Куточак, ад Бога дзiвосны. 21.by

Куточак, ад Бога дзiвосны

28.08.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

I маленькае падарожжа па лясной сцежцы можа адазвацца ў душы вялiкiмi пачуццямi

Кожны куточак нашай роднай зямлi, няхай гэта будзе поле, цi луг, цi дуброва, цi бярозавы гай, цi нешта iншае, па-свойму прыгожы i непаўторны. I ўсё ж краявiды нашы без вострай экзотыкi, але ж на дзiва чароўныя, заўсёды выклiкаюць у нас душэўнае ўзрушэнне i захапленне. Тут мы нарадзiлiся i жывём, i нiчога на свеце няма для нас даражэй. Вядома, калi чалавек умее i хоча ўсё гэта бачыць, адчуваць, разумець…

Запрашаю вас, паважаныя чытачы, прайсцiся па лясной сцежцы, самай звычайнай, якiх многiя тысячы. У самым пачатку яна чыстая, вясёлая, быццам хтосьцi яе прыбраў да нейкага свята. Злева свабодна i прасторна разышлiся ў сваёй здаровай свежасцi зялёныя ялiны, няма сухастою i зламаных дрэў. Пад ялiнамi абапал дарожкi – мноства кветак — белых, жоўтых, блакiтных, такi шматкаляровы жывы дыван.

Далей пайшлi ўжо высокiя старыя бярозы, гонкiя сосны, тут не так густа, i яркiя промнi сонца пранiзваюць лес. I ўсё тыя кветкi. На адну з iх, вялiкую, жоўтую, прысеў на дзiва прыгожы матылёк. У яго шырокiя рудаватыя крылцы, на якiх рассеяны чорна-белыя крапiнкi. Побач з iм на кветку апусцiлася пчала i пачала руплiва завiхацца. Матылёк жа свайго месца не ўступае, так i трымаюцца разам на адной i той жа кветцы пад цёплым, ласкавым сонцам.

Дзве магутныя ялiны растуць з аднаго кораня. Ствол на метры два ў iх адзiн, потым яны разыходзяцца ў бакi, паасобку iмкнуцца ўверх. Цесна пераплялiся сваiмi галiнамi, быццам рукамi, падтрымлiваюць адна другую. Зусiм бы тыя родныя сёстры. I такая дружба iм дапамагае ў жыццi, бо ў гэтым месцы дзе-нiдзе старыя дрэвы павалiў вецер, а сёстрам-ялiнам ён не страшны.

А вось каля старой сасны вытыркнуўся з зямлi тоўсты моцны корань. Над iм – яшчэ адзiн, такая вось мудрагелiстая канструкцыя. Але гэта яшчэ не ўсё. Другiя каранi сасны перабралiся праз дарожку. Iх шмат. Яны амаль на паверхнi зямлi. Тут ходзяць людзi, ездзяць машыны. Каранi ж не засыхаюць, жывуць, сiлкуюць сваю сасну. Зямля ў гэтым месцы быццам пераплецена моцнай арматурай, i дрэва стаiць моцна i ўпэўнена.

Але вось я падыходжу да надзвычай маляўнiчага пагорка i бачу, так бы мовiць, рэзкую перамену настрою леса. На самым пагорку яшчэ светла i прасторна, справа — малады бярэзнiк i сасоннiк, дзе заўсёды шмат лiсiчак. А ўнiзе — магутныя сосны, з усiх бакоў ялiны, бярозы, густы дружны падрост. Тут больш змрочна, у паветры прыемная свежасць, сама дарожка, здаецца, пахне вiльгаццю, дубамi, бярозамi i, канешне ж, грыбамi.

Якое здаровае паветра ў гэтай мясцiне, як прыемна дыхаць. I не дзiўна: толькi адзiн гектар лесу на працягу гадзiны забiрае два кiлаграмы вуглекiслаты, столькi выдыхаюць яе за гэты час 200 чалавек. Лясное паветра ўтрымлiвае бактэрый у 300 разоў менш, чым гарадское – яго ачышчаюць фiтанцыды. Некаторыя дрэвы вы­дзяляюць iх за суткi столькi, што iмi можна было б абя­сшкодзiць ад хваробатворных бактэрый цэлую вулiцу горада. Вось якой сiлай валодае наш верны зялёны сябар.

На жаль, у апошнiя гады моцныя бураны i шалёныя ветры знiшчылi ў Беларусi шмат лесу. Як паведамiў мне начальнiк Упраўлення лясной гаспадаркi Мiнлясгаса Валянцiн Шатраўна, толькi сёлета загiнула лесу на плошчы звыш 18 тысяч гектараў. Драўнiны трэба прыбраць у аб’ёме 1 мiльёна 300 тысяч кубаметраў. Работы гэтыя развярнулiся ўсюды, дзе неабходна, iдуць поўным ходам.

Не абыйшла бяда i наш лес: зламаныя, а то i вывернутыя з каранямi дрэвы месцамi завалiлi сцежку. Ачысцiлi яе хутка, драўнiну вывезлi. Спыняюся ля кутка калiны. Ягады паспелi ўжо, чырвоныя, сакавiтыя, густа вiсяць на галiнах. Мяне здзiўляюць не яны, а куст каля дарожкi. Цяжкiя машыны, якiя тут хадзiлi, павiнны былi яго зламаць. Але ж каляiна крыху павернута ўбок, абмiнула куст.

Гутару з Уладзiмiрам Лукшычам, галоўным ляснiчым Усяжскага ляснiцтва Смалявiцкага лясгаса:

— Вашы людзi вельмi акуратна вывозяць паваленыя дрэвы, нават куст калiны збераглi.

— Дык яны ж леснiкi, — адказвае Уладзiмiр Станiслававiч. – I добра ведаюць цану ўсяго, што расце ў нашым лесе, упрыгожвае яго i дорыць нам усiм радасць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
I маленькае падарожжа па лясной сцежцы можа адазвацца ў душы вялiкiмi пачуццямi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика