Аляксандр Лукашэнка: "Пытанні развіцця адукацыі заўсёды будуць у цэнтры ўвагі дзяржавы"
04.09.2012
—
Новости Политики
|
Пытанні развіцця адукацыі з'яўляюцца і заўсёды будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. Аб гэтым заявіў 1 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на свяце, прысвечаным Дню ведаў, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, паведаміла прэс-служба беларускага лідара. Па традыцыі ў гэты дзень кіраўнік дзяржавы наведвае навучальныя ўстановы краіны. У гэтым годзе Прэзідэнт пабываў на факультэце міжнародных адносін БДУ, новы будынак якога стаў доўгачаканым падарункам для студэнтаў і выкладчыкаў факультэта. Як паведаміў рэктар ВНУ Сяргей Абламейка, у склад Белдзяржуніверсітэта ўваходзяць 16 факультэтаў, 10 адукацыйных інстытутаў, ліцэй і каледж, 4 навукова-даследчыя інстытуты, 9 навуковых цэнтраў, 41 навукова-даследчая лабараторыя, 11 вытворчых прадпрыемстваў, 178 кафедраў, 3 вучэбна-доследныя станцыі, 3 музеі. У сусветным рэйтынгу ВНУ, які складзены шэрагам замежных агенцтваў, БДУ ўваходзіць у 600 лепшых універсітэтаў свету. Развіваюцца міжнародныя сувязі ўніверсітэта. У БДУ дзейнічаюць больш як 270 дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве больш чым з 50 краінамі. Цяпер у ВНУ вучацца каля 2 тыс. замежных грамадзян з 53 краін. Плануецца, што ў 2012 годзе даходы БДУ складуць амаль Br900 млрд. У 2011/2012 навучальным годзе ў БДУ вучыліся звыш 25,5 тыс. студэнтаў, 820 аспірантаў, 21 дактарант. За сродкі бюджэту ў ВНУ вучацца 40 працэнтаў студэнтаў. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі выпускнікоў ВНУ працаўладкоўваюцца, і даручыў падрыхтаваць адпаведную справаздачу. "Дайце мне гэтыя даныя, калі яны ёсць. А так мы можам пераўтварыцца ў звычайную кузню. Гэта грамадзяне Беларусі, гэта студэнты, якія атрымалі адукацыю. І для таго, каб зрабіць вывады — колькі нам патрэбна студэнтаў, больш, менш — мы павінны бачыць карціну. Але без усялякіх нацяжак: няма работы — значыць, няма, ёсць — значыць, ёсць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама лічыць, што ў краіне наспела неабходнасць скарачэння набору ў ВНУ, паколькі існуе некаторы перакос у падрыхтоўцы спецыялістаў: з вышэйшай адукацыяй іх лішак, а па рабочых спецыяльнасцях не хапае. На аналіз сітуацыі кіраўнік дзяржавы адвёў год. "За год мы павінны адрэгуляваць гэты працэс. Гэта будзе больш сумленна перад людзьмі — набіраць столькі студэнтаў, колькі нам неабходна. Таму на працягу гэтага года ў спакойнай абстаноўцы мы прымем адпаведнае рашэнне", — сказаў Прэзідэнт. У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба ісці па шляху павышэння платы за навучанне. "Нядобра, калі мы ідзём шляхам павышэння платы за адукацыю. Яна ў нас сапраўды, напэўна, немалая, але гэта ўсё ж далёка не тая плата, якая нават у Расіі, іншых дзяржавах", — адзначыў Прэзідэнт. Звяртаючыся да студэнтаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што важна не толькі набываць веды, але таксама быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны: "Мне вельмі важна, і дзяржаве яшчэ важней, якімі вы будзеце прафесіяналамі з пункту гледжання ведаў, якія вы атрымаеце ў ВНУ. Але значна важней вашы перакананні. Вы павінны быць патрыётамі нашай краіны. Гэта галоўнае". Аляксандр Лукашэнка пажадаў студэнтам ВНУ захаваць на ўсе гады вучобы той энтузіязм, які ў іх ёсць. "Кажуць, у навуцы няма стаўбавых дарог, і каб дасягнуць яе бліскучых вяршынь, трэба карабкацца па нязведаных і непрыступных скалах. Захоўвайце ж вернасць мары, упарта імкніцеся да пастаўленай мэты — і вашы жаданні абавязкова збудуцца", — адзначыў Прэзідэнт. Звяртаючыся да выкладчыкаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ім выпала ганаровая місія — закладваць інтэлектуальны, духоўны фундамент маладога пакалення, за якім будучае Беларусі. "Вам не проста рыхтаваць выдатных прафесіяналаў, але асабістым прыкладам, сілай сваіх перакананняў выхоўваць дастойных грамадзян, якія гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Журналісты папрасілі Прэзідэнта даць сваю ацэнку перадвыбарнай кампаніі ў парламент і, у прыватнасці, дзеянням кандыдатаў, якія адносяць сябе да апазіцыі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сапраўдная апазіцыя будзе змагацца да канца, а не байкатаваць выбары. "Апазіцыя будзе змагацца, пятая калона — дэстабілізаваць абстаноўку, у тым ліку і такімі метадамі", — сказаў Прэзідэнт. "Тое, што апазіцыя можа карыстацца піярам, — гэта ў палітыцы нармальна. Але калі ты неяк пазіцыянуеш сябе, прапануеш за цябе галасаваць, паказваеш тавар лепшым бокам, паказваеш сябе народу, то трэба ісці да канца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі б гэта была сапраўдная апазіцыя, яна змагалася б да канца". "Калі ты проста бразгаеш языком, значыць, ты выконваеш чыйсьці заказ або хочаш пакрасавацца некаторы час перад людзьмі", — дадаў Прэзідэнт. "Таму я часта кажу: гэта не апазіцыя. Апазіцыя будзе змагацца, змагацца за ўладу, за інтарэсы народа або яшчэ за нешта. А гэта пятая калона, яны дзейнічаюць у інтарэсах пэўных сіл, якія часам знаходзяцца за межамі нашай краіны", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што калі чалавек першапачаткова не верыць у сваю перамогу на выбарах, то ён не павінен вылучацца кандыдатам. "Мы ж нікога не прымушаем", — заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Таму няма тут ніякай апазіцыйнасці. Ёсць работа, абсурдная, каб разбурыць у даным выпадку гэты працэс, а калі пашанцуе, то і краіну. Але я часта кажу: гэтага не будзе! Не атрымаецца", — падкрэсліў Прэзідэнт. У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ён вельмі далёкі ад перадвыбарнай кампаніі. "Мне сёння не да так званай апазіцыі, не да вялікай уцягнутасці ў перадвыбарную кампанію. Ёсць людзі, якія паспяхова гэтым займаюцца. У мяне ёсць больш важныя пытанні, якія сёння павінен вырашыць. Калі яны будуць вырашаны, тады і наша апазіцыя будзе такая, якая яна ёсць", — сказаў Прэзідэнт. Журналісты таксама спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, што неабходна зрабіць для таго, каб Беларусь была больш прывабнай у інвестыцыйным плане, і ці не паўплывае негатыўна недахоп прыцягнення замежных інвестыцый на развіццё эканомікі. "Для таго, каб Беларусь была больш прывабнай для замежных інвестараў, мы ўжо больш нічога не зробім. Наўрад ці што-небудзь нам і трэба рабіць. Мы стварылі ідэальныя ўмовы для інвестараў, — адзначыў Прэзідэнт. — Сёння галоўнае ўжо нават не падаткі і гэтак далей. Галоўнае — спакой, стабільнасць у краіне, магчымасць укласці грошы і займацца бізнэсам". Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што важна прыцягваць не толькі замежныя, але і ўнутраныя інвестыцыі: "Тое, што інвесціруюць іншаземцы, — гэта добра. Але не забывайце, што прыбытак не наш. Яны інвесціравалі, выкарыстоўвалі нашу зямлю, рэсурсы, асабліва працоўныя, нешта нам тут заплацілі і ўвесь прыбытак вывезлі. Мы гэтаму не перашкаджаем". "У нас значна больш сёння ўнутраных інвестыцый (ёсць вялікі рост, дынаміка) нашых бізнэсменаў, прадпрымальнікаў, дзяржпрадпрыемстваў і бюджэтныя інвестыцыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму давайце не будзем глыбока смуткаваць і спяшацца ўсё раздаць іншаземцам. Давайце паглядзім на сваіх, такіх многа". "Другія — гэта расіяне, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Прыстойныя расіяне. Непрыстойныя проста сюды не пойдуць, яны ведаюць мае адносіны да гэтага, праводзімую палітыку. А прыстойных таксама дастаткова". Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, інвестыцыі — гэта мадэрнізацыя, будаўніцтва. Яшчэ адно пытанне датычылася перспектыў далучэння Кыргызстана да Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Прадстаўнікоў СМІ цікавіла, ці не створыць праблем слабая эканоміка Кыргызстана для іншых удзельнікаў інтэграцыйнага аб'яднання. "Нядаўна Казахстан падтрымаў Кыргызстан у імкненні далучыцца да Мытнага саюза. Нядаўна і я такую пазіцыю выказаў. Але мы ім адразу сказалі: калі вы пройдзеце ўвесь шлях у цяперашнюю АЭП (а гэта масіў дакументаў, якія распрацаваны, і трэба да іх далучыцца, ратыфікаваць, зрабіць іх законамі), тады мы разгледзім і прымем рашэнне, быць вам членамі ці не", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Само імкненне Кыргызстана далучыцца да Мытнага саюза і АЭП, паводле слоў Прэзідэнта, трэба падтрымліваць. "Але будзеш ты членам гэтага будучага Еўразійскага эканамічнага саюза ці не — гэта вялікае пытанне. Яшчэ многае трэба зрабіць Кыргызстану, каб стаць членам АЭП", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Што датычыцца аналогіі з інтэграцыяй на прасторы Еўрасаюза, дзе аб'яднанне моцных эканомік са слабымі выклікала фінансавыя і эканамічныя праблемы, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў АЭП пакуль немагчыма ўзнікненне такой сітуацыі. Гэта ў тым ліку абумоўлена адсутнасцю адзінай валюты. "У нас пакуль гэтага няма. Таму нам баяцца няма чаго. Але слабая эканоміка ўплывае і на больш моцныя, стварае праблемы для гэтых дзяржаў. Таму, прымаючы гэта рашэнне, мы, безумоўна, будзем гэта ўлічваць. Але гэта не заўтрашняга дня праблема", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пытанні развіцця адукацыі з'яўляюцца і заўсёды будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. Аб гэтым заявіў 1 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на...
|
|