Як і прадугледжвалася планам будаўніцтва, напрыканцы мая на малочнатаварнай ферме “Маляўшчына” дзяржаўнага прадпрыемства “Эксперыментальная база “Свеклавічная” гаспадарчым спосабам уведзены ў строй дзеючых новы кароўнік з даільным малочным блокам. Кароўнік разлічаны на 240 галоў з бяспрывязным утрыманнем жывёлы. У даільным малочным блоку зманціравана даільная ўстаноўка “Паралель 2 х 16” фірмы “Вестфалія”. Да моманту пуску апошняй у кароўнік паставілі 32 каровы і каля 90 цялушак з рознымі тэр-мінамі ацёлу. 44 цялушкі купілі ў ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, “Сейлавічы” і “Грыцкевічы”, астатніх перавялі з уласных фермаў.
Работу на новым кароўніку даручылі аператарам машыннага даення Алене Шыгорынай і Таццяне Катлубай, слесару Аляксандру Лангазаву. У пятніцу абсталяванне падключылі, новая даільная ўстаноўка запрацавала. На адкрыццё новага аб’екта былі запрошаны прадстаўнікі фірмы “Вестфалія” і “ЭксБілд” (пастаўшчыка халадзільнага абсталявання).
Новае памяшканне будзе паступова запаўняцца жывёлай. Побач падрыхтавана будаўнічая пляцоўка для другога кароўніка. Хутка пачнецца яго ўзвядзенне.
— А на адным са старых кароўнікаў гэтай фермы плануем правесці рэканструкцыю, — расказала “НН” галоўны заатэхнік гаспадаркі Таццяна Лазіцкая. — Там будзе месца для сухастою, радзільнага аддзялення і раздою.
Жывёлагадоўчыя фермы раёна абнаўляюцца. То ў адной, то ў другой гаспадарцы з’яўляюцца сучасныя памяшканні з новымі тэхналогіямі вытворчасці. І ў іх шэрагу — МТФ “Маляўшчына”.
Дзмітрый ЯШЧАНКА