Беларусь пацвярджае гатоўнасць супрацоўнічаць з замежнымі інвестарамі ў распрацоўцы калійных радовішчаў
09.12.2011
—
Новости Политики
|
Беларусь не спяшаецца з прыватызацыяй "Беларуськалія", але пацвярджае гатоўнасць супрацоўнічаць з замежнымі інвестарамі ў распрацоўцы калійных радовішчаў. Аб гэтым 8 снежня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні развіцця калійнай галіны, у ходзе якой былі разгледжаны вынікі і перспектывы работы акцыянерных таварыстваў "Беларуская калійная кампанія" і "Беларуськалій", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "Гаворачы аб прыватызацыі "Беларуськалія", я хачу сказаць, што мы тут абсалютна не спяшаемся. Нам не трэба прадаваць гэта прадпрыемства, ні адну акцыю, ні дзве, ні дзесяць, ні ўсе 100 працэнтаў, — заявіў Прэзідэнт. — Таму, калі хтосьці пачынае вішчаць, што вельмі высокая цана, ніхто ў беларусаў не купіць па такой цане "Беларуськалій", то і не трэба. Я хачу, каб гэта ведалі і нашы шахцёры". Што датычыцца кошту прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што ён ужо вызначаны і складае мінімум $30 млрд. "Хто жадае ўдзельнічаць у набыцці акцый гэтага прадпрыемства — калі ласка, будзем весці з вамі дыялог", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Радовішчы сільвінітавых руд — нацыянальны здабытак. Але гэта не значыць, што для паскарэння развіцця галіны мы не можам выкарыстоўваць замежны капітал, прыцягнуць інвестара, які мае самыя сучасныя перадавыя тэхналогіі. Тым больш што ёсць нямала буйных кампаній, якія прапануюць свой удзел у гэтым", — адзначыў Прэзідэнт. "Любы жадаючы інвеставаць сродкі можа прыняць удзел у конкурсе на сумесную работу па здабычы і перапрацоўцы калійных угнаенняў. Сумеснае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва мы толькі вітаем", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асаблівая ўвага да развіцця калійнай галіны звязана з яе значнасцю для забеспячэння валютнай бяспекі краіны і развіцця эканомікі ў цэлым. "Нельга не ўлічваць і той факт, што дзейнасць нашых прадпрыемстваў аказвае пэўны ўплыў на ўмовы гандлю калійнымі ўгнаеннямі на сусветным рынку", — лічыць Прэзідэнт. "Магчымасці і перспектывы развіцця ў нашага ключавога прадпрыемства шырокія. У будучым годзе запланаваны ўвод у эксплуатацыю першай чаргі Бярозаўскага, другой і трэцяй — Чырвонаслабодскага руднікоў. У 2015 годзе магутнасці ААТ "Беларуськалій" складуць не менш як 11 млн тон мінеральных угнаенняў. І гэта не мяжа", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Так, у гэтай пяцігодцы плануецца пачаць будаўніцтва Дарасінскага рудніка. За кошт асваення Петрыкаўскага радовішча і будаўніцтва там горна-ўзбагачальнага камбіната магутнасці павялічацца яшчэ на 3 млн тон калійных угнаенняў у год. Асваенне Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча і ўзвядзенне яшчэ аднаго калійнага камбіната забяспечаць агульны выпуск угнаенняў у аб'ёме больш як 15 млн тон. "Рэалізацыя гэтых праектаў павінна стаць прыярытэтнай задачай развіцця галіны. У сваю чаргу такое дынамічнае нарошчванне вытворчых магутнасцяў патрабуе ўжо сёння глыбока і ўсебакова прапрацоўваць сістэму гандлю, бесперабойных паставак на знешнія рынкі ўзрастаючага аб'ёму ўгнаенняў. Гэта важнейшая задача, таму што мы навучыліся вырабляць, але пакуль яшчэ не зусім навучыліся гандляваць і тут вялікія страты", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка назваў яшчэ дзве акалічнасці, якія неабходна прымаць пад увагу, ведучы размову аб перспектывах развіцця калійнай галіны. "Па-першае, усе мы бачым, што адбываецца ў сусветнай эканоміцы, з якімі праблемамі сутыкнуліся ў Еўропе, ЗША і ў іншых рэгіёнах планеты. Сусветны калійны рынак не можа не рэагаваць на гэта, што патрабуе ад нас грунтоўнага вывучэння новых тэндэнцый і вызначэння найбольш аптымальных метадаў работы. Асабліва ў плане продажу калійных угнаенняў", — адзначыў Прэзідэнт. "Па-другое, адбыліся змяненні ў структуры і ўласнасці двух сусветных вытворцаў калійных угнаенняў — "Сільвініта" і "Уралкалія". Цяпер там адзін гаспадар, і нам неабходна правільна выбудоўваць з ім узаемавыгадныя адносіны", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Развіццё калійнай галіны ў Беларусі знаходзіцца на асаблівым кантролі ў Прэзідэнта. Толькі сёлета Аляксандр Лукашэнка двойчы прымаў з дакладамі адказных службовых асоб па гэтым пытанні. Тады былі дадзены канкрэтныя даручэнні, якія датычацца асобных праблем у рабоце "Беларускай калійнай кампаніі" і "Беларуськалія". Ставілася задача дасягнуць большай эфектыўнасці і ўзгодненасці дзеянняў на сусветным калійным рынку. Аб выкананні гэтых даручэнняў на нарадзе Прэзідэнту далажыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Па выніках праведзенай размовы быў прыняты шэраг рашэнняў адносна работы калійнай галіны краіны ў 2012 годзе і перспектыў яе далейшага развіцця. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь не спяшаецца з прыватызацыяй "Беларуськалія", але пацвярджае гатоўнасць супрацоўнічаць з замежнымі інвестарамі ў распрацоўцы калійных радовішчаў....
|
|