Да свайго фінішу набліжаецца пасяўная кампанія ў ААТ «Ельня-Агра»
19.04.2019
—
Сельское хозяйство
|
16 красавіка мы наведалі ААТ “Ельня-Агра”, каб пацікавіцца станам спраў у адной з перадавых гаспадарак нашага раёна. Сустрэўшы каля адміністрацыйнага будынка дырэктара сельгаспрадпрыемства Міхаіла Якімовіча і яго намесніка па ідэалагічнай рабоце Ніну Буду, не губляючы часу, мы разам з імі рушылі на “Ніве” па палетках акцыянернага таварыства. За вёскай Буды на полі брыгада працоўных збірала каменне ў трактарны прычэп. — Справа гэта вельмі неабходная, — кажа Міхаіл Мікалаевіч, — бо калі цяпер не сабраць камяні з палёў, то падчас жніва цалкам верагодна, што яны могуць трапіць у механізмы зернеўборачных камбайнаў. Дырэктар гаспадаркі спачатку пацікавіўся станам спраў у работнікаў, а потым павіншаваў механізатара Аляксея Фёдарава з працоўнымі дасягненнямі, уручыў яму падзяку ад адміністрацыі і прафкама, а таксама грашовую прэмію. Пераадолеўшы некалькі кіламетраў дарогі паміж вёскамі Буды і Белы Двор, мы трапілі ва ўрочышча Масткі. Тут працаваў на К-701 у счэпе з дыскатарам механізатар Уладзімір Яблонскі. Следам за ім зерневыя сеяў на КЗР-10 з сеялкай “Лемкен” Андрэй Удобкін. На падвозе зерня задзейнічаны Іван Пажарскі. Рокат магутнай тэхнікі быў чутны здалёк. Мясціны гэтыя амаль абязлюдзелі, але палеткі ААТ “Ельня-Агра” апрацоўвае кожны год. Усе ўчасткі, нават самыя малаконтурныя, пушчаны ў севазварот. Механізатары, на некалькі хвілін прыпыніўшы сваю тэхніку, прама ў полі прымалі віншаванні за добрасумленную работу ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. — Вельмі важна заахвоціць работнікаў не толькі маральна, але і матэрыяльна, — падкрэслівае намеснік дырэктара Ніна Буда. — Гэта, несумненна, надае стымул для далейшых працоўных дасягненняў. Кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюзны камітэт заўсёды ідуць насустрач сваім работнікам, гэта ў нас даўно ўвайшло ў практыку. — А дзе ж працуе іншая тэхніка вашай гаспадаркі? — спыталі мы ў Міхаіла Якімовіча. — Хутка пабачыце, — адказаў дырэктар. — Цяпер мы паедзем на 44-гектарнае поле за вёскай Мікіцёнкі. Ворыва культыватарамі апрацоўвалі чатыры адзінкі тэхнікі: Яўгеній Арэх на МТЗ-1523, Аляксандр Мацкевіч на МТЗ-920, Іван Шышковіч на МТЗ-3022 і Дзмітрый Мацкевіч на Т-150К. Як не дзіўна, але толькі ў ААТ “Ельня-Агра” маюцца дзве адзінкі трактароў Т-150К, зробленых яшчэ ў савецкі час на Харкаўскім трактарным заводзе. Тэхніцы ўжо больш трыццаці год, але ва ўмелых руках механізатараў яна працягвае працаваць. — Паважаныя механізатары, вялікі дзякуй вам за вашу шчырую і самаадданую працу на карысць нашай гаспадаркі, — з такімі словамі звярнуўся да мужчын Міхаіл Мікалаевіч. — На вас, сумленных працаўніках, трымаецца наш агульны дабрабыт, памнажаюцца працоўныя поспехі. У якасці матэрыяльнага заахвочвання дазвольце мне ўручыць кожнаму з вас грашовыя прэміі. Няхай вам заўсёды шчасціць у жыцці, а праца прыносіць карысць не толькі гаспарарцы, але і вашым сем’ям. Несумненна, кожнаму прыемна было пачуць такія словы падзякі ад кіраўніка акцыянернага таварыства. Пасля гэтага механізатары, не марнуючы часу, зноў завялі рухавікі сваіх “сталёвых коней” і адзін за адным рушылі на поле. Толькі кнігаўкі, чародкамі ўзлятаючы за трактарамі, сваім птушыным крыкам дапаўнялі гул рухавікоў. Прыемна было пабачыць у чарговы раз і ветэранаў сельгасвытворчасці Льва Васілеўскага і Мікалая Якімовіча. Мужчыны займаліся пагрузкай і вывазам арганічных угнаенняў на полі каля вёскі Іванава. Абодва ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але не пакідаюць сваю механізатарскую справу. На гэтым тыдні яны ўносяць арганіку пад сяўбу кукурузы. З самага пачатку пасяўной кампаніі лідарам не толькі па гаспадарцы, але і па раёне на ўнясенні мінеральных тукаў з’яўляецца вадзіцель Васілій Якімовіч. Па стане на 18 красавіка на агрэгаце “Раса” мужчына ўнёс мінеральныя ўдабрэнні на плошчы 705 гектараў. Наведалі мы і механічныя майстэрні. Рамонтам счаплення ў трактары МТЗ-1221 займаўся Генадзій Радкевіч. Мужчына жыве ў аг. Германавічы, працуе ў ААТ “Княж”. Але ўжо не першы год дапамагае падчас пасяўной кампаніі суседняй гаспадарцы. Маючы вялізны вопыт працы і стаж работы, ён з любой тэхнікай на “ты”. Генадзію Міхаіл Мікалаевіч таксама ўручыў грашовую прэмію як аднаму з лепшых механізатараў. Несумненна, што працоўныя паказчыкі аграрыяў у многім залежаць і ад таго, наколькі сытна і смачна яны падсілкуюцца. А пра гэта клапоцяцца работнікі сталовай — загадчыца Фаіна Фаміна і повар Алёна Осіпава. Двойчы на дзень яны гатуюць і развозяць па чарзе па палетках гарачыя каларыйныя і разнастайныя стравы — абед і падвячорак, за што кожны работнік ім вельмі ўдзячны. У дзень нашай паездкі ў ААТ “Ельня-Агра” былі ўзнагароджаны 13 механізатараў і вадзіцеляў — работнікаў, якія дасягнулі лепшых паказчыкаў падчас вясенне-палявых работ. Па стане на 18 красавіка ў гаспадарцы пасеяна 71,3 працэнтаў зерневых да плана, 97 працэнтаў яравога рапсу, хутка распачнецца сяўба кукурузы. Вясенняя пасяўная кампанія набліжаецца тут да свайго фінішу. Сяргей РАЙЧОНАК
|
|