Не разлiчыўся — павiнен плацiць. 21.by

Не разлiчыўся — павiнен плацiць

02.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уладкаванне жыхароў рэгiёнаў у больш "грашавiтым" Мiнску — практыка амаль звычайная. Але не заўсёды ўдалая. Бо не сакрэт: раз-пораз у сталiцы таксама ўзнiкаюць праблемы з выплатай зарплаты. Што рабiць у такiм выпадку? I як быць, калi затрымлiваюць канчатковы разлiк пры звальненнi? Зрэшты, адказ тут просты — звярнуцца на працягу трох месяцаў у суд. Прычым у тым жа судзе работнiк мае поўнае права запатрабаваць спагнання з наймальнiка свайго сярэдняга заробку за кожны дзень затрымкi канчатковага разлiку або, калi разлiк быў праведзены не цалкам, — спагнання заробку прапарцыянальна "недаплачаным" сумам.

iж тым, цi павiнна залiчвацца ў час абавязковай "адпрацоўкi" маладога спецыялiста iнтэрнатура, якой можа быць максiмальная працягласць змены i цi заўсёды ёсць сэнс датэрмiнова спыняць "дэкрэтны" водпуск дзеля перспектывы заняць больш высокую пасаду? Усё гэта стала тэмамi чарговай "выязной прыёмнай" Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, што адбылася ў Пастаўскiм раёне.

З чаго пачаць адлiк?

Маладога спецыялiста накiравалi на пасаду правiзара ў аптэку, працоўны дагавор быў заключаны з 1 жнiўня 2007 года, пасля чаго пачалася iнтэрнатура. А восенню таго ж года выйшла пастанова аб змяненнi парадку размеркавання выпускнiкоў медыцынскiх ВНУ. У прыватнасцi, пастанова прадугледжвае: час iнтэрнатуры ў абавязковую "адпрацоўку" ўжо не ўваходзiць. I ўсё ж, цi "працуе" падобнае правiла ў гэтым канкрэтным выпадку?

— Сёння час iнтэрнатуры ў абавязковую "адпрацоўку" па размеркаваннi сапраўды не ўваходзiць, што даволi лагiчна: стажор — яшчэ не ўрач, — зазначае намеснiк начальнiка ўпраўлення прававога забеспячэння i нагляду Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Вадзiм Браташ. — Разам з тым, паколькi спачатку пачалiся працоўныя адносiны i толькi потым — з'явiлiся змяненнi ў заканадаўстве, тут могуць узнiкнуць падставы для працоўнай спрэчкi. I вырашаць яе трэба ў судзе.

Прывабна.
Але без гарантый

Жанчыне, якая знаходзiцца ў водпуску па доглядзе дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў, прапануюць датэрмiнова выйсцi на працу, i прычым — на больш высокую пасаду. Варыянт нiбыта цiкавы. Калi б не адна акалiчнасць: прапанаваная пасада вызвалiлася ў вынiку выхаду iншай супрацоўнiцы ў "дэкрэт".

— Асабiста я параiў бы спачатку добра падумаць,— заўважае Вадзiм Браташ. — Сутнасць у тым, што тут адбудзецца ўладкаванне на часовае месца паводле тэрмiновага працоўнага дагавору. I, па-першае, гэта азначае, што ў такой сiтуацыi немагчымыя дадатковыя меры стымулявання па кантракце — "лiшнiя" днi водпуску i павелiчэнне тарыфнай стаўкi цi акладу. А па-другое, трэба мець на увазе: тэрмiновы працоўны дагавор будзе заключаны толькi да моманту, пакуль не выйдзе на працу асноўны работнiк. Прычым зрабiць гэта асноўны работнiк можа ў любы дзень, адпаведна, напярэдаднi часовы работнiк будзе звольнены, нягледзячы на наяўнасць маленькага дзiцяцi.

Iншы момант — вяртанне на "сваю" ранейшую пасаду. У такiм разе заключаецца кантракт з усiмi неабходнымi стымуламi. I да таго ж як мiнiмум да часу, калi дзiцяцi не споўнiцца 5 гадоў.

Палова стаўкi
з поўнай дапамогай

Датэрмiновае спыненне "дэкрэтнага" — з'ява даволi папулярная. Нiякiх перашкод тут быць проста не можа: работнiк мае права напiсаць заяву на выхад на ранейшае месца практычна ў любы дзень, а абавязак наймальнiка — гэту заяву задаволiць. Сумненнi ўзнiкаюць наконт iншага: цi захаваецца ў такiм выпадку за жанчынай права на дапамогу па доглядзе за дзiцем ва ўзросце да 3 гадоў?

— Дапамога выплачвацца будзе, але раскладка тут наступная, — адказвае Вадзiм Браташ. — Калi жанчына перапыняе "дэкрэтны" i выходзiць на поўную стаўку, то памер дзiцячай дапамогi змяншаецца на 50 %. А калi не перапыняе водпуск па доглядзе i падчас яго працуе на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш чым палову месячнай нормы гадзiн), то дапамога працягвае выплачвацца ў поўным аб'ёме.

12 гадзiн —
гэта "столь"

Работнiкi арганiзацыi працуюць у дзве змены, прычым працягласць адной з iх — 14 гадзiн. Цi можа так быць?

— У нас iснуе пералiк прафесiй, працягласць працоўнага дня па якiх можа перавышаць 12 гадзiн, — кажа Вадзiм Браташ. — Аднак такiх прафесiй няшмат. Таму, каб прывесцi працягласць працы ў норму, супрацоўнiкi арганiзацыi могуць звярнуцца ў мiжраённую iнспекцыю працы.

Прычым раз-пораз сустракаецца i такая практыка. Каб не парушыць заканадаўства, наймальнiк пiша ў табелi ўлiку працоўнага часу 12 гадзiн. У рэальнасцi ж змена працягваецца больш. Тады задача работнiкаў — даказаць перапрацоўку. Для гэтага неабходна звярнуцца ў суд, якi, да слова, можа прыняць да ўвагi нават паказаннi сведак.

Абед заўсёды
па раскладзе

Працягласць працоўнага часу — тэма сапраўды вострая. Але не адзiная. Бо калi-нiкалi ўзнiкае i iншае няпростае пытанне — цi павiнны ў арганiзацыi прадугледжваць перапынак на абед?

— Ёсць прадпрыемствы, дзе прадугледзець перапынак на абед немагчыма з чыста тэхналагiчных меркаванняў, але i тут работнiку павiнны забяспечвацца ўмовы для харчавання, як кажуць, "без адрыву ад вытворчасцi", — тлумачыць Вадзiм Браташ. — Зрэшты, пералiк такiх прадпрыемстваў зноў-такi невялiкi. Абсалютная ж большасць арганiзацый бесперапыннага цыклу не мае, i тут вызначэнне перапынку на абед — непасрэдны абавязак наймальнiка. Заканадаўства ж прадугледжвае, што мiнiмальная працягласць такога перапынку можа складаць 20 хвiлiн, а максiмальная — 2 гадзiны. Прычым работнiк можа выкарыстоўваць гэты час выключна па ўласным меркаваннi.

Галоўнае —
калдагавор

Працягваць або не працягваць кантракт — права наймальнiка. Прычым уплываць на яго рашэнне па сутнасцi немагчыма, асаблiва калi той жа наймальнiк зрабiў своечасовае паведамленне. I ўсё ж пытаннi часам узнiкаюць. Напрыклад, цi можна "проста развiтацца" з работнiкам, якi аддаў арганiзацыi... 27 гадоў?

— Пастановай Савета Мiнiстраў рэкамендавана працягваць кантракты з работнiкамi, якiя маюць вялiкi стаж, на тэрмiн, не меншы за 3, а з высокаквалiфiкаванымi работнiкамi — за 5 гадоў, — нагадвае Вадзiм Браташ. — Прычым, калi гэта рэкамендацыя замацаваная ў калектыўным дагаворы, ёсць усе падставы дамагацца працягу кантракта. А калi наймальнiк супраць, то можна звяртацца ў камiсiю па працоўных спрэчках або ў суд.

Атэстацыя
не тайна

Яшчэ летась работнiкi арганiзацыi мелi 14 дадатковых дзён водпуску за шкодныя ўмовы працы. Сёлета гэтыя днi "знялi" з тлумачэннем: шкоднасць не пацвердзiлася атэстацыяй працоўных месцаў. Чаму "раптам" спатрэбiлася гэта атэстацыя? I цi павiнны былi пазнаёмiць з яе вынiкамi работнiкаў?

— З 2009 года дадатковы водпуск за працу ў шкодных цi небяспечных умовах даецца толькi па вынiках атэстацыi працоўных месцаў, i правесцi яе было неабходна яшчэ да 31 снежня, — распавядае Вадзiм Браташ. — Прычым азнаямленне работнiкаў з вынiкамi атэстацыi — абавязак наймальнiка. Калi ж гэтага не адбылося, то трэба звярнуцца да кiраўнiцтва арганiзацыi або ў мiжраённую iнспекцыю працы. I, дарэчы, варта таксама заўважыць: калi з вынiкамi атэстацыi работнiкi не згодныя, можна звярнуцца ў экспертызу ўмоў працы Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкама, якая i дасць адказ на пытанне, цi былi тут якiя-небудзь парушэннi.

Апошняя
надзея — суд

У савецкiя часы грамадзянiн Беларусi працяглы час працаваў на Крайняй Поўначы. Аднак для таго, каб аформiць датэрмiновую пенсiю, не хапiла месяца i 14 дзён неабходнага стажу. Што рабiць зараз?

Зрэшты, у гэтым выпадку па сутнасцi рабiць ужо нiчога не трэба. Магчымасць выхаду на датэрмiновую пенсiю за працу на Крайняй Поўначы або ў раёнах, што прыраўноўваюцца да яе, iснавала ў заканадаўстве Савецкага Саюза. А вось заканадаўства Рэспублiкi Беларусь такой магчымасцi не прадугледжвае па вельмi простай прычыне — Крайняй Поўначы ў нас няма.

Не такая бязвыхадная сiтуацыя — аднаўленне звестак аб ранейшай зарплаце. У пачатку 1990-х гадоў многiя жыхары таго ж Пастаўскага раёна працавалi ў расiйскiх вайсковых частках. I дзе шукаць гэтыя часткi зараз — невядома.

Мiж тым, парада тут наступная. Крок першы — гэта зварот у вайсковы архiў у Падольску. А ў выпадку адсутнасцi архiўных звестак крок другi — гэта зварот у суд. Прычым суд можа ўлiчыць такiя "другасныя" дакументы, як разлiковыя лiсткi, прафсаюзныя, партыйныя цi камсамольскiя бiлеты з пазначэннем памераў выплачаных узносаў i вызначыць заробкi за "страчаны" час. У сваю ж чаргу судовае рашэнне стане падставай для пераразлiку пенсii.

Сяргей ГРЫБ.

Мiнск—Паставы.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладкаванне жыхароў рэгiёнаў у больш "грашавiтым" Мiнску — практыка амаль звычайная. Але не заўсёды ўдалая. Бо не сакрэт: раз-пораз у сталiцы таксама ўзнiкаюць праблемы з выплатай зарплаты. Што рабiць у такiм выпадку? I як быць, калi затрымлiваюць канчатковы разлiк пры звальненнi? Зрэшты, адказ тут просты — звярнуцца на працягу трох месяцаў у суд. Прычым у тым жа судзе работнiк мае поўнае права запатрабаваць спагнання з наймальнiка свайго сярэдняга заробку за кожны дзень затрымкi канчатковага разлiку або, калi разлiк быў праведзены не цалкам, — спагнання заробку прапарцыянальна "недаплачаным" сумам.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика