У Беларусі ствараецца дзяржкамісія па рэфармаванні органаў дзяржаўнай улады. 21.by

У Беларусі ствараецца дзяржкамісія па рэфармаванні органаў дзяржаўнай улады

02.10.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым 1 кастрычніка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

"Мінула, відаць, ужо дастаткова часу для таго, каб вы не проста ўвайшлі ў курс справы, а разабраліся з той сітуацыяй, якая складваецца ў МУС і падпарадкаваных структурах. На вашы плечы ўскладзена цяжкая задача па рэфармаванні МУС, — сказаў Прэзідэнт. — Я ўжо ўдакладняў гэту задачу публічна ў агульных рысах: нам не патрэбна ніякая ломка МУС, а таксама перайменаванняў, фармальных мерапрыемстваў быць не павінна. Мы павінны спакойна правесці гэта рэфармаванне, зрабіўшы некалькі крокаў. Калі мы гатовы зрабіць першы крок у нейкім напрамку, значыць, мы павінны зрабіць, не разбураючы структуру, не парушаючы прынцыпаў работы міліцыі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў працэсе рэфармавання не павінна быць дэстабілізавана сама работа МУС. Больш таго, яна павінна быць палепшана. "Яна павінна быць больш эфектыўнай", — адзначыў Прэзідэнт.

"Ну а самае галоўнае — мы ні ў якім выпадку не павінны пакрыўдзіць людзей у пагонах. Гэта не нейкі папулісцкі лозунг — так сапраўды павінна быць. Таму што яны ж нікуды не дзенуцца, застануцца ў нашым грамадстве. А гэта найбольш уплывовыя людзі, да іх грамадства прыслухоўваецца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму крыўдзіць людзей ні ў якім выпадку нельга. "Крыўдзіць" можна тых, хто не хоча працаваць, хто здраджвае інтарэсам службы. Вось з такімі трэба без шкадавання расставацца. Але калі хтосьці памыліўся, трапіў у міліцыю не па закліку сэрца, няхай ён ідзе на іншую работу".

"Мы павінны пакінуць здаровы, моцны не проста касцяк, а кулак у МУС, які дастойна будзе несці сваю службу і ў аснову не будзе ставіць нават грашовае забеспячэнне. Гэта, вядома, важна, але ён павінен найперш гаварыць аб службе. Я ўжо гаварыў, што вельмі дрэнна ўспрымаю ваенных, якія перш чым гаварыць аб службе, аб сваім абавязку, пачынаюць крычаць аб зарплаце і кватэрах. Зразумела, што гэтыя пытанні мы павінны вырашаць, і мы іх будзем вырашаць. Але, рэфармуючы МУС, падпарадкаваныя структуры, міліцыю наогул, мы павінны вельмі акуратна да гэтага падыходзіць. Лепш не спяшацца. Але галоўнае — не пакрыўдзіць людзей", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама паведаміў, што рэфармаванне ў бліжэйшы час закране не толькі органы міліцыі, але і іншыя дзяржаўныя органы: "Я сёння даручыў стварыць дзяржаўную камісію. Яе ўзначаліць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Памочнік кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч будзе ў яго намеснікам. Яны збяруць дзяржаўную камісію па рэфармаванні органаў дзяржаўнай улады".

"Лічу, што нам давядзецца значна скараціцца ў дзяржаўных структурах, думаю, працэнтаў, прыкладна, на 25-30. Унізе менш, уверсе больш, устараніўшы непатрэбныя функцыі і значна пасля павялічыўшы грашовае забеспячэнне і заработную плату дзяржслужачых. І адсюль — міліцыі, ваенным і гэтак далей, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Я разумею, што мы адразу з гэтай задачай не справімся, але яе таксама трэба пачынаць. Я гэта гавару таму, што вы павінны арыентавацца не на скарачэнне нейкіх структур з мэтай павелічэння іншых структур МУС, а на скарачэнне ў нейкай ступені ў патрэбных памерах таксама і нашых органаў міліцыі".

"Але мы павінны адразу падумаць аб павелічэнні ўлады міліцыі. Ні ўчастковы, ні міністр, ні іншыя, ніхто не павінен бегаць па дзесяць разоў па адным і тым жа месцы і ўгаворваць кагосьці. Міліцыянер павінен прыйсці і на падставе дакладна заканадаўча прапісаных норм запатрабаваць выканання абавязкаў той ці іншай асобай, і больш там не з'яўляцца, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тады і колькасць не патрэбна такая".

"Гэта значыць узмоцніцца і адпаведная ўлада службовых асоб у міліцыі, і не толькі ў міліцыі. Тады мы значна можам скарачаць дзяржаўны апарат, міліцыю, іншыя падраздзяленні і значна павялічваць грашовае забеспячэнне і заработную плату. У адваротным выпадку народ не прыме павелічэнне заработнай платы, дапусцім, напалавіну. Народ не ўспрыме, калі ён будзе маленькую зарплату атрымліваць, а мы вялікі бюракратычны апарат будзем фінансаваць намнога вышэй, чым сярэдняя зарплата па краіне. Усё павінна быць сумленна, аб'ектыўна і справядліва. Гэта будучае", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму, можа, у нас і не атрымаецца, як мы раней планавалі, мець, дапусцім, участковага і яго памочніка. Можа, узмацніць значна ўладу ўчастковага, каб яму не давялося звяртацца да іншых рычагоў і іншых людзей для рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў. Я асабіста гатовы на гэта пайсці. І, лічу, людзі нас зразумеюць. Галоўнае, каб быў мір, спакой у грамадстве і забяспечана бяспека людзей", — дадаў Прэзідэнт.

Ігар Шуневіч далажыў кіраўніку дзяржавы аб папярэдніх выніках работы па рэфармаванні сістэмы органаў унутраных спраў і планах на будучае. Гэты працэс развіваецца па трох асноўных напрамках: ідэалагічнае і кадравае забеспячэнне органаў унутраных спраў, рэфармаванне міліцыі грамадскай бяспекі і рэфармаванне крымінальнай міліцыі. Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы даў шэраг даручэнняў адносна далейшай работы ў гэтым ключы, намечаны асноўныя рубяжы і этапы ўдасканалення органаў унутраных спраў. Таксама вырашана, што ў бліжэйшы час на гэту тэму адбудзецца асобная нарада.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым 1 кастрычніка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. "Мінула, відаць, ужо...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика