Аляксандр Лукашэнка: "Нельга адыходзіць ад дзяржрэгулявання эканамічных працэсаў". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "Нельга адыходзіць ад дзяржрэгулявання эканамічных працэсаў"

13.11.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт наведаў учора Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Тут яму расказалі аб стане і перспектывах развіцця адной з вядучых вышэйшых навучальных устаноў краіны. Кіраўнік дзяржавы агледзеў спарткомплекс БДЭУ. Гэты комплекс уключае ў сябе вялікую гульнявую залу, трэнажорную залу, залу аэробікі, басейн. Адначасова тут могуць займацца да 120 чалавек. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выстаўкай вучэбна-метадычнай літаратуры, а на заканчэнне адбылася сустрэча кіраўніка дзяржавы са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта міжнародных эканамічных адносін.

У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апераджальнае інавацыйнае развіццё з выхадам на сусветны ўзровень павінна стаць стратэгічным арыенцірам беларускай эканамічнай мадэлі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што такое прасоўванне можна пачаць з умацавання пазіцый Беларусі ў АЭП. "Беларусь, якая яшчэ з савецкіх часоў вызначалася высокім узроўнем адукацыі грамадзян і наяўнасцю буйных высокатэхналагічных вытворчасцяў, мае ўсе перадумовы для таго, каб стаць на постсавецкай прасторы свайго роду пляцоўкай для развіцця высокіх тэхналогій і прарыўной навуковай думкі", — лічыць Прэзідэнт. Паводле яго меркавання, трэба толькі правільна выкарыстоўваць назапашаны інтэлектуальны патэнцыял, наяўную вытворчую і даследчую інфраструктуру.

"Сёння важна не столькі нешта вынайсці, колькі ўкараніць распрацоўку ў вытворчасць. А інавацыйны шлях — гэта найлепшы сродак абароны ў канкурэнтнай барацьбе", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што інтэлектуальны капітал павінен знайсці эфектыўны выхад у сферу беларускай эканомікі. Ён таксама адзначыў, што да ўкаранення перспектыўных адкрыццяў або навінак трэба прыцягваць як дзяржаву, так і прыватны бізнэс.

Прэзідэнт адзначыў, што беларуская эканоміка залежная ад крызісных з'яў, якія адбываюцца ў свеце. На яго думку, дзяржава не мае права адыходзіць з эканомікі пры такой яе адкрытасці. У суверэннай Беларусі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дзейнічае свая апрабаваная часам мадэль эканамічнага развіцця, у аснове якой спалучэнне інстытутаў рыначнай эканомікі з дзейснымі механізмамі дзяржаўнага рэгулявання і рэалізацыяй моцнай сацыяльнай палітыкі. Гэта эканамічная мадэль прайшла праверку часам і стала стратэгічнай асновай устойлівага развіцця беларускай дзяржавы. Як падкрэсліў Прэзідэнт, залог яе жыццяздольнасці ў тым, што яна не з'яўляецца закасцянелай канструкцыяй, а пастаянна ўдасканальваецца і мадэрнізуецца.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рыначнай эканоміцы больш за ўсё цэніць канкурэнцыю. "Вось тут мы часта ламаем коп'і з заходнікамі і нават расійскімі калегамі. Многія кажуць, што дзяржава не павінна быць у эканоміцы або яе павінна быць зусім нямнога. Праўда, ніхто не вызначыў тую шкалу, па якой гэта вымяраць. Мы ж выразна і дакладна з самага пачатку гаворым аб тым, што дзяржаўнае рэгуляванне ні ў якім выпадку адыходзіць з эканомікі не павінна", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, вакол сацыяльнага аспекта таксама шмат спрэчак. Многія кажуць, што чалавек павінен адказваць сам за сябе і сацыяльнага складальніка ў эканоміцы практычна быць не павінна. "Мы адназначна ўжо шмат гадоў гаворым аб тым, што ўсё, што існуе ў дзяржаве, павінна быць арыентавана на чалавека", — сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што цана "Беларуськалія" можа павялічыцца пасля аднаўлення сусветнага рынку. "Цана вызначана. Сёння ўсе заходнікі гавораць: Лукашэнка правільна палічыў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Прапаноўвалі за $15 млрд кампанію прыватызаваць, а я сказаў — $32 млрд. За кантрольны пакет мы сур'ёзна патаргуемся", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прывыклі думаць, што ў краіне высокакваліфікаваныя спецыялісты і добрасумленныя работнікі. Але давайце паглядзім, што ў нас на самай справе: прадукцыйнасць працы на нашых прадпрыемствах прыкметна ніжэйшая, чым у перадавых замежных кампаніях, а матэрыялаёмістасць і энергаёмістасць у сваю чаргу вышэйшыя", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава зрабіла ўсё для таго, каб кожны працаздольны грамадзянін меў работу і належную зарплату. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ў Беларусі не пайшлі па шляху павышэння пенсійнага ўзросту па прыкладзе іншых краін: "Калі людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту, я не магу з гэтым не лічыцца. Я сябе пазіцыяную як народны Прэзідэнт". "Але калі грошай няма, ты іх не заплаціш. Таму ў нас невысокая пенсія. Дарэчы, у залежнасці ад эканамічнага развіцця і заробкаў у рэальным сектары яна павялічваецца, — адзначыў беларускі лідар. — Што маем, то і размяркоўваем. Таму хочаш у 60 гадоў — сыходзь, вось табе пенсія, якую мы можам плаціць. Хочаш дадаткова працаваць — працуй". Часовая адмова ад атрымання працоўнай пенсіі можа быць толькі добраахвотная.

Што тычыцца розных чутак пра тое, што ўсім пенсіянерам, якія працуюць не будуць выплачваць пенсію, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Адабраць у людзей пенсію, якую яны зарабілі, — сёння я гэта разумею як блюзнерства. Я пра гэта ўжо казаў ва ўрадзе тым, хто прапаноўваў падняць пенсійны ўзрост і за кошт гэтага павялічыць пенсію, ці працуеш — пенсію не плацім. Не трэба ў людзей адбіраць тое, што яны зарабілі за гэтыя гады".

Закрануў Прэзідэнт і пытанне паставак расійскіх газу і нафты. "Дамовіліся з Расіяй па прыродным газе, год ужо жывём, будучы год — таксама ўсё адносна нармальна па прыродным газе", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў: "Ва Украіне сёння развальваецца эканоміка. Чаму? Прыродны газ атрымліваюць прыкладна па $ 450-480 за 1 тыс. куб. м. Мы ж на мяжы атрымліваем па $165. Розніца ёсць? Ёсць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта дасягнута ў выніку перамоваў, якія ішлі няпроста. Тое ж самае і па нафце. "У нас толькі 2 млн.т уласнай нафты. Добра, што расияне пагадзіліся, што мы сваю нафту прадаём на экспарт, а ў іх купляем за паўцаны ад сусветнай, без мытных пошлін. Гэта таксама вельмі добра. Але было няпроста дамаўляцца", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнт Беларусі закрануў не толькі эканамічныя пытанні, але і праблемы міжнароднай палітыкі, а таксама спорту.

Еўрасаюзу хацелася б бачыць на чале ўлады ў Беларусі сваіх людзей, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Чаму Еўрасаюз ва ўрон сваім грамадзянам спрабуе ўвесці санкцыі ў адносінах да Беларусі — гэта, напэўна, пытанне да іх. У нас сапраўды вялікі тавараабарот з ЕС, а экспарт нават крыху вышэйшы, чым у Расійскую Федэрацыю, — адзначыў Прэзідэнт. — Таму нам нікуды не дзецца ад супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, і іх інтарэсы ў многім перасякаюцца ў Беларусі. Чаму прад'яўляюць прэтэнзіі? Ім не падабаецца наша самастойнасць, ім не падабаецца тое, як мы тут вядзём справы, ім хацелася б бачыць тут на чале ўлады сваіх людзей. Але гэта не іх справа — гэта наша справа".

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад "дэмакратычных" выбараў у ЗША, да назірання за якімі не былі дапушчаны прадстаўнікі АБСЕ. Акрамя таго, уся ўвага была ўдзелена толькі двум асноўным кандыдатам — Бараку Абаме і Міту Ромні. "Астатніх толькі за спробу дыскутаваць з гэтымі двума "кітамі" перасаджалі ў турму. Вось і ўся дэмакратыя, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — А ў нас трэба прыехаць, закасаўшы рукавы, са сваім статутам улезці ў наш агарод і нас вучыць. Не трэба, мы самі правядзём выбары".

На думку Прэзідэнта, немагчыма фальсіфікаваць вынікі выбараў насуперак волі народа: "Я добра разумею, што ніколі не сфальсіфікуеш выбары, калі будзе адназначнае галасаванне супраць цябе". "Клянуся, што карупцыі, подкупу ў працэсе выбараў не было. Я ніколі гэта не ініцыіраваў і не буду. Лічу, што гэта знявага для мяне і знявага для вас. Ніколі гэтага не будзе", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы згадаў і аб інцыдэнце з закідваннем бутэлек з запальнай сумессю на тэрыторыю пасольства Літвы ў Мінску. Некаторы час таму аналагічны выпадак здарыўся з пасольствам Расіі ў Беларусі. "Знайшлі гэтых людзей, сёння яны ў месцах не вельмі аддаленых. Яны сёння палітычныя вязні — Літва крычала гвалтам, што яны палітычныя вязні. А калі ім гэтыя бутэлькі кінулі — гэта тэрарызм. Вось іх палітыка. Гэта не двайныя стандарты, гэта проста "скнарлівая" палітыка", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Вось, мы (Літва. — Заўвага БЕЛТА) чакаем ад Лукашэнкі, што ён скажа наконт таго, што на тэрыторыю Літвы кінулі гэтыя бутэлькі. А я чакаю, што яны скажуць наконт таго, што яны шведскі самалёт па сваёй тэрыторыі правялі і запусцілі ў беларускую прастору. Вось ім мой адказ. Чаму маўчаць да гэтага часу? Я ўпэўнены, гэта кінулі ніякія не тэрарысты. Але калі яны тут тэрарысты, то і там тэрарысты, калі было ўчынена злачынства супраць расіян", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб двайных стандартах у ацэнцы справы Аляксандра Бяляцкага, які асуджаны ў Беларусі за нявыплату падаткаў. "Інфармацыю нам прадаставіў Еўрапейскі саюз праз Літву, дзе ён хаваў грошы. Так, у Амерыцы можна атрымаць пажыццёвае зняволенне за нявыплату падаткаў — гэта нармальна", — адзначыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі прагназуе, што на чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе пераможа Расія: "Вы думаеце, я скажу Беларусь? Не магу вас абрадаваць, і сам абрадавацца не магу. Наўрад ці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі раней не хапала аб'ектаў для падрыхтоўкі спартсменаў, то сёння ўмовы для гэтага ёсць, а падрыхтавацца як трэба спартсмены не могуць. "Увесь свет ідзе наперад, развіваецца. А мы, перш чым у рукі клюшку, мяч узяць, гаворым: ты мне аўтамабіль, кватэру дай. Таму, вы ведаеце, мне давялося вельмі крута дзейнічаць у спартыўнай галіне, каб надаць новы дынамізм, прывесці туды людзей, якія возьмуць пад кантроль сітуацыю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў: "Баюся, што мы аб'ектыўна яшчэ не можам спаборнічаць з вядучымі ў свеце камандамі — ЗША, Канадай і Расіяй. На яго думку, ёсць і суб'ектыўныя фактары, якія даюць аб сабе знаць.

"Я ўжо ад іх не патрабую на чэмпіянаце свету нейкіх медалёў. Я іх прашу: вы для людзей згуляйце, каб яны бачылі — так, прайграў, але стараўся, зубамі грыз, змагаўся. Таму трэба біцца, змагацца і, перш за ўсё, забыць пра грошы. Трэба даць вынік, а пасля прыходзіць і прасіць грошы. Моладзь пакуль не так робіць, як хацелася б", — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Канадзе таксама вялікія грошы плацяць, але там усё інакш: "Там хлопцы прыходзяць у любы від спорту — баскетбол, хакей, футбол, і яны жывуць бедна, пакуль не выйдуць на самы высокі ўзровень. А выходзяць туды адзінкі". А калі дрэнна гуляюць, то і атрымліваюць адпаведна. "А ў нас лічаць — давай грошы і ўсё", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт наведаў учора Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Тут яму расказалі аб стане і перспектывах развіцця адной з вядучых вышэйшых навучальных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика