Не лянуйся, працуй ды частуйся
22.08.2009
—
Новости Общества
|
Апошнi месяц лета шчодры на ўсё i ўсюды «Жнiвень-хлебасол падрыхтаваў багаты стол» – здаўна кажуць у вёсцы пра гэты месяц. Або яшчэ: «У жнiўнi не лянуйся, працуй ды частуйся». Вобразна i надзвычай трапна, бо такая характарыстыка самага шчодрага месяца жыве на Беларусi з глыбокай даўнiны. I нашы сяляне, як бачым, тут арганiчна звязваюць два галоўныя для гэтай пары паняццi — праца i частунак. У полi Ну что ж, i таго, i другога ў жнiўнi дастаткова. I ўсё ж перш-наперш – паўсядзённая людская руплiвасць з самай ранiцы да прыцемку. Бо, зноўжа па народнай прымаўцы, чым паўней колас, тым мацней наш голас. А колас – гэта хлеб. Хто хаця б раз пабываў у жнiво ў полi, той адчуе i зразумее, канешне, калi захоча, чаго каштуе хлеб наш надзённы. …Шырокае жытнёвае поле эксперыментальнай базы «Жодзiна» Смалявiцкага раёна. Дырэктар яе — Уладзiмiр Палазкоў — увесь светлавы дзень, ды i не толькi светлавы, на «хлебным пасту», як любiць сам гаварыць. — А цi ж можна iнакш? – здзiўляецца. – Жнiвень – гэта значыць, што працоўны дзень у вёсцы можа яшчэ працягвацца да паўночы, пакуль не ўпадзе на поле раса. Тут з-за кожнай дарэмна страчанай спрыяльнай гадзiны недабярэш зерне, калi збожжа пераспела, а ў любы момант пры сёлетнiм надвор’i можа сыпануць дождж, а то i яшчэ горш – лiвень. Не пра сябе думаеш, а пра хлеб. Скасiлi збажыну своечасова. — I якi настрой у вашых хлебаробаў? — Добры, бо ўзялi па 50 цэнтнераў з гектара, першае месца ў раёне. Зямля ж наша не дацягвае нават да 33 балаў, зусiм нiзкi паказчык. — А што адчуваеце асабiста вы на жытнёвым полi? — I радасць на душы, i задавальненне. Але самае галоўнае – шчырую ўдзячнасць усiм, хто зараз творыць хлеб. Па-першае, нашым камбайнерам, яны ў нас усе майстры адмысловыя. Ну i, прабачце за такую ўзнёсласць, дзякуй нашай зямельцы-кармiцельцы. Дзякуй Богу, што не забывае нас. Дзякуй кожнаму пагодлiваму дзянёчку. Пачуццi самыя розныя, яны сыходзяцца якраз у час жнiва, i гэта невыпадкова. Уладзiмiр Васiльевiч мае поўнае маральнае права так гаварыць, бо ў сваёй хлебаробскай справе сумленны i самаадданы да канца ўжо некалькi дзесяткаў гадоў. На агародзе Жнiвень шчодры на ўсё i ўсюды. На нашым дачным агародзе сёлета вельмi ўрадзiлi агуркi. Ужо больш як месяц ядзiм iх, шмат назапасiлi на зiму. Агуркi ж не адыходзяць: прыйдзеш ранiцай да градкi, а яны ляжаць сабе абмытыя чыстай расой, налiтыя за ноч жывою сiлай роднай зямлiцы. Ну цi ж можна ўтрымацца, каб не ўзяць яго i не схрумстаць? А на сняданне – маладая бульба, толькi што выкапаная табой жа на тваiм агародзе. З маласольнымi агуркамi, прыпраўленымi духмяным кропам, вострым часнаком, лiсцямi хрэну i вiшнi. Што можа быць смачней за такую страву сярод цудоўнай прыроды на чыстым паветры ў лагодны жнiвеньскi ранак? Ды не аднымi агуркамi