоўкі хлоразмяшчальнай мінеральнай сыравіны. Пакладзены пачатак будаўніцтву новага завода, дзе па сучаснай тэхналогіі будуць вырабляцца комплексныя ўгнаенні. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што яшчэ ў гэтым напрамку прапануецца зрабіць. Акрамя таго, кіраўніка дзяржавы цікавіць, як можна паскорыць распрацоўку новых радовішчаў, якія прыцягваюць увагу замежных інвестараў, ці трэба іх наогул распрацоўваць. "Не абысці і сацыяльныя аспекты, якія істотна ўплываюць на сітуацыю і на самім прадпрыемстве, і ў раёне ў цэлым. Што робіцца для паляпшэння ўмоў працы і адпачынку шахцёраў, членаў іх сем'яў і ўсіх гараджан?" — абазначыў задачу нарады кіраўнік дзяржавы. Па выніках нарады прынята новая праграма развіцця "Беларуськалія", у адпаведнасці з якой плануецца давесці магутнасці прадпрыемства да 11 млн тон калійных угнаенняў да 2015 года. Разглядаецца таксама пытанне па асваенні новых перспектыўных участкаў радовішчаў з будаўніцтвам там прадпрыемства па здабычы калійных угнаенняў магутнасцю да 3 млн тон у год. Прэзідэнт учора таксама прызначыў Валерыя Кірыенку генеральным дырэктарам ААТ "Беларуськалій". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ацэньвае кошт ААТ "Беларуськалій" у $30 млрд і не выключае, што з 1 ліпеня гэта сума будзе індэксавацца з улікам інфляцыі...
|
|