Улады павінны ствараць умовы для арганізацыі прыватнымі інвестарамі новых вытворчасцяў
26.04.2012
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навесці парадак у вёсках і на прадпрыемствах. Такую задачу ён паставіў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, перадае БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, пад'язджаючы да гарадскога пасёлка Круглае, бачыў не прыведзеныя ў парадак вёскі. "Трэба прымусіць усіх навесці парадак! А то ў нас культура, як у расіян. Тое ж датычыцца і прадпрыемстваў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Калі насельніцтва не разумее, што трэба наводзіць парадак на сваім участку і не кідаць, як гэта некалі было, за плот на калгаснае поле, калі гэта хто-небудзь да гэтага часу не разумее, дык я сказаў: гэта вясна — тэрмін, і павінен быць парадак", — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён асабліва звярнуў увагу на тое, што мясцовыя ўлады не павінны рабіць грамадзянам перашкоды пры іх работах на асабістых участках, ствараючы розныя прадпісанні. "Не перашкаджайце людзям наводзіць парадак на зямлі. Не трэба людзям забараняць спальваць смецце на сваім падворку. Вызначце дзень, калі хочаце, калі яны могуць гэта рабіць. Усё жыццё людзі спальвалі ў сябе ў дварах старыя рэчы, галлё — не, МНС забараніла, ходзяць па вёсцы, сочаць, не даюць людзям навесці парадак. Ну што гэта за глупства такое?! Таму па ўсёй краіне не перашкаджайце людзям", — падкрэсліў Прэзідэнт. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу мясцовых улад на прывядзенне ў парадак неперспектыўных вёсак. "Трэба развіваць цэнтральныя сядзібы. Вёсачкі трэба прыводзіць у парадак. Тады і дзеці старых пацягнуцца ў вёскі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "У нас не загружаны старшыні райвыканкамаў. Няхай зоймуцца гэтым пытаннем", — даручыў ён. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сельгасарганізацыі Беларусі сёння могуць інвеставаць ва ўласнае развіццё. Прэзідэнт звярнуў увагу на няўхільнасць выканання даручэння аб тым, што да канца гэтага года ў кожнай гаспадарцы павінна быць рэканструявана або пабудавана адна паўнацэнная ферма. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гаспадаркі могуць гэта зрабіць. Як было даложана Прэзідэнту, у Магілёўскай вобласці за тры гады плануецца пабудаваць 100 ферм з паэтапным увядзеннем у строй. "У нас ёсць спіс ферм, якія мы павінны мадэрнізаваць. Будзе яна вырастаць са старой або на яе месцы пабудуюць новую — гэта справа кожнай гаспадаркі. Пра грошы мне не гаварыце — гэта не мой клопат", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Калі мы гэта зробім, гэта будзе прарыў", — дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка пабываў на малочнатаварнай ферме "Елькаўшчына" СВК "Круглянскі Рассвет", якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў студзені 2012 года. Пры яе будаўніцтве асвоена Br36 млрд інвестыцый. Ферма разлічана на ўтрыманне 768 галоў кароў. З пачатку года тут атрымана 185 тон малака. Рэалізавана малака гатунку "Экстра" і вышэйшага 95 працэнтаў ад агульнага аб'ёму продажаў. Рэнтабельнасць продажаў склала 31,3 працэнта. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў распаўсюдзіць у краіне вопыт развіцця малых і сярэдніх гарадоў з дапамогай горадаўтваральных прадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы назваў у якасці прыкладу для пераймання Круглянскую ПМК № 266, якую ён наведаў."Гэты вопыт з падтрымкай сацыяльнай сферы трэба пераносіць на іншыя раёны, так павінны працаваць усе будаўнічыя і іншыя арганізацыі ў райцэнтрах, якія з'яўляюцца горадаўтваральнымі", — падкрэсліў Прэзідэнт. "У кожным раёне неабходна вызначыцца, каб горадаўтваральная арганізацыя развівала не толькі сваю вытворчасць, але і сацыяльную сферу. Я паўтараць не буду: паўтара года — і каб так было ва ўсіх раёнах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На прыкладзе Круглянскай перасовачнай механізаванай калоны № 266 кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з рэалізацыяй праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў вопыт работы прадпрыемства па будаўніцтве аб'ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння, добраўпарадкаванні г.п. Круглае. Як адзначыў Прэзідэнт, усе ПМК у краіне павінны пераняць вопыт работы круглянскіх калег па эфектыўнасці работы, дыферэнцыяцыі вытворчасці і сацыяльнай нагрузцы. Мясцовыя ўлады павінны дапамагаць прыватным інвестарам ствараць новыя вытворчасці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, наведваючы СТАА "Прайд-Юніён". "Не аб прыватызацыі трэба крычаць, а даваць магчымасць інвестарам ствараць тут новыя вытворчасці", — сказаў Прэзідэнт. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, "сюды прыйдуць людзі і будуць працаваць". На яго думку, галоўнае — не перашкаджаць ім, а дапамагаць. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што мясцовыя ўлады павінны вітаць прыход інвестараў і дапамагаць ім. "Такія прыватнікі не падманваюць. Уклаўшы свае грошы, яны будуць працаваць", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На кандытарскай фабрыцы СТАА "Прайд-Юніён" вырабляюцца тарты, пірожныя, рулеты, бісквіты, круасаны, здобныя хлебабулачныя вырабы. Гэта новае прадпрыемства, якое будуецца за кошт замежнага капіталу (прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі $1,73 млн). Пры запуску першай чаргі на прадпрыемстве будзе занята 60 чалавек (цяпер — 28), а ў перспектыве плануецца задзейнічаць тут 200 чалавек. Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў вопыт расійскага інвестара і сказаў, што калі будзе жаданне пабудаваць аналагічнае прадпрыемства ў іншых рэгіёнах краіны, то дзяржава дапаможа інвестару ў гэтым. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навесці парадак у вёсках і на прадпрыемствах. Такую задачу ён паставіў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую...
|
|