"Мы занялі "свой пачэсны пасад між народамі". 21.by

"Мы занялі "свой пачэсны пасад між народамі"

05.07.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі! Афіцэры і генералы! Дарагія ветэраны! Паважаныя суайчыннікі і госці!

Сёння наша Беларусь урачыста адзначае галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці!

У гэтым свяце разам зліліся вялікія і святыя для ўсіх паняцці — вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і незалежнасць беларускай дзяржавы.

Сёння мы з вялікай удзячнасцю ўспамінаем усіх, хто не схіліў галаву перад ворагам, прынёс жыццё на алтар Перамогі і абяссмерціў сваё імя.

Подзвіг гэтых герояў не памеркне ў стагоддзях!

Іх запаветы — любіць, берагчы, абараняць Радзіму — мы з гонарам і годнасцю, з гордасцю ўвасобім у жыццё!

Народ ганарыцца сваёй арміяй, наследніцай Перамогі — надзейнай апорай і духоўнай сілай краіны. Наша армія — верны абаронца стваральнай працы. Школа мужнасці для тысяч і тысяч маладых беларусаў, многія з якіх прымаюць удзел у сённяшнім парадзе.

Цяпер ваеннай пагрозы для нашай краіны няма. Але гісторыя, у тым ліку і навейшая, заклікае: порах заўсёды трэба трымаць сухім! Мірная і стваральная праца павінна быць надзейна і безумоўна забяспечана.

Нам ёсць што абараняць: родную зямлю, слаўную гісторыю, адзінства нацыі, сацыяльную справядлівасць і духоўныя каштоўнасці народа.

Мы нікому не пагражаем, ні на кога не нападаем і не збіраемся гэтага рабіць у далейшым.

  Мы не распрацоўваем і не выкарыстоўваем зброю масавага паражэння. Не фінансуем міжнародную злачыннасць і тэрарызм. Не рыхтуем баевікоў для арганізацыі рэвалюцый у суседзяў. Не гандлюем жанчынамі і дзецьмі.

Памяць аб шматмільённых ахвярах сусветнай вайны павінна б прымусіць чалавецтва адмовіцца ад прымянення сілы. Знаходзіць мірныя і пазітыўныя метады вырашэння канфліктаў.

Аднак сённяшняе імкненне пэўных колаў выкарыстоўваць у палітыцы сілавыя метады, націск і эканамічныя санкцыі для прасоўвання сваіх інтарэсаў застаецца рэальнай крыніцай напружанасці.

Ідзе эскалацыя інфармацыйнай інтэрвенцыі. Без усялякага сораму ўзмацняецца маніпуляцыя грамадскай думкай. Нормай становіцца агульнае шальмаванне, у тым ліку ананімнае з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Уладныя людзі прымяняюць супраць непажаданых краін зброю масавага інфармацыйнага паражэння.

Мэта ўсяго гэтага — дыктат, навязванне палітычнай волі, уніфікацыя свету, прымушэнне народаў да новага светаўладкавання. Гэты "новы парадак" (сумна вядомы нам тэрмін!) прадугледжвае падзел свету на "залаты мільярд" і ўсіх астатніх — сіратлівых і ўбогіх, якія не маюць нават права голасу.

Нам узмоцнена і мэтанакіравана навязваюць бессаромныя сцэнарыі "каляровых рэвалюцый", напісаныя пад капірку ў сталіцах асобных краін. Мы разумеем, што мэта гэтых атак — пасеяць няўпэўненасць і трывогу, разбурыць грамадскую згоду. У канчатковым выніку — паставіць нас на калені і звесці да нуля ўсе заваёвы Незалежнасці.

Гэтага не будзе!

Мы выстаялі ў гады Вялікай Айчыннай, сваімі рукамі пераадолелі разруху, стварылі на сваёй цудоўнай зямлі прыгожую і гордую дзяржаву!

Мы даказалі сваё права "людзьмі звацца" і, як марылі нашы класікі-прарокі, занялі "свой пачэсны пасад між народамі".

Мы выстаім і сёння! Пераадолеем любыя цяжкасці і дастойна вытрымаем навязаныя нам выпрабаванні. Паколькі бяром сілы з невычэрпнай крыніцы традыцый нашага народа — смелага воіна і сумленнага працаўніка.

Паважаныя таварышы!

Наша шматвектарная знешняя палітыка, заснаваная на прынцыпах узаемапавагі, роўнасці і партнёрства, прадугледжвае як усебаковае супрацоўніцтва з нашай Расіяй, дзяржавамі былога Савецкага Саюза, так і развіццё ўзаемавыгадных адносін з іншымі саюзамі і краінамі.

Сярод нашых пастаянных прыярытэтаў — умацаванне абараназдольнасці краіны шляхам развіцця ўласных Узброеных Сіл, падтрыманне на належным узроўні боегатоўнасці рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, паслядоўнае ўзмацненне Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

  Кожны беларус можа быць упэўнены — сістэма нацыянальнай бяспекі заўсёды гатова надзейна абараніць канстытуцыйныя ўстоі, суверэнітэт дзяржавы, чыстае неба над нашай краінай і забяспечыць душэўны спакой людзей.

Слава беларускай арміі — нашай гордасці і надзейнаму гаранту мірнай працы!

Слава ветэранам і працаўнікам тылу Вялікай Айчыннай вайны!

Вечная слава героям, якія аддалі свае жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў!

Будзем жа дастойны іх вялікага подзвігу! Няхай жыве і мацнее любімая Радзіма!

Са святам! З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

Ура!

3 ліпеня 2011 г.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика