Аляксандр Лукашэнка: "Уплыў Рымска-каталіцкай царквы ў беларускім грамадстве вялікі"
02.04.2013
—
Новости Политики
|
Рымска-каталіцкая царква мае вельмі важнае значэнне ў Беларусі, і яе ўплыў у беларускім грамадстве вялікі. Гэта адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Кіраўнік дзяржавы па існуючай традыцыі ў святочныя Велікодныя дні наведаў Архікафедральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім і адбылася сустрэча. Прэзідэнт агледзеў святочнае ўбранне касцёла, паразмаўляў з прыхаджанамі. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў вернікаў Рымска-каталіцкай царквы, Тадэвуша Кандрусевіча, усіх свяшчэннаслужыцеляў з гэтым цудоўным і светлым святам. Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што гэты год асаблівы, паколькі зусім нядаўна выбраны новы кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы — Папа Рымскі Францыск. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вельмі важна тое, што адбываецца сёння ў Рымска-каталіцкай царкве, таму што ні для каго не сакрэт, што ў нас у Беларусі Рымска-каталіцкая царква мае вельмі вялікае значэнне і яе ўплыў у нашым грамадстве вялікі. Таму для мяне неабыякава, які стан спраў у Рымска-каталіцкай царкве ў Беларусі". У сваю чаргу Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што свята Вялікадня — асаблівае, і на душы радасць ад гэтага светлага дня. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на важнасць дыялогу Рымска-каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі часта праваслаўныя святкуюць каталіцкія святы, а католікі — праваслаўныя. "Гэта трэба ператвараць у багацце", — прадоўжыў яго думку Тадэвуш Кандрусевіч і прыгадаў выказванне Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ аб тым, што "Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі". У развіццё тэмы ўзаемадзеяння паміж дзвюма найбольш буйнымі рэлігійнымі канфесіямі ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч расказаў аб запланаваным у 2014 годзе праваслаўна-каталіцкім форуме. На гэта важнае мерапрыемства збіраецца вялікая колькасць епіскапаў з розных дзяржаў.У час сустрэчы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падарыў Прэзідэнту ўнікальнае выданне — Біблію на сучаснай беларускай мове. Аляксандр Лукашэнка паднёс у дар Тадэвушу Кандрусевічу велікоднае яйка з дрэва, выкананае ва ўнікальнай тэхніцы Сожская (або Гомельская) скань. Аснова яйка адлюстроўвае Галгофу, унутры сферы размешчаны мініяцюрны крыж з распяццем. Па баках — два разныя медальёны з выявай Панны Марыі і Ісуса Хрыста. Вянчае яйка фігура Хрыста. Рымска-каталіцкая царква адыгрывае істотную ролю ў рэлігійным жыцці Беларусі, з'яўляючыся другой па колькасці вернікаў канфесіяй у краіне. За апошнія 20 гадоў колькасць рэлігійных абшчын Рымска-каталіцкай царквы павялічылася ў 4 разы. Па стану на 1 студзеня 2013 года налічваецца 483 прыходы, аб'яднаныя ў 4 епархіі (Мінска-Магілёўская, Гродзенская, Віцебская, Пінская). У краіне дзейнічаюць 11 рымска-каталіцкіх місій і 9 манаскіх абшчын. Абшчыны маюць 476 касцёлаў, яшчэ 26 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. У прыходах Рымска-каталіцкай царквы працуюць 439 свяшчэннаслужыцеляў. Сталі шырока вядомымі мерапрыемствы, якія праводзяцца пад эгідай Рымска-каталіцкай царквы ў сферы культуры, такія як міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі "Магутны Божа" ў Магілёве. РКЦ актыўна займаецца дабрачыннай і сацыяльнай дзейнасцю, аказвае дапамогу маламаёмным. У Беларусі ў гэтым годзе будзе ўрачыста адзначацца 400-годдзе знаходжання абраза Маці Божай у касцёле Ушэсця Маці Божай у Будславе. На гэту ўрачыстасць збіраюцца прыбыць прадстаўнікі епіскапатаў з розных дзяржаў, а таксама вернікі. Цяпер прадаўжаецца работа над Пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Святым Прастолам, праект якога праходзіць завяршальную стадыю ўзгаднення. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рымска-каталіцкая царква мае вельмі важнае значэнне ў Беларусі, і яе ўплыў у беларускім грамадстве вялікі. Гэта адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр... |
|