Аляксандр Лукашэнка: "Беларуская вышэйшая школа славіцца высокім узроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў"
30.06.2011
—
Новости Политики
|
Беларуская вышэйшая школа славіцца высокім узроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў і паспяхова развівае правераныя часам традыцыі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 чэрвеня на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер у маладых людзей перыяд жыццёвага выбару, калі можна і трэба ставіць перад сабой высокія мэты. "Лепш з першых крокаў будаваць свой лёс так, каб потым ніколі не пашкадаваць ні аб адным марна пражытым дні. А калі вы спытаеце, што неабходна чалавеку, каб дабіцца поспеху, я адказаў бы: для гэтага абавязкова трэба мець мару, якая акрыляе", — падкрэсліў беларускі лідар. "У кожнага з нас свае жаданні. Але, думаю, усіх нас аб'ядноўвае адна вялікая агульная мара — зрабіць нашу краіну ўтульным, працвітаючым домам для кожнай сям'і, — сказаў Прэзідэнт. — Галоўныя мэты і шырокія гарызонты, да якіх трэба імкнуцца, яшчэ наперадзе. Сучаснай Беларусі крыху больш як 20 гадоў — гэта ўзрост росквіту, кіпучых сіл і надзей".На думку Аляксандра Лукашэнкі, быць незалежным, ісці па жыцці сваёй дарогай няпроста ні чалавеку, ні дзяржаве. "Бывае ўсё: і ўзлёты, і падзенні. І гэта нармальны працэс росту. Цяжкасці ламаюць слабых, але загартоўваюць моцных. Мы моцныя і таму пераадолеем іх, калі праявім упартасць і будзем жыць сваім розумам", — адзначыў Прэзідэнт. Звяртаючыся да выпускнікоў, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Менавіта цяпер наша краіна мае патрэбу ў такіх людзях, як вы, — разумных, энергічных, мэтанакіраваных. Вам пад сілу любыя вышыні, бо вы атрымалі выдатную адукацыю на роднай зямлі". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія дыпломы каціруюцца ва ўсім свеце, папулярнасць айчынных ВНУ за мяжой расце год ад году. "З вялікім багажом набытых ведаў вы можаце рэалізаваць сябе ў розных сферах эканомікі, займацца навукай, творчасцю, адкрыць уласную справу. У Беларусі для гэтага магчымасці ёсць", — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, з атрыманнем дыплома станаўленне спецыяліста толькі пачынаецца. "Пастаянна працуйце над сабой — гэта галоўнае ў жыцці, праяўляйце ініцыятыву, прапаноўвайце арыгінальныя ідэі і не лянуйцеся ўвасабляць іх у жыццё. Бо ўсе найвялікшыя дасягненні чалавецтва — плён таленту і ўпартай працы", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць: верная прыкмета сталай асобы — цвёрдыя перакананні і маральныя прынцыпы. "Таму папрасіў бы вас як дарослых, паспяховых людзей не паддавацца ні на якія правакацыі і авантуры — а спакусы ў жыцці будзе дастаткова, — быць сапраўднымі патрыётамі, сумленнымі і адказнымі грамадзянамі сваёй краіны", — звярнуўся да моладзі Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўнікам ВНУ і выкладчыкам за падрыхтоўку маладых спецыялістаў, у выхаванне якіх укладзена нямала таленту і педагагічнага майстэрства. А выпускнікам пажадаў такіх дасягненняў, якімі змогуць ганарыцца не толькі іх сем'і, але і ўся краіна. Кіраўнік дзяржавы ўручыў Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзесяці выпускнікам ВНУ за выдатныя поспехі ў навучанні, прыкладныя паводзіны і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская вышэйшая школа славіцца высокім узроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў і паспяхова развівае правераныя часам традыцыі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі... |
|