Крамлёўская дыета — шлях да iнфаркту?
28.08.2009
—
Новости Общества
|
Здаецца, "крамлёўская" дыета прадэманстравала ўжо яе аматарам вынiкi — вялiкiя страты для здароўя, аджыла сваё i цалкам выйшла з моды. Тым не менш, у Інтэрнэце працягваюць абмяркоўваць "плюсы " i "мiнусы" нiзкавугляводных дыет кшталту "крамлёўскай", дзе вiтаецца ўжыванне мяса i рыбы (бялковай ежы) ва ўрон крупам, макароне, садавiне i гароднiне (вугляводнай ежы). На гэты раз падставай для размовы сталi эксперыменты даследчыкаў Гарвардскага ўнiверсiтэта на лабараторных мышах. Вучоным удалося вызначыць, што ў мышэй, якiя ўжывалi мала вугляводаў i шмат бялку, хоць i знiзiлася вага, але на 15 працэнтаў павялiчылася атэрасклератычнае паражэнне артэрый у параўнаннi з тым, якое было б пры звычайным харчаваннi. Маўляў, спачатку ўзмацняецца "налiпанне" на сасуды халестэрынавых бляшак, а там i да iнфаркту з iнсультам недалёка. Што да пахудзення, то, як вядома, дыеты, як iх разумеюць у народзе, спецыялiстамi па харчаваннi даўно аднесены да дзейсных спосабаў хутка i якасна падарваць здароўе. Харчаванне чалавека павiнна быць разнастайным i ўмераным! Прынцып просты: лепш недаесцi, чым пераесцi. Плюс змена становiшча седзячы-лежачы на актыўную жыццёвую пазiцыю. Толькi рух нас можа ўратаваць! Што да сасудаў, то любыя ўхiлы з харчаваннем (абмежаваннi той цi iншай групы прадуктаў) — не фiзiялагiчныя. I калi ўжо абмяжоўваць у сваiм рацыёне якую-небудзь групу ежы, дык толькi не клятчатку, не садавiну з гароднiнай. — Нельга пакуль дакладна сцвярджаць, што "крамлёўская" дыета прыводзiць да iнфаркту або iнсульту, — тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнiк РНПЦ "Кардыялогiя" Iгар КАЗЛОЎ. — Гэта не даказана. А вось дзеянне гароднiнна-фруктовай дыеты ў дачыненнi да прафiлактыкi сардэчна-сасудзiстых станаў несумненнае, яно даказана. Па-першае, клятчатка, кажучы простай мовай, "адцягвае ўвагу" халестэрыну на iншыя задачы ў арганiзме, з-за чаго апошнi адкладваецца на сценках сасудаў у меншай ступенi, яго менш цыркулюе ў крывi. Па-другое, садавiна i гароднiна — гэта крынiца розных антыаксiдантаў, якiя ў сваю чаргу абараняюць сасуды ад аксiдантнага стрэсу, папярэджваюць перакiснае акiсленне лiпiдаў. Такiм чынам, можна сцвярджаць, што дэфiцыт клятчаткi, у тым лiку гароднiны i садавiны ў рацыёне — гэта фактар рызыкi развiцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Святлана БАРЫСЕНКА. |