Аплата працы ў рэальным сектары эканомікі. 21.by

Аплата працы ў рэальным сектары эканомікі

15.09.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

сумесная оnlіnе канферэнцыя БЕЛТА і Мінпрацы і сацабароны на тэму "Практычнае прымяненне заканадаўства, якое рэгулюе пытаннi аплаты працы ў рэальным сектары эканомiкi" з удзелам першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Пятра Грушніка прайшла ўчора на сайтах www.bеltа.bу і www.mіntrud.gоv.bу.

Зарплата бюджэтнікаў індэксуецца ў абавязковым парадку

Заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый індэксуецца ў абавязковым парадку. Гэта ўстаноўлена заканадаўствам, паведаміў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік.

У цэлым умовы індэксацыі заработнай платы работнікаў залежаць ад таго, ці адносіцца арганізацыя, у якой яны працуюць, да бюджэтнай сферы або не, дадаў першы намеснік міністра.

Індэксацыя заработнай платы, якая выплачваецца з небюджэтных крыніц, у адпаведнасці з законам Беларусі "Аб індэксацыі даходаў насельніцтва з улікам інфляцыі" не з'яўляецца абавязковай для наймальніка. Рашэнне аб яе правядзенні прымаецца па ўзгадненні бакоў і можа быць замацавана ў любым лакальным нарматыўным прававым акце арганізацыі.

Работнікам, якія атрымліваюць зарплату на тэрыторыі рэспублікі з небюджэтных крыніц, пакрыццё страт ад інфляцыі ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі). У гэтым выпадку ўстаноўлены арганізацыяй механізм індэксацыі можа адрознівацца ад устаноўленага заканадаўствам — арганізацыя самастойна вызначае ўмовы надыходу індэксацыі і парадак яе правядзення, а таксама нарматыў індэксацыі.

Пётр Грушнік падкрэсліў, што заключэнне калектыўных дагавораў — гэта добраахвотнае волевыяўленне бакоў. Кантроль за выкананнем калектыўнага дагавора (пагаднення) ажыццяўляецца бакамі, а таксама спецыяльна ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы. Адказваючы на пытанне аб тым, куды звяртацца ў выпадку, калі ў калектыўным дагаворы ёсць пункт аб індэксацыі заработку, а прадпрыемства не выплачвае яе, Пётр Грушнік адзначыў, што член прафсаюза за абаронай сваіх інтарэсаў у першую чаргу можа звярнуцца ў пярвічную прафсаюзную арганізацыю, а таксама да наймальніка. У выпадку ўзнікнення працоўнай спрэчкі аб невыкананні ўмоў калектыўнага дагавора неабходна звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках, суд. Выплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, могуць быць праведзены ў адпаведнасці з рашэннем камісіі па працоўных спрэчках або судовым рашэннем.

Прапрацоўваецца пытанне аб пераглядзе абмежаванняў пры рабоце па сумяшчальніцтве

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі прапрацоўвае з зацікаўленымі пытанне аб мэтазгоднасці перагляду прадугледжаных працоўным заканадаўствам абмежавальных мер, у тым ліку пры выкананні работ па сумяшчальніцтве.

Трэба адзначыць, што антыкрызісным планам урада было прадугледжана распрацаваць праект указа, які прадугледжвае прадастаўленне права юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам прыцягваць па працоўных (грамадзянска-прававых) дагаворах работнікаў, якія знаходзяцца ў адпачынках без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы, прадастаўляемых па ініцыятыве наймальніка, без уліку асаблівасцяў, прадугледжаных працоўным заканадаўствам для работы па сумяшчальніцтве, і абмежаванняў, устаноўленых для заключэння такіх дагавораў індывідуальнымі прадпрымальнікамі. "Цяпер Міністэрства эканомікі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны прапрацоўвае пытанне аб падрыхтоўцы гэтага праекта ўказа", — адзначыў Пётр Грушнік.

У камерцыйнай арганізацыі могуць устанаўлівацца любыя сістэмы аплаты працы

"У адпаведнасці з заканадаўствам сістэмы аплаты працы ўстанаўліваюцца наймальнікам на падставе калектыўнага дагавора, пагаднення або працоўнага дагавора, — адзначыў Пётр Грушнік. — Таму наймальнік можа ўстанавіць любыя сістэмы аплаты працы: як агульнапрынятыя (здзельная, здзельна-прэміяльная, пагадзінная, пагадзінна-прэміяльная, акордная, ускосная здзельная), так і мадэрнізаваныя (у працэнце ад выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, фіксаваныя аклады), а таксама замежныя (грэйдынгавая, сістэма плаваючых акладаў)".

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны актыўна праводзіць работу па пераглядзе нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе пытанні аплаты працы ў рэальным сектары эканомікі. На сёння прынята 15, адменена 26 і ўнесена змяненняў у 13 нарматыўных прававых актаў. Такім чынам, зроблены захады па шляху выканання прынцыпу неўмяшання дзяржорганаў у гаспадарчую дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, а наймальнікі цяпер могуць устанаўліваць умовы аплаты працы не толькі на аснове Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Рэспублікі Беларусь, але і з прымяненнем іншых, альтэрнатыўных ёй сістэм аплаты працы. Гэта мера істотна зніжае дзяржаўнае рэгуляванне аплаты працы ў камерцыйных арганізацыях усіх форм уласнасці і, адпаведна, садзейнічае павышэнню прывабнасці ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці для замежных інвестараў.

Зарплата павінна выплачвацца ў нацыянальнай валюце

Заработная плата павінна выплачвацца работнікам у грашовых адзінках Рэспублікі Беларусь. Гэта рэгламентавана артыкулам 74 Працоўнага кодэкса, паведаміў Пётр Грушнік.

Адказваючы на пытанне аб правамернасці ўстанаўлення заработнай платы ва ўмоўных адзінках з выплатай у беларускіх рублях па вызначаным курсе, Пётр Грушнік адзначыў, што такое рашэнне прымаецца наймальнікам самастойна з улікам заканадаўства Беларусі.

Што датычыцца таго, як будуць лічыць па выніках года сярэднюю зарплату па рэспубліцы — у доларавым эквіваленце або ў беларускіх рублях, першы намеснік міністра працы і сацабароны праінфармаваў: "Паказчыкамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады, а таксама разліковымі балансавымі паказчыкамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 год даводзіцца толькі рост рэальнай заработнай платы і рэальных грашовых даходаў насельніцтва, а паказчык па ўзроўні намінальнай заработнай платы не даводзіцца".

Аптымальныя суадносіны зарплаты кіраўніка І сярэдняй зарплаты работнікаў 8:1

Аптымальнымі суадносінамі, якія не дапускаюць неабгрунтаванага расслаення даходаў кіраўніка і работнікаў, з'яўляецца 8:1, гэта значыць у сярэднім заработная плата кіраўніка не можа быць вышэйшая чым у 8 разоў за сярэднюю заработную плату работнікаў. Такое меркаванне выказаў Пётр Грушнік. Ён таксама падкрэсліў, што такога ж меркавання прытрымліваюцца і асобныя эксперты замежных краін. "Каэфіцыент суадносін сярэдняй заработнай платы кіраўніка і сярэдняй заработнай платы па арганізацыі ў цэлым застаецца абавязковым для выканання арганізацыямі ўсіх форм уласнасці і не можа перасягаць 8,0, — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства. — Пры апошнім удасканаленні ўмоў аплаты працы кіраўнікоў былі зменены толькі падыходы да ўстанаўлення гранічнага памеру каэфіцыента суадносін".

Так, рашэнне аб устанаўленні канкрэтнага памеру каэфіцыента прымаецца адносна кіраўнікоў дзяржарганізацый і арганізацый, у статутным фондзе якіх доля ўласнасці дзяржавы складае больш як 50 працэнтаў, уключаючы банкі, — да 6,0 уключна — самастойна органам, які заключыў кантракт; больш як 6,0 і да 8,0 уключна — па ўзгадненні з прэм'ер-міністрам. Адносна кіраўнікоў іншых арганізацый, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, з замежнымі інвестыцыямі і доляй уласнасці дзяржавы ў іх статутным фондзе 50 працэнтаў і менш, рашэнне прымаецца самастойна органам, які заключыў кантракт.

БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
сумесная оnlіnе канферэнцыя БЕЛТА і Мінпрацы і сацабароны на тэму "Практычнае прымяненне заканадаўства, якое рэгулюе пытаннi аплаты працы ў рэальным сектары...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика