Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», рух «За Свабоду» і Партыя БНФ заявілі аб доўгатэрміновым стратэгічным партнёрстве. «Такога кроку дагэтуль беларуская апазіцыя не рабіла», — сказаў лідар «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 20 мая, пиша БелаПАН.
Мэта партнёрства — палітычныя і эканамічныя змяненні ў Беларусі, што немагчыма без змянення ўлады, падкрэсліў Някляеў. Ён выказаў упэўненасць у тым, што стратэгічныя партнёры змогуць знайсці адказ і на пытанне аб тым, хто будзе адзіным кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года. «Гэта будзе чалавек, які прадстаўляе не толькі апазіцыю, але і большую частку насельніцтва, якая выступае за перамены», — заявіў Някляеў, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва разлічана прынамсі на тры найбліжэйшыя выбарчыя кампаніі — выбары ў мясцовыя саветы, прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.
Як растлумачыў Някляеў, сёння было вырашана правесці сустрэчу трох арганізацый, таму што ў іх «ёсць дамоўленасці па ўсіх пытаннях». «У нас ёсць дамоўленасці і з іншымі арганізацыямі, але не ў такім аб'ёме. Але мы чуем усе іх прапановы — і наконт выбару адзінага кандыдата, і адносна фарматаў удзелу ў мясцовых выбарах», — падкрэсліў палітык.
У сваю чаргу лідар руху «За Свабоду», адзіны кандыдат у прэзідэнты ад дэмсіл на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч заявіў: «Не трэба баяцца, што тут сядзіць не ўся апазіцыя».
«Калі б тут былі ўсе арганізацыі, мы маглі б загаварыць працэс. Мы доўга працавалі разам і выпрацавалі прапановы, якія, думаю, падтрымаюць усе», — сказаў Мілінкевіч. Ён таксама падкрэсліў: партнёрства не азначае стварэння адзінай арганізацыі.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў упэўненасць, што «разам будзе лягчэй адстойваць як палітычныя мэты кожнай арганізацыі, гэтак і нацыянальныя інтарэсы Беларусі».