На гадзінніку палова восьмай раніцы. У адміністратыўных будынках і ўстановах Карэліччыны яшчэ толькі загараецца святло. Для работнікаў жа жывёлагадоўчай галіны раёна працоўны дзень у самым разгары. Калі верыць народнай мудрасці “Як раніцу пачнеш, так і дзень правядзеш”, то для жывёлаводаў КСУП “Малюшычы” аўторак, 11 лютага, стаў паспяховым. З самага ранку яны сталі непасрэднымі ўдзельнікамі рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”, якая ўжо другі месяц крочыць па Карэліччыне.
– На ферму прыязджаю ў шэсць раніцы. Да ранніх пад’ёмаў ужо прывыкла, – дзеліцца аператар машыннага даення МТФ “Сэрвач” Ірына Зайко, якая першай сярод малюшыцкіх жывёлаводаў атрымала заслужаную ўзнагароду ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Пянькоўскай. – На вячэрняе даенне вяртаюся на ферму а палове шостага вечара. На ферме працаваць нялёгка, але камусьці і гэтую работу неабходна выконваць.
Ірына Зайко працуе ў галіне жывёлагадоўлі каля 15 гадоў. Яшчэ адна гераіня прафсаюзнай акцыі, аператар машыннага даення МТФ “Малюшычы” Таццяна Барэйка – удвая больш, каля 30 гадоў. Штодзень жанчына надойвае каля 1800-1900 кг малака.
– Гэта чалавек, які поўнасцю адданы ферме, – дала кароткую, але вельмі ёмістую характарыстыку Таццяне Барэйка ўпраўляючая МТФ “Малюшычы” Ларыса Трахініна.
З лёгкім здзіўленнем на твары сустрэў старшыню райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыну Пянькоўскую і намесніка старшыні прафкама КСУП “Малюшычы” Алену Дзірвук жывёлавод таварнай фермы “Даўгінава” Сяргей Ждан. Даведаўшыся аб мэце прыезду гасцей, ён з радасцю адзначыў:
– Вельмі прыемна атрымаць Падзячнае пісьмо ад прафсаюзаў, віншаванні і словы падзякі за працу, якую б я назваў не інакш, як цяжкай. Але разумею, што яна неабходная.
Жывёлавод МТФ “Волца” Анатолій Блакіцкі мае 30-гадовы стаж працы ў жывёлагадоўлі. Доўгі час працаваў на МТФ “Людвікі” КСУП “Племзавод Карэлічы”. У 2005 годзе вярнуўся на бацькаўшчыну, у вёску Волца, і ўладкаваўся на ферму. Мужчына прызнаецца, што да фізічнай працы ён прывычны.
– Калі жывеш у вёсцы, трэба працаваць. Па-іншаму не атрымаецца, – адзначае Анатолій Блакіцкі. – У сельскай мясцовасці без хатняй гаспадаркі нікуды. Бацькі ўсё жыццё каня трымалі, і мы зараз трымаем. Ён наш памочнік.
У цэнтры прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод” таксама апынуліся жывёлавод фермы “Забалацце” Сяргей Куканаў, аператар машыннага даення МТФ “Машэвічы” Наталля Марцінкевіч і жывёлавод таварнай фермы “Руднікі” Дзяніс Мацко. Да віншаванняў далучылася старшыня прафкама КСУП “Малюшычы” Ганна Гурына. Менавіта так, у цёплай і шчырай абстаноўцы, работнікі жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі атрымалі добры стымул для стараннай працы.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара