Наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі навуковай сферы
26.01.2013
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і навуковай сферы. Пра гэта ён заявіў, уручаючы 25 студзеня дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам. Уручэнне лепшым прадстаўнікам навуковай грамадскасці дыпломаў і атэстатаў напярэдадні Дня беларускай навукі стала ўжо традыцыяй. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такая высокая ўвага і давер да вучоных не выпадковыя. "Уласная навука — гэта неад'емная прыкмета любой развітой краіны. Скажу больш: яна складае найважнейшую частку культуры народа, шмат у чым вызначае духоўную і інтэлектуальную атмасферу ў грамадстве. Выдатныя адкрыцці і вынаходствы з'яўляюцца не меншым прадметам гонару, чым шэдэўры мастацтва або спартыўныя рэкорды", — лічыць кіраўнік дзяржавы. "Фундаментальныя навуковыя адкрыцці належаць, вядома ж, усяму свету. Але менавіта тыя краіны, якія генеруюць новыя веды, маюць перавагі ў камерцыйным выкарыстанні гэтых ідэй, у экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі, якая прыносіць мільярдныя прыбыткі", — сказаў Прэзідэнт. "Больш за тое, тыя, хто першым распаўсюджвае тэхналогію, займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. Таму добра развітыя навуковыя сферы — гэта адзін з гарантаў нацыянальнай бяспекі дзяржавы", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што моцныя навуковыя традыцыі і школы сфарміраваліся ў Беларусі яшчэ ў савецкія часы. "Нам удалося зберагчы і прымножыць гэты рэсурс", — лічыць Прэзідэнт. Ён адзначыў, што беларускія вучоныя разам з лепшымі фізікамі свету ўдзельнічаюць у адкрыцці новых часціц на Вялікім адронным калайдары, у барацьбе з хваробамі паспяхова выкарыстоўваюцца наватарскія методыкі беларускіх медыкаў, айчынныя спецыялісты дамагліся поспехаў у развіцці інфармацыйных і біятэхналогій, стварэнні новых гатункаў раслін і нанаматэрыялаў. "Аднак сёння наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і самой навуковай сферы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Мы не можам дазволіць сабе распыляць сродкі дзеля задавальнення чыста акадэмічнай цікаўнасці. Беларуская навука павінна быць скіравана пад патрэбы нашай суверэннай дзяржавы і стаць больш кампактнай па сваёй структуры", — сказаў Прэзідэнт. На думку Аляксандра Лукашэнкі, важна дакладна вызначыць, у якіх стратэгічна значных напрамках трэба весці даследаванні самім, дзе мэтазгодна кааперавацца з замежнымі калегамі, а дзе больш выгадна закупляць замежныя распрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба будзе істотна павысіць ролю навукі ў падрыхтоўцы кіраўніцкіх рашэнняў, планаў, прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Ён падкрэсліў, што для вырашэння гэтых маштабных задач патрабуюцца сучасныя даследчыкі, якія творча думаюць. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сёння актуальнай стала праблема змены навуковых пакаленняў. У ВНУ сярэдні ўзрост доктара навук складае 61 год, а кандыдата — на 10 гадоў менш. Памяншаецца колькасць ахвотных паступаць у аспірантуру. "У чым заключаецца галоўная праблема? Вінаватыя тут толькі нізкія стыпендыі і зарплаты пачаткоўцаў-вучоных і іншыя матэрыяльныя фактары? Або проста не наладжана сістэмная работа па прыцягненні ў навуку таленавітай моладзі?" — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. "Часам наракаюць на тое, што на навуку ў нас накіроўваецца каля 1% валавога ўнутранага прадукту, а за мяжой гэты паказчык даходзіць да 2, 3, 4%. Аднак значную долю гэтых фінансаў складаюць укладанні камерцыйных фірмаў, якія плацяць толькі за патрэбны ім вынік, — адзначыў Прэзідэнт. — А нашы навукоўцы пакуль ствараюць толькі інтэлектуальны прадукт, які далёка не заўсёды ператвараецца ў тавар. Больш за тое, даследчыкі і работнікі вытворчасці нават не могуць цалкам выкарыстаць сродкі інавацыйнага фонду". "Давайце і мы будзем прагматыкамі. Трэба дадаць фінансаў — знойдзем, дзе іх узяць. Але толькі калі вы скажаце выразна — куды і на што. І ў гэтым выпадку будзеце гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за інтэлектуальны і камерцыйны вынік", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што асаблівыя надзеі ў справе папаўнення навуковых кадраў ускладаюцца на Вышэйшую атэстацыйную камісію, якая закліканая не толькі выконваць кантрольныя функцыі, але і з першых крокаў дапамагаць маладым вучоным, спрыяць павышэнню статусу і прэстыжу навуковай працы. Па выніках 2012 года вучоная ступень доктара навук прысуджана 46 суіскальнікам, вучонае званне прафесара прысвоена 33 чалавекам. "У кожнага з вас нямала ўкладзена, цяпер ваш абавязак — перадаваць веды і вопыт новым пакаленням. Вам трэба развіваць традыцыі навукова-педагагічных школ, падтрымліваць высокі ўзровень метадалогіі даследаванняў, якім Беларусь славіцца ў свеце. І самае галоўнае — вырошчваць захопленых вучоных-энтузіястаў, якія аддаюць талент роднай краіне", — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. Аляксандр Лукашэнка адзначыў дасягненні Уладзіміра Калінава з Інстытута фізікі НАН, вынікі даследаванняў якога выкарыстоўваюцца пры стварэнні ядзерных рэактараў і касмічнага абсталявання, а таксама Дзмітрыя Мігаса з БДУІР, чые працы адкрываюць новыя магчымасці для оптыкі і нанаэлектронікі. "Хірургічныя методыкі, распрацаваныя кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алегам Румо, ратуюць жыццё і здароўе пацыентам з усяго свету", — адзначыў Прэзідэнт. Ён лічыць, што важкім укладам у археалогію стала дысертацыя загадчыка кафедры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Дука, якая раскрывае гісторыю ўзнікнення аднаго з самых старажытных цэнтраў беларускай і сусветнай культуры. Аляксандр Лукашэнка запрасіў прысутных да адкрытай размовы. Намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай рабоце — кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Алег Румо адзначыў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця транспланталогіі, для пастаяннага ўкаранення дасягненняў навукі ў практычную дзейнасць. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што на прыкладзе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак хацеў лішні раз паказаць, наколькі аператыўна, хутка і аб'ёмна дзяржава можа падтрымліваць перспектыўныя навуковыя напрамкі. "І ўсё гэта ў прынцыпе залежыць не ад дзяржавы, а ад вас, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я прыняў рашэнне аб стварэнні цэнтра, думаючы пра тое, што ён будзе развівацца і ўратуе з часам тысячы жыццяў, але самае галоўнае — з'явіцца новая школа, якой у нас не было. І сапраўды, за кароткі прамежак часу з'явілася выдатная школа. Я ніколі і не думаў, што гэта можа быць у маю бытнасць Прэзідэнтам. Але мы тут выходзім на касмічны ўзровень работы з людзьмі, ратуючы іх жыцці". Дацэнт кафедры інфекцыйных і інвазійных хвароб жывёл факультэта ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі Кыргызскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта імя К.І. Скрабіна Ілімбек Мурзаліеў падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за развіццё навуковых, культурных і агульнаадукацыйных сувязяў паміж Беларуссю і Кыргызстанам. Ён звярнуў увагу на праблему развіцця авечкагадоўлі ў Беларусі. На яго думку, гэта самая эканамічная і прыбытковая галіна жывёлагадоўлі, якую ў Беларусі цалкам пад сілу вывесці на годны ўзровень. Кыргызскі навуковец лічыць, што ў краіне можна вывесці новыя пароды авечак, палепшыць тэхналогіі і наладзіць вытворчасць сыравіны для камвольнай і тэкстыльнай вытворчасці. Ён адзначыў, што для развіцця авечкагадоўлі найбольш аптымальныя ўмовы Брэсцкай і часткі Гродзенскай абласцей, і дадаў, што гатовы аказаць навукова-практычную дапамогу па ўсіх пытаннях тэхналогіі развіцця авечкагадоўлі. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за такую прапанову і нагадаў, што перад урадам была пастаўленая задача знайсці магчымасць і аднавіць развядзенне авечак. Прэзідэнт адзначыў, што гэта стане адным з прыярытэтаў у жывёлагадоўлі. "Хацелася б, каб мы сапраўды зрабілі добры крок у гэтым напрамку", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Адзін з навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук звярнуў увагу на неабходнасць наладжвання кааперацыі беларускай і расійскай навукі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тут няма перашкод і не патрабуецца ніякіх рашэнняў на вышэйшым узроўні. Прэзідэнт адзначыў, што выступае за тое, каб гэтая кааперацыя адбылася. "Вы самі разберацеся, як скааперавацца, каб была карысць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прафесар кафедры лазернай тэхнікі і тэхналогіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ніна Арцюхіна заўважыла, што Беларусь з запускам уласнага спадарожніка Зямлі стала касмічнай дзяржавай. Паводле яе слоў, сёння перад беларускімі навукоўцамі і спецыялістамі стаіць задача ў самыя кароткія тэрміны стварыць паўнавартасную інфраструктуру ў галіне касмічных даследаванняў, і перш за ўсё ў галіне праектавання сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што прымаў рашэнне аб стварэнні спадарожніка, арыентуючыся перш за ўсё на неабходнасць падтрымання і развіцця той школы, якая існавала ў Беларусі. "У свой час мяне таксама пераконвалі: каго мы будзем тут абганяць, пераганяць і гэтак далей. Апошні аргумент быў — гэта вы. Вось ёсць у нас вучоныя, якія сёння нечаму навучыліся ў гэтай галіне, і каб гэтую школу падтрымаць, я думаў, створым спадарожнік, і гэта будзе штуршком да развіцця ў гэтым кірунку. Гэта быў нейкі аванс вам, навукоўцам. Спадарожнік запусцілі — павінна быць камерцыйная аддача ад усіх гэтых мерапрыемстваў, у тым ліку ад касмічнага спадарожніка", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава будзе падтрымліваць вучоных, аднак чакае ад іх вынікаў. "Мы будзем укладваць у новыя напрамкі, якія дагэтуль былі ў нас фрагментарныя. Мы гатовыя заўсёды падтрымліваць вучоных. І павінен сказаць, што сёння ні адзін вучоны не скажа, што грошай не даюць або іх не хапае", — адзначыў Прэзідэнт. "Таму пытанне не ў дзяржаве. Давайце, калі ласка, праекты, якія будуць акупацца — калектыўныя, індывідуальныя — мы гатовыя фінансаваць. Але гэта павінны быць інавацыйныя праекты. Таму мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вучоных, але ўкідваць грошы бяздумна: аддалі, а потым забыліся, што іх трэба вяртаць, — гэтага не будзе", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка закрануў і праблему забеспячэння жыллём маладых навукоўцаў. Ён падкрэсліў, што на працягу года ў Мінску будзе пабудавана арэнднае жыллё для маладых вучоных і падзелена паміж універсітэтамі. "Мы на працягу года будзем мець толькі ў Мінску прыкладна тысячу кватэр, — сказаў Прэзідэнт. — Такім чынам, у чалавека будзе галоўнае — дах над галавой, і калі ён вучоны па сваім прызванні — ён будзе працаваць. Навука — гэта не тое месца, куды прыйшоў і адразу зарабіў грошы". Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў прысутных з надыходзячым святам — Днём беларускай навукі і пажадаў, каб цяперашняя сустрэча натхніла вучоных на новыя адкрыцці. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і навуковай сферы. Пра гэта ён... |
|