Аляксандр Лукашэнка: «Школа — зыходны пункт жыццёвых дарог». 21.by

Аляксандр Лукашэнка: «Школа — зыходны пункт жыццёвых дарог»

02.09.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

  Дзеці — самая галоўная каштоўнасць, і ў іх інтарэсах будзе развівацца нацыянальная сістэма адукацыі. Аб гэтым заявіў 1 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання сярэдняй школы ў Астрашыцкім Гарадку і ўдзелу ў святкаванні Дня ведаў.

 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава зробіць усё, каб горкія словы "сірата", "дзіцячы дом" назаўсёды зніклі з нашага жыцця. "Праз пяць гадоў 80 працэнтаў дзяцей, якія засталіся без бацькоў, будуць расці ў новых сем'ях, у атмасферы ласкі і дамашняга цяпла. Гэта стратэгія", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Да новага навучальнага года ў краіне адрамантаваны ўсе вучэбныя будынкі, выпушчаны мільёны падручнікаў, адкрыты сотні школьных базараў. У розных кутках краіны сёння ўпершыню расчынілі дзверы яшчэ сем новых сучасных школ. "Калі мы так упэўнена і дастойна сустракаем новы навучальны год, значыць, і ў астатніх сферах жыцця ўсё ў нас будзе нармальна", — упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для кожнага Дзень ведаў напоўнены асаблівым сэнсам і значэннем. "Нехта сёння з хваляваннем упершыню пераступіць парог класа, а для некага гэты навучальны год стане апошнім у сценах роднай школы. Але не сумняваюся, што любы з вас — ад першакласніка да дырэктара — сустракае гэты дзень з добрым настроем, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І мы пастараліся зрабіць так, каб па ўсёй краіне 1 верасня, паводле добрай беларускай традыцыі, стала яркім і незабыўным святам".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, каб пацвердзіць гэтыя словы, далёка хадзіць не трэба, дастаткова паглядзець на школу ў Астрашыцкім Гарадку. "Ці ж можна паверыць, што гэта старая, "сівая" школа, якой ужо 150 гадоў! Сёння гэта навучальная ўстанова перажывае другое нараджэнне", — сказаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер гэта сельская школа ні ў чым не ўступае гарадскім новабудоўлям. "І такіх школ у нас тысячы. Тут вы можаце атрымліваць якасную адукацыю і сур'ёзна займацца спортам, расці ў свеце хараства, гульні і творчасці", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

  "Не сумняваюся, што ў такім цудоўным месцы нават сцены будуць вам дапамагаць і натхняць на добрую вучобу. І вы дастойна прадоўжыце традыцыі Астрашыцка-Гарадоцкай школы, папоўніце яе летапіс выдатнымі адзнакамі і карыснымі справамі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да настаўнікаў і бацькоў школьнікаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Дзеці вераць у вас, як у самых моцных, добрых і справядлівых людзей на зямлі. Дык давайце будзем заўсёды падтрымліваць іх клопатам і любоўю. Перадайце дзецям усё лепшае, што ведаеце і ўмееце. І, вядома, вучыце іх вучыцца, самаўдасканальвацца і ісці наперад".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім яркіх поспехаў у вучобе і працы, новых дасягненняў, моцнага здароўя і шчасця.

Пасля заканчэння ўрачыстай лінейкі Прэзідэнт прайшоў у школу і азнаёміўся з тым, як тут арганізаваны навучальна-выхаваўчы працэс.

Кіраўнік дзяржавы наведаў інфармацыйна-метадычны кабінет, спартыўную і актавую залы, басейн, сталовую, пабываў у класах, дзе вучацца дзеці пачатковых і старэйшых класаў, у групах падоўжанага дня. Зайшоў Аляксандр Лукашэнка і ў кабінет, дзе будзе вучыцца яго малодшы сын Мікалай, і папрысутнічаў на першым уроку сына. Выбар на карысць Астрашыцка-Гарадоцкай школы для вучобы Мікалая быў зроблены з-за яе блізкага размяшчэння ад дома.

Дзелячыся ўражаннямі ад убачанага ў школе, Прэзідэнт адзначыў, што такім чынам і трэба абсталёўваць школы ў аграгарадках. "Кампактна, без лішняга. Гэта адзін з тыповых узораў школы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Добра, што выбралі аптымальны варыянт. Так трэба мадэрнізаваць і іншыя школы".

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што ў Беларусі трэба адмаўляцца ад малакамплектных школ, арганізуючы падвоз вучняў у больш буйныя.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тыя, хто выступае за захаванне невялікіх сельскіх школ, ніколі не аддалі б у яе сваё дзіця. "Ніхто б сваё дзіця не павёў у школу, дзе ў адным кабінеце сядзяць чатыры класы і адзін настаўнік, які за 45 мінут навучае ўсіх дзяцей", — сказаў ён. "Лепш затраціць грошы, каб падвозіць вучняў, але каб яны вучыліся ў нармальнай, паўнацэннай школе, каб атрымлівалі веды. А прафанацыі нам не патрэбны", — адзначыў Прэзідэнт. Так, у мінулым навучальным годзе для падвозу навучэнцаў выкарыстоўвалася амаль 1300 аўтобусаў.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанне дысцыпліны ў навучальных установах. На яго думку, яе трэба павышаць, асабліва ў сталічных школах. "Трэбы берагчы школу і падкручваць дысцыпліну і дзяцей, і настаўнікаў", — сказаў ён, дадаўшы, што ў сельскіх школах такой вастрыні гэтай праблемы яшчэ няма.

Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з бацькамі, чые дзеці сёння пайшлі ў гэту сельскую школу. Сярод іх была і прыёмная мама шасці дачок. Яна падзякавала калектыву школы за дапамогу ў выхаванні дзяцей. "Мае дзеці змяніліся", — сказала прыёмная мама.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт указаў на неабходнасць умацавання сувязяў паміж школай і прыёмнымі сем'ямі. "Адзінства дома сямейнага тыпу і школы павінна быць абавязкова", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што да канца пяцігодкі плануецца 80 працэнтаў дзяцей з інтэрнатаў перавесці ў такія сем'і. На яго думку, выхоўваючыся ў сям'і, яны будуць больш прыстасаваны да жыцця.

Кіраўніку дзяржавы на памяць аб наведванні школы падарылі фотакалаж "Астрашыцкі Гарадок". У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей школы. "Школа — гэта аснова ўсіх асноў, зыходны пункт жыццёвых дарог. Таму так важна, каб для кожнага вучня яна стала светлым і ўтульным домам, дзе пануе атмасфера радасці і дабра", — гаворыцца ў запісе.

Астрашыцка-Гарадоцкая школа заснавана ў 1863 годзе. Цяпер тут праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, на што затрачана амаль Br14 млрд. У трох першых класах школы будуць вучыцца 43 вучні. Усяго ж школу будуць наведваць 450 навучэнцаў.

У школе праводзяцца факультатыўныя заняткі, накіраваныя на вывучэнне навучальных прадметаў на павышаным узроўні, а таксама музычнай, мастацкай, тэатральнай, харэаграфічнай, спартыўнай накіраванасці. Усяго факультатыўнымі заняткамі ахоплена больш як 90 працэнтаў вучняў. Арганізавана работа гурткоў і спартыўных секцый. З мінулага навучальнага года ў школе арганізавана навучанне ў чатырох спецыялізаваных спартыўных класах — аддзяленнях па хакеі з шайбай Рэспубліканскага цэнтра падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы". Акрамя таго, у школе абсталяваны плавальны басейн. Выпускнікі разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі маюць магчымасць атрымаць пасведчанне аб прафесійнай падрыхтоўцы па адной са спецыяльнасцяў: вадзіцеля, трактарыста-машыніста, краўца, прадаўца. Педагогі школы таксама арганізоўваюць адукацыйны працэс у рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей, якія доўгі час знаходзяцца на лячэнні.

У 2011/2012 навучальным годзе ў краіне будзе функцыянаваць 3484 установы агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 215 гімназій, 29 ліцэяў, 44 вячэрнія школы. За парты ў гэтым годзе сядуць амаль 920 тыс. чалавек. Да 1 верасня адкрыюцца 7 школ-новабудоўляў, да канца 2011 года — яшчэ дзве. Усяго на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт устаноў адукацыі ў 2011 годзе выдзелена Br1,15 трлн.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзеці — самая галоўная каштоўнасць, і ў іх інтарэсах будзе развівацца нацыянальная сістэма адукацыі. Аб гэтым заявіў 1 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика