Вялікая Айчынная вайна ніколі не стане далёкім мінулым. 21.by

Вялікая Айчынная вайна ніколі не стане далёкім мінулым

10.05.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці сталіцы!

Па добрай традыцыі мы зноў сабраліся тут разам у самым сэрцы горада-героя Мінска, каб адзначыць святое і дарагое свята — Дзень Перамогі.

Мы сустракаем 68-ю гадавіну, 68-ю мірную вясну. На роднай зямлі не чуваць грукату гармат і авіябомб. Зараслі травой бліндажы і акопы. Астылі пачварныя печы канцлагераў. На месцы руін і пажарышчаў узняліся новыя гарады і вёскі.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.Зямля залячыла свае раны. Жыццё перамагло смерць. Але для беларускага народа, які прынёс на алтар барацьбы з фашызмам трэць сваіх суграмадзян, вайна ніколі не стане далёкім мінулым. Яна застанецца ў памяці не толькі пакалення пераможцаў, але і іх удзячных патомкаў. Яе ўрокі павучальныя для ўсяго чалавецтва.

Аднак ёсць і тыя, хто пастаянна спрабуе "перагледзець" гісторыю Вялікай Айчыннай. Прынізіць значэнне гераічнай барацьбы савецкіх людзей, ачарніць партызанскі рух і рэабілітаваць фашысцкіх катаў і асабліва іх прыслужнікаў.

Наш абавязак, наша свяшчэнная місія — захаваць праўду аб той вайне, аб легендарным подзвігу савецкага народа. Не дазволіць адабраць у яго галоўную заваёву — Вялікую Перамогу!

Мы заўсёды будзем памятаць аб тым, як з'явіўся на свет вірус карычневай чумы, спароджаны бесчалавечнай ідэалогіяй нацызму і баязлівай палітыкай сусветных дзяржаў. Узгадаваўшы пачвару, яны ж сталі першымі ахвярамі фашысцкай ваеннай машыны.

Пакарыўшы за лічаныя месяцы Еўропу, гітлераўскія легіёны жалезным поступам выйшлі да граніц Савецкага Саюза. Аднак іх стратэгі забылі гістарычную перасцярогу святога абаронца славянскіх зямель Аляксандра Неўскага: "Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад мяча і загіне".

Для савецкага народа вайна стала Айчыннай. Мільёны людзей розных нацыянальнасцяў, пакаленняў і сацыяльных слаёў узяліся за зброю. Нават цяжкія страты Чырвонай Арміі ў пачатку вайны не зламалі волю народа, яго гатоўнасць да апошняй кроплі крыві біцца за кожную пядзю роднай зямлі.

На фронце і ў тыле, у партызанскіх атрадах і ў падполлі, у змрочных гета і канцлагерах савецкія людзі здзейснілі подзвіг, роўнага якому няма ў сусветнай гісторыі, ператварыўшы трагедыю ў трыумф, а горыч паражэння — у свята Перамогі.

Беларусь стала першым рубяжом абароны, які не пакарыўся ворагу. Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, мужнасць соцень тысяч партызан і падпольшчыкаў, доблесць салдат-вызваліцеляў, якія выратавалі нашу Айчыну ад фашысцкага ярма, залатымі літарамі ўпісаны ў скрыжалі айчыннай гісторыі.

Менавіта на землях Беларусі, Расіі і Украіны была спынена нястрымная раней машына вермахта і вырашаны лёс Еўропы. Мы не можам дазволіць забыць аб тым, што менавіта савецкі народ, пайшоўшы на неймаверныя намаганні і незлічоныя ахвяры, унёс вырашальны ўклад у разгром фашысцкай Германіі.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Мы захоўваем памяць пра вялікіх сусветных лідараў Іосіфа Сталіна, Уінстана Чэрчыля і Франкліна Рузвельта, якія, узняўшыся над палітычнымі рознагалоссямі, сфарміравалі адзіны фронт нацый супраць фашысцкага прыгнёту. Мы ўдзячныя ўсім саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі за ўдзел у агульнай барацьбе з ворагам.

Пад тысячамі помнікаў і абеліскаў, у вядомых і безыменных магілах вечным сном спяць тыя, хто не вярнуўся з гэтай бязлітаснай бойні. І пакуль верціцца зямны шар, пакуль б'юцца нашы сэрцы, мы не забудзем пра іх подзвіг. Не маем права забыць.

Як увасоблены сімвал нашай памяці ў Мінску мы ўзводзім Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны. Велічны мемарыял, які сведчыць аб захаванні праўды пра тыя грозныя гады, з'яўляецца сведчаннем глыбокай павагі да змагароў з фашысцкімі агрэсарамі.

Дарагія сябры! Прапаную ўшанаваць памяць усіх герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

(Хвіліна маўчання).

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Паважаныя сябры!

Людзі добрай волі, аб'яднаўшы свае намаганні, здолелі спыніць фашызм. Здзейснена справядлівае пакаранне яго ідэйных натхніцеляў і катаў. Але, на жаль, Нюрнбергскі працэс, трыбунал, які асудзіў ваенных злачынцаў, не змог вынесці прысуд вайне — самаму страшэннаму злачынству супраць чалавечнасці.

З таго часу, як адгрымелі апошнія залпы над Берлінам, мы не раз станавіліся сведкамі таго, што на розных кантынентах, уключаючы і Еўропу, успыхвалі "гарачыя кропкі", гінулі людзі і цяклі рэкі крыві.

Вайна набывае ўсё новыя абліччы і вядзецца не толькі сілай зброі, але і метадамі палітычнага і інфармацыйнага націску, эканамічнага шантажу, пагроз і санкцый.

Суверэнная Беларусь пастаянна знаходзіцца пад прыцэлам гармат неаб'яўленай халоднай вайны. Сёй-той на Захадзе так і не змог змірыцца з тым, што Беларусь не стала чарговай "бананавай рэспублікай", якая танцуе пад дудку заакіянскіх дэмакратый. Нас душаць санкцыямі, абліваюць брудам паклёпу. Уздоўж нашых граніц лятаюць ваенныя самалёты НАТА, ствараюцца новыя базы, учыняюцца правакацыі.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.Але ніхто не прымусіць наш народ звярнуць з выбранага ім шляху. Беларусь няўхільна прытрымліваецца прынцыпаў міжнароднага права, адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва з усімі, але выключна на прынцыпах узаемнай павагі і даверу.

Пры гэтым мільёны грамадзян Беларусі цвёрда стаяць на варце суверэнітэту сваёй дзяржавы. У сучасных умовах абарона Радзімы набывае сапраўды ўсенародны характар, у аснове якога — патрыятызм і гатоўнасць кожнага адстаяць незалежнасць беларускай дзяржавы.

Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь складаюць аснову гэтага шчыта Айчыны. Наша дзяржава фарміруе ваенную дактрыну зыходзячы выключна з прынцыпаў абароннай дастатковасці і стратэгічнага стрымлівання патэнцыяльнай агрэсіі, у поўным аб'ёме выконвае свае абавязацельствы ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Магістральным напрамкам нашага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы з'яўляецца ўзаемадзеянне з брацкай Расіяй. Улічваючы новыя выклікі і пагрозы нашай бяспецы, мы імкнёмся ўмацаваць сістэму проціпаветранай абароны, каб забяспечыць недатыкальнасць граніц дзяржавы і яе суверэнітэт. Падкрэсліваю: новыя комплексы і самалёты — гэта выключна абарончая зброя. І мы будзем мець іх столькі, колькі неабходна для бяспекі нашай дзяржавы. Ваенныя дактрыны Беларусі і Расіі не прымаюць перспектывы вайны. Чужых зямель нам не трэба. Але і свае будзем берагчы як зрэнку вока, навучаныя вопытам мінулых пакаленняў і сучаснымі трагічнымі падзеямі. Таму мы зробім усё магчымае для абароны рубяжоў Саюзнай дзяржавы і ўмацавання братэрства па зброі.

Дарагія ветэраны!

У сваім слаўным мінулым народы заўсёды шукаюць крыніцу, якая ўмацуе іх духоўныя сілы. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра ваш подзвіг неабходна нам, каб, натхняючыся веліччу былога, упэўнена ісці ў заўтрашні дзень.

Прыміце нашу вялікую падзяку за гэта свята. За мірнае неба над галавой, за падоранае нам жыццё. За гэту цудоўную краіну, якая будуецца, расце і прыгажэе з кожным днём.

Я ўпэўнены, што нашы дзеці, унукі і праўнукі захаваюць і прымножаць завешчаныя вамі традыцыі доблесці і мужнасці.

Я ад усёй душы віншую вас, дарагія ветэраны, усіх жыхароў і нашых гасцей са святам Вялікай Перамогі.

Жадаю вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, поспехаў, дабрабыту, шчасця і працвітання.

З Днём Перамогі, дарагія сябры! 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. Дарагія ветэраны! Паважаныя суайчыннікі і госці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика