ААТ «Княж»: дзень сённяшні
16.11.2018
—
Сельское хозяйство
|
18 лістапада аграрыі нашай краіны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Са станоўчымі вынікамі па шматлікіх паказчыках падышлі да гэтай даты ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Княж”. Сельгасугоддзі тут складаюць 4.900 гектараў, з іх ворыва — 2.600. Землі ў гаспадарцы, у сваёй большасці, сугліністыя, цяжкія. Тым не менш, нягледзячы на гэтую акалічнасць сёлета тут своечасова правялі веснавую пасяўную, корманарыхтоўчыя работы, у тэрмін завяршылі жніво, пасеялі азімыя культуры. Пра тое, як развіваецца сельгаспрадпрыемства сёння, мы пагутарылі з яго кіраўніком Уладзімірам Пятровічам Будам: — Уладзімір Пятровіч, як сёлета склаліся справы ў раслінаводчай галіне? — Мяркуйце самі, сёлета мы сабралі зерневых культур на 500 тон больш, чым летась. Вал склаў 2.075 тон. Рапсу намалацілі 220 тон, у мінулым годзе яго зусім не было. Рэалізавана гэтай культуры на суму 150 тысяч рублёў, што дазволіла закупіць запасныя часткі, удабрэнні для патрэб гаспадаркі. У поўным аб’ёме выканалі заказ па здачы зерня дзяржаве. У 2017 годзе азімыя былі пасеяны на плошчы 260 гектараў. Сёлета мы засеялі палі на плошчы 940 гектараў і выканалі даведзены гаспадарцы план на 119%. На 150-ці гектарах загарнулі ў глебу насенне азімага рапсу і свірэпіцы. — Наколькі трывалая створана кармавая база на зімова-стойлавы перыяд? — Для кармлення 1.600 галоў буйной рагатай жывёлы мы сёлета назапасілі 688 тон сена, 5.706 тон сенажу, у тым ліку 465 тон у палімернай упакоўцы. У траншэі закладзена 1.600 тон кукурузнага сіласу. У наяўнасці ёсць канцэнтраты і шрот. Для ўласных патрэб маем у дастатковай колькасці фуражу. Цалкам разлічыліся з запазычанасцямі перад камбікормавымі заводамі. — Вядома, калі ёсць трывалая кармавая база, то будзе развівацца і жывёлагадоўля. Якія зрухі ў гэтым накірунку адбыліся ў ААТ “Княж”? — Як я ўжо сказаў, у гаспадарцы налічваецца 1.600 галоў БРЖ. За год статак буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 250 галоў. Для іх размяшчэння ўласнымі сіламі і сродкамі адрамантавалі дзве фермы ў вёсцы Прамяны, завяршылі ўзвядзенне арачніка. — Як вам удалося за такі кароткі тэрмін дабіцца росту пагалоўя БРЖ? — Па-першае, мы прыклалі максімум намаганняў, каб знізіць падзеж жывёлы; па-другое, значна зменшылі яе прырэзку; па-трэцяе, закупілі ў насельніцтва больш за 60 галоў маладняку. Але самым галоўным я лічу сумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў усіх, хто працуе ў галіне жывёлагадоўлі. Цяпер работнікі самі зацікаўлены ў тым, каб працоўныя паказчыкі толькі раслі, бо ад гэтага напрамую залежыць іх заробак. Лепш спрацаваў — больш атрымаў грошай. — Ці прыносіць вашаму сельгаспрадпрыемству грашовы прыбытак рэалізацыя малака дзяржаве? — Безумоўна, асабліва, калі гэта не толькі колькасны паказчык, але і якасны. За 10 месяцаў мінулага года намі было рэалізавана 120 тон малака, за такі ж перыяд 2018 года мы прадалі 177 тон. 83% малака здадзена класам “экстра”. І тут сваю значную ролю адыгрывае чалавечы фактар. На малочнатаварнай ферме “Германавічы” добрыя паказчыкі ў аператараў машыннага даення Алены Мухамора і Людмілы Хаданёнак. За 10 месяцаў бягучага года першая даярка атрымала 4.034 кілаграмы малака, другая — 3.800. На ферме “Сталіца” самыя вялікія прывагі на адкорме БРЖ у даглядчыцы Валянціны Рубніковіч. Сярэднясутачная прывага ў яе гурце складае 427 грамаў. Добра працуе на МТФ “Германавічы” і даглядчыца цялят Раіса Буткевіч. Пасля расцёлу за цялятамі спачатку даглядаюць на працягу дзесяці дзён аператары машыннага даення, а затым іх пераводзяць у гурт, дзе працуе Раіса. Падзеж жывёлы тут адсутнічае наогул, прывагі высокія і галоўнае, што цяляты здаровыя. — Цыкл палявых работ цяпер закончаны. Чым займаюцца механізатары ў дадзены перыяд? — Цяпер трактарысты ставяць тэхніку на зімовае захоўванне. Зернеўборачныя і кормаўборачныя камбайны мы размясцілі ў закрытых боксах у вёсцы Сталіца. Механізатары ў механічных майстэрнях цэнтральнай сядзібы займаюцца чысткай прычапных агрэгатаў: чызеляў, культыватараў, дыскатараў, касілак, плугоў. Некаторыя трактарысты, як і ў мінулыя гады, будуць працаваць на падвозе кармоў на жывёлагадоўчых фермах і вывазе арганікі, іншыя займуцца рамонтнымі работамі і падрыхтоўкай тэхнікі да вясенняй пасяўной кампаніі. — Сёлета ў вашай гаспадарцы значна павялічыліся пасяўныя плошчы. Ці хапае тэхнікі і механізатарскіх кадраў? — Так, мы ўвялі ў севазварот землі, якія шмат год не выкарыстоўваліся каля вёсак Курылава і Погары. Трактарны парк гаспадаркі налічвае тры адзінкі МТЗ-3022, тры МТЗ-1221, тры “Амкадоры”, іншую тэхніку. Маем таксама два трактары К-701. За кожным замацаваны механізатар. Усе працуюць сумленна і бездакорна. Напрыклад, Аляксандр Данілаў на энерганасычаным МТЗ-3022 за 10 месяцаў выпрацаваў дзве тысячы мотагадзін. Яго трактар амаль ніводнага дня не прастойваў без работы. Тэхніка ў руках мужчыны заўсёды ў спраўным стане, запчасткі для рамонту, як і гаручазмазачныя матэрыялы, пастаянна маюцца ў наяўнасці. — Немалаважным фактарам поспехаў у працы з’яўляецца заработная плата. Колькі вашы работнікі атрымліваюць грошай у месяц? — Усяго ў адкрытым акцыянерным таварыстве працуюць 117 чалавек. Кожны з іх зацікаўлены ў тым, каб атрымліваць штомесяц высокі заробак. А гэта, як самі ведаеце, у многім залежыць ад чалавека. Наколькі работнік якасна, сумленна і аператыўна выканае тую або іншую даручаную справу, столькі ён і атрымае на рукі ў грашовым эквіваленце. Сярэдні заробак за мінулы год склаў 236 рублёў, а сёлета нашы працаўнікі атрымліваюць 427 рублёў. Дарэчы, зарплата выдаецца без затрымак. У дзень нашага наведвання ААТ “Княж” акрамя вытворчых аб’ектаў, дзе мы пабывалі разам з кіраўніком гаспадаркі, наведалі і адміністрацыйны будынак. Тут мы сустрэлі намесніка дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Таццяну Іосіфаўну Бохан і галоўнага заатэхніка Леакадзію Віктараўну Буду. Спецыялісты абмяркоўвалі шэраг вытворчых пытанняў, сярод якіх і правядзенне ўрачыстага сходу, прысвечанага Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. — У гаспадарцы кожны год распрацоўваюцца ўмовы матэрыяльнага заахвочвання пераможцаў спаборніцтваў па выніках вясенняй пасяўной кампаніі, корманарыхтоўчых работ і ўборкі зерневых, — тлумачыць Таццяна Іосіфаўна. — Цяпер жа мы разам з Леакадзіяй Віктараўнай падводзім вынікі працы жывёлаводаў гаспадаркі за дзесяць месяцаў для ўзнагароджвання лепшых. Наогул, любыя пытанні мы абмяркоўваем калегіяльна. Перш чым прыняць адпаведнае рашэнне, выказваем свае прапановы Уладзіміру Пятровічу, які заўсёды аказвае падтрымку. Кіраўнік гаспадаркі ніколі не застаецца ў баку ад вырашэння нават самых нязначных пытанняў, а, наадварот, садзейнічае іх рэалізацыі з карысцю для сельгаспрадпрыемства і работнікаў. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|