Сістэма нацбяспекі павінна забяспечваць аператыўнае рэагаванне на любыя выклікі
27.07.2012
—
Новости Политики
|
Сістэма нацыянальнай бяспекі Беларусі павінна забяспечваць адэкватнае і аператыўнае рэагаванне на любыя выклікі і пагрозы. Аб гэтым заявіў 26 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане работы па прывядзенні Узброеных Сіл і Дзяржпагранкамітэта Беларусі ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў пачатку года была дамоўленасць на працягу прыкладна паўгода разгледзець пытанні рэфармавання і прывядзення сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі. Прэзідэнт дадаў, што ў хуткім часе плануецца разгледзець таксама пытанні ўдасканалення структуры органаў пракуратуры і іх узаемадзеяння са Следчым камітэтам, рыхтуюцца канкрэтныя прапановы па рэфармаванні сістэмы органаў унутраных спраў, выпрацоўваюцца шляхі далейшага ўдасканалення дзейнасці іншых сілавых органаў і структур. У цэнтры ўвагі цяперашняй нарады былі пытанні забеспячэння ваеннай і пагранічнай бяспекі. "Тое, што мы ўдзяляем вялікую ўвагу гэтай рабоце, абумоўлена перш за ўсё міжнароднай абстаноўкай. Мы жывём у вядомы час. З'яўленне новых геапалітычных выклікаў, эканамічных і палітычных пагроз бяспецы сталі характэрнымі рысамі сучаснага свету. Ва ўмовах глабалізацыі любыя негатыўныя тэндэнцыі распаўсюджваюцца вельмі хутка, нягледзячы на геаграфічныя межы", — сказаў Прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, прыкладаў таго дастаткова — гэта сітуацыя на Блізкім Усходзе, у Сірыі, націск на Іран і іншыя. "На змену традыцыйным спосабам вядзення вайны прыходзяць спецыяльныя, у тым ліку інфармацыйна-псіхалагічныя, аперацыі і падрыўныя акцыі. У іх усё часцей задзейнічаны добра падрыхтаваныя групы экстрэмісцкай накіраванасці. Пад патранажам шматлікіх арганізацый, фармальна дзеючых пад флагам распаўсюджвання дэмакратыі, вырошчваюцца, кансалідуюцца і накіроўваюцца ў патрэбнае замежным гаспадарам рэчышча ўнутраныя дэструктыўныя сілы". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія рэаліі вымушаюць кіраўніцтва Беларусі больш пільна сачыць за станам сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аператыўна прымаць рашэнні па ключавых пытаннях. "Гэта асабліва важна ў перыяд правядзення палітычных кампаній, калі найбольш актывізуюцца знешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы, мякка кажучы", — лічыць Прэзідэнт. "Восенню нам трэба будзе правесці чарговыя парламенцкія выбары. Гэта якраз той момант, калі адбываецца актывізацыя як за межамі краіны, так і ўнутры тых, хто страшна ненавідзіць нашу Беларусь і каму не падабаецца існуючы стан спраў. Задача ўсіх тут прысутных забяспечыць магчымасць свабоднага волевыяўлення грамадзян у спакойнай абстаноўцы і ў строгай адпаведнасці з беларускімі законамі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт запатрабаваў ад міністра абароны далажыць аб бягучым стане спраў беларускай арміі. "Неабходна даць прынцыповую ацэнку, наколькі яе аблічча адпавядае патрабаванням сучаснасці, якія існуюць праблемныя пытанні ў яе мадэрнізацыі і развіцці, якія шляхі іх вырашэння найбольш мэтазгодны ў кантэксце нашых эканамічных магчымасцяў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні, дадзеныя пры зацвярджэнні рашэння на забеспячэнне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і забеспячэнне пагранічнай бяспекі краіны на гэты год, ці ўсё робіцца ў тэрмін, з належнай актыўнасцю і ініцыятывай. "Канкрэтна быў дадзены шэраг даручэнняў, каб мы пільна паглядзелі на ўжо рэфармаваную некалькі гадоў таму беларускую армію, таму што сітуацыя, мы гэта бачым і па арабскай вясне, і па Сірыі, сёння імгненна змяняецца, і армія павінна быць прыстасавана да гэтай сітуацыі, калі не дай бог што здарыцца", — адзначыў Прэзідэнт. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, сённяшняя сітуацыя не надзвычайная, аднак ёсць некаторыя насцярожваючыя моманты: "Адзначаны рост злачыннасці, у тым ліку карупцыйнай, у тым жа пагранічным ведамстве, што недапушчальна". "Як растлумачыць правакацыю з лёгкаматорным самалётам, які не толькі перасёк граніцу, але і беспакарана праляцеў на тэрыторыю Беларусі? Гэта ж у першую чаргу — бяспека нашых грамадзян. Гэты самалёт быў своечасова выяўлены. Але чаму начальнікі не спынілі яго палёт? Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў або памылкі ў самой сістэме аховы дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Пры гэтым хачу сумленна і адкрыта сказаць тым, хто вельмі цікавіцца гэтым пытаннем і прысутным тут: вінаватыя ў гэтым павінны адказваць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — З прыняццем рашэнняў, як бачыце, я не спяшаўся па вашай просьбе. Вы хацелі гэты выпадак дасканала расследаваць. Як я бачу, ён расследаваны, і вінаватыя за гэта павінны панесці адказнасць. Мною будзе прынята рашэнне пасля гэтай нарады, у тым ліку і кадравыя рашэнні". "Вынікам комплексу прымаемых мер павінна стаць паслядоўнае ўмацаванне сістэмы нацыянальнай бяспекі і забеспячэнне адэкватнага аператыўнага рэагавання на любыя выклікі і пагрозы, адкуль бы яны ні ішлі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнікі Міністэрства абароны і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта далажылі Прэзідэнту аб прывядзенні Узброеных Сіл і падраздзяленняў пагранведамства ў стан, адпаведны сучаснай абстаноўцы. Па выніках нарады вызначаны канкрэтныя меры па эфектыўным забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Беларусі. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сістэма нацыянальнай бяспекі Беларусі павінна забяспечваць адэкватнае і аператыўнае рэагаванне на любыя выклікі і пагрозы. Аб гэтым заявіў 26 ліпеня Прэзідэнт...
|
|