Браканьераў паменела?
02.09.2009
—
Новости Общества
|
Пра браканьерства i праблемы выканання прыродаахоўнага заканадаўства мы гутарым з Вiталем Грыневiчам, начальнiкам Мiнскай абласной iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету: — Вiталь Iванавiч, па вынiках паўгоддзя ў Мiнскай вобласцi колькасць парушэнняў зменшылася. Гэта вы дрэнна працуеце цi проста парушальнiкаў стала менш?
— У вас ёсць "гарачая лiнiя" — наколькi яе выкарыстоўваюць грамадзяне? Бо, напэўна, ёсць жа i тыя рыбакi-аматары, якiя проста не могуць закрываць вочы на браканьерства... — Я скажу, што за апошнi час актыўнасць насельнiцтва стала значна большай, чым, скажам, 10 гадоў таму. Мяркую, павышаецца ўзровень экалагiчнага выхавання насельнiцтва, ну i плюс ў кожнага рыбака ёсць мабiльнiк, шмат у каго — машына. I калi рыбак-аматар бачыць, што ў яго нiчога не ловiцца, а нехта побач 50 кiлаграмаў рыбы сеткай нацягаў, то ён i тэлефануе нам на "гарачую лiнiю". Наша iнспекцыя заўсёды рэагуе на iнфармацыю, правярае яе практычна ў любы час сутак. У нас пастаянна працуюць 2-3 аператыўныя групы, а на адкрыццi паляўнiчага сезона — 3-4. Наша задача, каб людзi бачылi, што iнспекцыя працуе, каб не было парушэнняў на вадаёмах i ў лесе. — Здавалася б, усе ведаюць: лавiць сеткай, "павукамi" i iншымi браканьерскiмi прыладамi нельга. Але ўсё адно ловяць. Чаму так атрымлiваецца? — Я мяркую, тут ёсць некалькi прычын. Па-першае, гэта з-за традыцыйнасцi. Напрыклад, у Вiцебскай вобласцi, ды i ў нас у Мiнскай спрадвеку так лавiлi рыбу, так па традыцыi ловяць i цяпер. Па-другое, для нiдзе не працуючых людзей гэта крынiца iснавання. I самiм паесцi, i на продаж, каб грошай зарабiць. Праўда, у вынiку пападаюцца, атрымлiваюць вялiкiя штрафы, а калi паўторна — то i прыгаворы суда. Па-трэцяе, некаторыя займаюцца браканьерствам, каб адрэналiн у арганiзме з'явiўся. Гэта ж мужыкi, хочацца экстрэмальных сiтуацый i вострых адчуванняў. — Я так разумею, што ёсць выпадкi, калi прыродаахоўнае заканадаўства парушаюць i леснiкi, i егеры. Хоць яны павiнны, наадварот, сачыць за яго выкананнем. Чаму так? — Гэта ўсё з-за вельмi нiзкай квалiфiкацыi. Хто iдзе ў егеры? Людзi, якiя без працы, без адукацыi, якiя жывуць у вёсках. У iх вельмi слабая юрыдычная падрыхтоўка. I шмат хто з iх спадзяецца на ўдачу, думаюць, што ў лесе акрамя iх нiкога няма, а тут бац — наша iнспекцыя. — Як выправiць сiтуацыю? — Ну вось я быў на нарадзе ў абласной РДГА "Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў". I мы дамовiлiся, што кожная з нашых iнспекцый папрацуе з егерамi. Iх трэба вучыць i выхоўваць. Ну а з iншага боку — зарплата ў iх малая: 300-350 тысяч у лепшым выпадку. Хто пойдзе працаваць за такiя грошы? А як сям'ю кармiць? I калi чалавек туды ўладкоўваецца, то ён загадзя настройваецца, што астатняе дабярэ мясам. Вось i атрымлiваецца, што егер — парушальнiк. — Я ведаю, гто ёсць адна цiкавая праблема: арандатары ў асноўным карыстаюцца паляўнiчымi ўгоддзямi, але не ахоўваюць. — Чаму не ахоўваюць? А таму што няма добрай арганiзацыi. Трэба даць егерам машыну, арганiзаваць працу, паставiць задачу. Егер павiнен ведаць, што ахова паляўнiчых угоддзяў ускладзена на яго, а то некаторыя думаюць, што гэта — задача iнспекцыi. Да таго ж iзноў упiраемся ў iх адукацыю. Правiльна аформiць адмiнiстрацыйныя матэрыялы не так проста, як было раней. Цяпер трэба аформiць пратакол апытання сведкаў, пратакол апытання парушальнiка, пратакол адабрання, пратакол агляду месца правапарушэння, пратакол агляду транспартнага сродку, а таксама зрабiць фота- i вiдэафiксацыю i гэтак далей. Усё трэба добра падрыхтаваць для суда, каб справу не вярнулi на дапрацоўку i каб па гэтай справе не выйшлi тэрмiны... Няма ў арандатараў грошай на тэхнiку, на палiва, на форменнае абмундзiраванне... А наогул, ахоўваць павiнны менавiта яны. Гэта прадугледжана i Законам "Аб жывёльным свеце", i дамовай памiж райвыканкамам i паляўнiцтвакарыстальнiкам. — Ну i напрыканцы пытанне практычнага характару. Быў выпадак: супрацоўнiкамi вашай iнспекцыi быў затрыманы аўтамабiль, у багажнiку якога знайшлi збiтага ў ДТЗ дзiка. У вынiку цяпер заводзiцца крымiнальная справа на гэтага вадзiцеля за тое, што ён забраў з месца ДТЗ мёртвага дзiка. Я апытаў сваiх знаёмых з правамi на кiраванне аўтамабiлем, але нiхто не ведае, што рабiць у такой сiтуацыi, калi збiў на дарозе дзiкую жывёлiну... — Усё вельмi проста. Пры любым дарожна-транспартным здарэннi выклiкаецца ДАI, а сутыкненне на дарозе з дзiком — таксама ДТЗ. Супрацоўнiк ДАI вызначыць, што рабiць далей. А яны павiнны выклiкаць паляўнiчакарыстальнiка, ахову прыроды, працаўнiка лясгаса, ветэрынара. Складаецца акт, падпiсваюцца ўсе члены камiсii, тушу забiрае паляўнiчакарыстальнiк i ўсё, пытанне закрытае. Нiчога складанага, кожны вадзiцель павiнны ведаць пра гэтыя правiлы. Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ. |