частуе цябе агарод. Яшчэ чырванеюць у цяплiцы памiдоры, так сонцам налiтыя, што трэскаюцца. Бы тыя добра адкормленыя парсючкi, схавалiся пад шырокiм лiсцем кабачкi. Цыбуля ўжо выбрана, добра прасушана i дбайна прыгатавана на зiму. Буракам яшчэ расцi з месяц, а то i больш, i ўсё ж вельмi карцiць выкапаць два-тры, зварыць боршч. Сусед, дзядзька Сiвы, прынёс нам качан капусты са свайго агарода. Ды якi! Цяжка трымаць у руках. «Гэта вам за вашы парэчкi», — усмiхаецца сусед. У нашым садзе столькi ўрадзiла чорных парэчак — не ведалi, што з iмi рабiць. Прапанавалi суседу: рвi, колькi хочаш. Ну а дзядзька Сiвы ў вёсцы, дзе нашы дачы, хоць i не аграном па спецыяльнасцi, але ж агарод мае ўсiм на зайздрасць. Яшчэ да выхаду на пенсiю прыдбаў у вёсцы ўтульны куточак, якi быў закiнуты. Даглядаў, упрыгожваў i цяпер жыве тут круглы год, не чуючы гарадскога тлуму. Канешне, немалы агарод патрабуе ад чалавека шмат часу, клопатаў, сiл. — Iнакш гаспадарыць на зямлi нельга, — гаворыць сусед. – Няхай гэта будзе твая ўласнасць цi дзяржаўная, усё роўна да зямлi трэба заўсёды — з дабрынёй i любоўю. Мая мама калiсьцi мне казала: «Сынок, зямлi, як i Богу, трэба кланяцца з ранiцы да вечара». Вельмi глыбокая жыццёвая фiласофiя ў словах простай сялянкi… У лесе На ўскрайку лесу, у кустах, прытулiлiся тры веласiпеды. Крыху далей чуваць вясёлыя дзiцячыя галасы. Зразумела: у суседнюю вёску прыехалi да сваiх дзядоў i бабулек на летнiя канiкулы з горада iх унукi, а то, слава Богу, i праўнукi. Лес – пад самым бокам, iм тут такое прыволле, столькi цiкавага, незвычайнага, падчас загадкавага. А зараз якраз пачалася грыбная пара, ды i ягад шмат яшчэ. Чакаю, калi i з чым выйдуць з лесу дзецi. Вось выскачыў хлопчык гадкоў пад дзесяць. Убачыў мяне i крыху разгубiўся. — Дзядзечка, во, глядзiце, — i працягвае цалафанавы пакет з чарнiцамi. – Пачастуйцеся, мне не шкада. Сам ён, вiдаць, наеўся ягад ад пуза: i вусны, i рукi ў чарнiчным соку. Дзякую i пытаюся, што ён зробiць з гэтымi ягадамi. — Бабульцы аддам, а яна варэнiкаў прыгатуе. Ох i смачныя, я за лета так iх наеўся. Падыходзяць яшчэ двое хлапчукоў. У гэтых, акрамя ягад, яшчэ грыбы – вясёлыя падасiнавiкi, некалькi баравiкоў. Завязваецца гаворка. «Як вам у вёсцы?» – цiкаўлюся. «Здорава, так можна адпачыць». «А што тут самае цiкавае?» — «Ды ўсё – лес, поле, агарод, азярцо. Нi табе машын, i людзей зусiм мала. Нiхто нiкуды не спяшаецца». «I што – у горад не хочацца?» «Не, — дружна адказваюць хлапчукi. – Што ў тым горадзе, адны вялiкiя дамы ды машыны ўсюды. А тут – iдзi куды хочаш. Шкада, жнiвень ужо канчаецца, такi добры месяц…» Ну што тут можна дадаць? Дзецi вельмi чуйна, з уласцiвай iм непасрэднасцю, разбiраюцца, што на нашай роднай зямлi сапраўды прыгожае i добрае… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнi месяц лета шчодры на ўсё i ўсюды
|
|