Аляксандр Лукашэнка: "У 2013 годзе неабходна выйсці на траекторыю выканання паказчыкаў усёй пяцігодкі". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "У 2013 годзе неабходна выйсці на траекторыю выканання паказчыкаў усёй пяцігодкі"

12.09.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускай эканоміцы ў 2013 годзе неабходна выйсці на траекторыю выканання паказчыкаў усёй пяцігодкі. Аб гэтым учора, прымаючы ўрад і Нацбанк з дакладам аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2012 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 год, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"2013 год для нас асаблівы. У гэты перыяд мы павінны выйсці на траекторыю выканання паказчыкаў усёй пяцігодкі ў цэлым, выйсці на дынаміку росту якасці і ўзроўню жыцця нашых грамадзян, якія мы вызначылі раней. Гэта важнейшая мэта. У гэтым сутнасць і сэнс далейшага развіцця як рэальнага сектара, так і сацыяльнай сферы", — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што ўсе планы павінны мець пад сабой рэальную аснову. "Таму, перш чым перайсці да прагнозаў, мы павінны выявіць найбольш вострыя праблемы, намеціць меры па забеспячэнні дастойнага завяршэння гэтага года і стварэнні зачыну на наступны, як бы цяжка нам гэта ні было", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Вынікі работ у гэтым годзе дэманструюць стабільнае развіццё эканомікі на макраўзроўні. Расце выпуск прадукцыі ў прамысловасці (тэмп росту — амаль 109 працэнтаў), у сельскай гаспадарцы (больш за 107 працэнтаў). "Мы маем бездэфіцытны бюджэт, стабільныя золатавалютныя рэзервы ў памеры крыху больш за $8 млрд", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацвердзіў планы па дасягненні да канца года сярэдняй зарплаты па краіне ў памеры $500. На 17,5 працэнта ўзрастуць рэальныя грашовыя даходы насельніцтва і на 21,5 працэнта — рэальная зарплата.

"Аднак трэба адкрыта сказаць, што сёння гэтыя вынікі нас ужо не задавольваюць. Таму што не вырашаны шэраг праблем, якія істотна стрымліваюць дынамічнае развіццё краіны", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Так, 4 з 12 важнейшых паказчыкаў прагнозу на 2012 год пакуль не выконваюцца, у тым ліку галоўны — па ВУП, тэмп росту якога складае амаль 103 працэнты замест 105,5 працэнта па прагнозу.

Акрамя таго, насельніцтва па-ранейшаму хвалюе рост цэн. Сур'ёзную заклапочанасць, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, выклікае зніжэнне або замаруджванне тэмпаў росту экспарту шэрагу важнейшых тавараў. Ёсць і іншыя праблемы, на неабходнасць вырашэння якіх Прэзідэнт звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады.

"Хачу папярэдзіць кожнага члена ўрада і губернатара: задачы гэтага года і зачын на наступны павінны быць забяспечаны безагаворачна. На ўсіх узроўнях дзяржаўнай вертыкалі трэба ўвесці татальную мабілізацыю кадраў для вырашэння абазначаных пытанняў", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладнага адказу на шэраг пастаўленых пытанняў ад дакладчыкаў: "Якія канкрэтна меры прымаюць урад і Нацбанк па вырашэнні існуючых праблем? Як аб'ектыўна ацэньваецца сітуацыя бягучага і наступнага гадоў? Ці з'яўляецца прапанаваны прагноз сапраўды напружаным для ўсіх сектараў эканомікі і фінансавай сферы? Ці не спрашчаем мы сабе задачу? І ўсё гэта, вядома, у праекцыі на неабходнасць выканання пяцігодкі".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў больш актыўна мадэрнізаваць прадпрыемствы краіны з арыентацыяй на выпуск імпартазамяшчальнай і экспартнаарыентаванай прадукцыі.

"Мною дадзена даручэнне да канца года завяршыць усе арганізацыйныя работы па комплекснай мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта значыць у кожнага кіраўніка прадпрыемства на стале павінен ляжаць план мадэрнізацыі гэтага прадпрыемства з выхадам на выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, арыентаванай, перш за ўсё, на імпартазамяшчэнне і экспарт. Гэта галоўнае", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Пракаповіч (<І>памочнік Прэзідэнта Пётр Пракаповіч. — Заўвага БЕЛТА) вернуты да актыўнай дзейнасці на высокім узроўні, і яму даручана гэта задача. Гэта яго галоўная задача — праверыць кожнае прадпрыемства на прадмет мадэрнізацыі, наяўнасць канкрэтнага плана з выхадам на выпуск прадукцыі самага высокага ўзроўню. Гэта маё даручэнне яму, якое перададзена ва ўрад, — адзначыў Прэзідэнт. — Калі мы не мадэрнізуем наша прадпрыемства, не зарыентуем на выпуск сучаснага тавару, нам тут рабіць няма чаго. Нам жыццёва неабходна да 2015 года дасягнуць выручкі ў сярэднім на аднаго занятага не менш як $60 тыс. Вось канкрэтны паказчык. Выручка — тут не прыпішаш".

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сёння на справе рэалізуецца асноватворны прынцып "давай прарыўны праект — грошы будуць". "Праект павінен быць акупны, арыентаваны ў будучыню. Толькі пад такі праект і іншаземцы грошы дадуць, і ўнутры краіны мы іх знойдзем. Проста так ніхто не дасць", — падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сур'ёзную заклапочанасць выклікае зніжэнне або запавольванне росту экспарту такіх важнейшых тавараў, як аўтамабільная, сельскагаспадарчая і бытавая тэхніка, прадукцыя металургіі і дрэваапрацоўкі. Многія галіны прамысловасці па-ранейшаму сутыкаюцца з праблемай затаваранасці складоў. Няма істотных паляпшэнняў у сітуацыі з разлікамі ў эканоміцы. "З пачатку года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць у цэлым па краіне вырасла на 30 працэнтаў, пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць — на 32,5 працэнта. Гэта намнога вышэй за інфляцыю за гэты перыяд, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Асноўнымі даўжнікамі беларускіх арганізацый працягваюць заставацца суб'екты гаспадарання Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым пратэрмінаваныя даўгі расіян перасягнулі запазычанасць беларускіх арганізацый (перад расійскімі партнёрамі.Заўвага БЕЛТА) у два разы. Гэта ненармальна, калі мы, маючы значна менш фінансавых сродкаў, непараўнальна менш, чым Расія, крэдытуем гаспадарчую дзейнасць нашых партнёраў. Дарэчы, не толькі ў Расійскай Федэрацыі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недахоп уласных рэсурсаў і высокія стаўкі па крэдытах стрымліваюць інвестыцыйную дзейнасць. У сувязі з гэтым ён таксама назваў насцярожваючай сітуацыю ў рэгіёнах: "Даводзіцца канстатаваць, што губернатарамі ўдзяляецца недастаткова ўвагі развіццю рэальнага сектара, слаба вядзецца інвестыцыйная работа". Так, на прагназуемае значэнне росту валавога рэгіянальнага прадукту змаглі выйсці толькі Віцебская і Мінская вобласці, прычым Віцебская — пераважна за кошт нафтахімічнага комплексу.

"Практычна ўсе рэгіёны цягне назад будаўнічы комплекс. Падобна, што нашы міністры і губернатары ў папярэднія гады прывыклі толькі асвойваць выдзеленыя з бюджэту сродкі. А дзе ваша канкрэтная работа?" — спытаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на некаторыя праблемы ў жывёлагадоўлі. Ужо выразна праявілася тэндэнцыя зніжэння аб'ёмаў рэалізацыі на забой буйной рагатай жывёлы.

"Нам неабходна комплекснае развіццё тэрыторый, уключаючы прамысловасць і сферу паслуг. Ні ўраду, ні губернатарам не варта прыкрывацца недахопам грашовых сродкаў. Толькі па кітайскіх крэдытах у нас адкрыта фінансаванне больш як на $8 млрд. Але крэдытныя сродкі, вядома, будуць накіроўвацца толькі на прарыўныя ў тэхналагічных адносінах праекты".

БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускай эканоміцы ў 2013 годзе неабходна выйсці на траекторыю выканання паказчыкаў усёй пяцігодкі. Аб гэтым учора, прымаючы ўрад і Нацбанк з дакладам аб рабоце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика