Мадэрнізацыя як самае галоўнае пытанне развіцця эканомікі. 21.by

Мадэрнізацыя як самае галоўнае пытанне развіцця эканомікі

06.04.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 мая ўнесці прапрацаваныя прапановы па далейшым лёсе ААТ "Камволь". Аб гэтым ён заявіў учора падчас наведвання ААТ "Сукно", перадае БЕЛТА.

Што чакае "Камволь"?

"Што тычыцца камвольнага камбіната, абвяшчайце тэндары, конкурсы. Што заўгодна, але ў вас застаўся красавік. Да 1 мая вы павінны, вывучыўшы ўсё, унесці мне прапанову па камвольным камбінаце. Я чакаю самую сур'ёзную прапрацоўку з унутранымі і знешнімі інвестарамі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сутнасць прапаноў урада, аб якіх было даложана Прэзідэнту, заключаецца ў тым, каб стварыць структуру па выпуску ваўняных тканін з размяшчэннем ткацкага і аздобных вытворчасцяў па выпуску камвольных тканін у ААТ "Сукно" і арганізацыі вытворчасці пражы ў ААТ "Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка". Гэта дазволіць вырабляць на ААТ "Сукно" 2,5 млн пагонных метраў суконных тканін і 4 млн камвольных. На гэтыя прадпрыемствы прапануецца перанесці частку тэхналагічнага абсталявання, прыдатнага для далейшай эксплуатацыі, з пляцоўкі ААТ "Камволь".


На вызваленых плошчах камвольнага камбіната ў Мінску прапануецца стварыць буйны выставачны цэнтр. Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, такое рашэнне пытання запатрабуе менш сродкаў, чым мадэрнізаваць і развіваць камвольную вытворчасць на базе ААТ "Камволь", у тым ліку з улікам запатрабаванасці гэтай прадукцыі на знешніх рынках. Аднак Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ раз дэталёва ўсё прааналізаваць, адзначыўшы слабую прапрацоўку прапаноў.

"Неабходна пралічыць без уліку іншых прадпрыемстваў, паглынанняў, зліццяў і захопу іх рынкаў, што тут неабходна, усё, што вырабіш, ты павінен прадаць і выйсці да 2015-2016 гадоў на $1 тыс.100 заработнай платы. Гэта твая задача. І не трэба глядзець ні на ўрад, ні на каго, калі ты ў стане сам яе рэалізаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да выканаўцы абавязкаў дырэктара ААТ "Сукно" Дзмітрыя Касцюкевіча.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прымаючы рашэнне аб развіцці камвольнай вытворчасці, меркавалася і стварэнне ўласнай сыравіннай базы ў выглядзе авечкагадоўлі. "Ні там, ні там урад не хоча займацца", — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што заваёўваючы замежныя рынкі тэкстыльнай прадукцыі, ні ў якім разе нельга забываць і пра ўнутраны, больш шырока выкарыстоўваць айчынныя тканіны на швейных прадпрыемствах. "Нам трэба зрабіць так, каб куплялі сваё. Я ўпэўнены, тут ёсць праблемы. Нельга змагацца за знешнія рынкі і аддаваць свае. Мы павінны, перш за ўсё, трымаць свой рынак", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Рынкі трэба дыверсіфікаваць і вырабляць тую тканіну, якая сёння патрэбна. Апранацца і харчавацца чалавек будзе заўсёды. А тое, што давядзецца канкурыраваць з Кітаем, Турцыяй і іншымі краінамі, гэта натуральна. Вы рынак не прапрацоўвалі, вось у чым праблема", — заўважыў беларускі лідар.

Што тычыцца прапановы па стварэнні выставачнага цэнтра на плошчах ААТ "Камволь", то Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў з гэтай нагоды некаторыя сумненні, прытым, што будаўніцтва новага выставачнага цэнтра, вядома, неабходна краіне. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы не выключыў магчымасці рэалізацыі гэтага праекта ў такім выглядзе, але памяшканні камвольнага камбіната могуць не ў поўнай меры адказваць сучасным патрабаванням да падобных аб'ектаў. "І атрымаецца — ні "Камволь", ні выставачны цэнтр. Сёння калі нешта будаваць, то трэба гэта рабіць па сучасных стандартах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мадэрнізацыя як пытанне выжывальнасці

Аляксандр Лукашэнка закрануў і больш шырокія пытанні, якія стаяць перад беларускай эканомікай у кантэксце наведвання праблемнага прадпрыемства. У прыватнасці, ён заявіў, што мадэрнізацыя з'яўляецца найгалоўнейшым пытаннем выжывальнасці нашай эканомікі, а значыць, і дзяржавы. "Альтэрнатывы няма", — падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што масавая мадэрнізацыя — гэта працэс не аднамомантны, і нельга чакаць адразу атрымання ад яго вынікаў. "Мы запусцілі гэты працэс, ён пайшоў, але як заўсёды, ёсць цяжкасці, недахопы. І я сапраўды незадаволены тым, што яны ёсць. Ад іх трэба пазбаўляцца", — сказаў Прэзідэнт.

"Самае галоўнае пытанне — гэта грошы. Праблема яшчэ ў тым, што час такі, нам з ім не пашанцавала, але нікуды не дзенешся, калі стаіць пытанне аб выжывальнасці, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У Еўропе па папярэдніх выніках першага квартала ўсюды падзенне, а еўрапейскі рынак — гэта палова нашага экспарту. Расія сур'ёзна прасела, мы таксама гэта бачым, мы з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі гэтую тэму. Таму нам даводзіцца ехаць у далёкія краіны, якія менш закрануў гэты крызіс, каб дыверсіфікаваць наш экспарт". "Таму мадэрнізацыя будзе ісці, хочацца гэтага каму-небудзь ці не", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што дала далёкая паездка прэзідэнта ў Азію і як будуць развівацца адносіны з Венесуэлай

Каментуючы журналістам вынікі сваіх візітаў у Інданезію, Сінгапур і ААЭ, Прэзідэнт заявіў, што Беларусь шукае новыя рынкі для збыту прадукцыі на далёкай знешнеэканамічнай дузе. Гэта было галоўнай мэтай паездак. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння прадавец вымушаны сам ісці да пакупніка. "Да нас ніхто не прыедзе на завод і не папросіць: прадайце нам. Прадавец, уладальнік тавару бяжыць у самыя крайнія куткі планеты для таго, каб у жорсткай канкурэнтнай барацьбе прапанаваць сваю прадукцыю", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб сваіх нядаўніх візітах у Інданезію, Сінгапур і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуская прадукцыя там запатрабаваная. Сведчаннем таму з'яўляецца заключэнне адпаведных кантрактаў. "Галоўная мэта візітаў заключаецца ў тым, што мы прабіваем на гэтай далёкай знешнеэканамічнай, знешнепалітычнай дузе новыя вокны, праз якія будзем працаваць з краінамі гэтага рэгіёна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што праз В'етнам Беларусь працуе ў тым ліку на рынкі Лаоса, М'янмы, Камбоджы, суседніх дзяржаў. Асобна супрацоўнічае з Кітаем, спрабуе замацавацца на індыйскім рынку. Што ж тычыцца Інданезіі, Аўстраліі, то Беларусь толькі пачынае працу ў гэтых краінах. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, там таксама гатовыя купляць беларускую прадукцыю.

"Чаму едзе Прэзідэнт? Таму што, калі прыязджае кіраўнік дзяржавы, з ім члены ўрада і шлейф кіраўнікоў прадпрыемстваў, ёсць доступ да любога чыноўніка, міністра. Лічыце, што Прэзідэнт бярэ іх за руку і вядзе ў тыя кабінеты, куды яны самастойна могуць патрапіць праз год-два, а тут — адразу, за адзін дзень", — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выніку гэтых візітаў завязаліся канкрэтныя кантакты, ідзе прапрацоўка праектаў.

Што ж тычыцца беларуска-венесуэльскіх адносін, то яны, на думку прэзідэнта, будуць развівацца незалежна ад вынікаў у Венесуэле пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў. "Думаю, нескладана прадказаць вынікі цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле. Нават самыя злосныя ворагі Венесуэлы аддаюць перамогу Нікаласу Мадуры з адрывам прыкладна ў 20%. Напэўна, прадказальны вынік гэтых выбараў", — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва будзе працягвацца незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады. "Дапусцім, перамог Капрылес. Што Беларусь зрабіла дрэннага для Венесуэлы? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Мы для іх будуем тое, што ім трэба. Мы будуем і вучым людзей працаваць на гэтых прадпрыемствах. Хто ў свеце будзе для іх гэта рабіць? Прынамсі, да нас гэтага ніхто не рабіў".

"Таму нават калі б гэта здарылася, з апазіцыйнымі лідарамі мы заўсёды дамовімся. Нас там ведаюць, паважаюць, прымаюць не толькі на самым высокім узроўні, але і звычайныя людзі. Гэта наш актыў. Таму прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле пройдуць, і мы як супрацоўнічалі з ёй, так і будзем супрацоўнічаць. Нам гэта выгадна, а яшчэ гэта выгадна — венесуэльцам", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 мая ўнесці прапрацаваныя прапановы па далейшым лёсе ААТ "Камволь". Аб гэтым ён заявіў учора падчас наведвання ААТ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика