Банкiрка-лахатронка. 21.by

Банкiрка-лахатронка

02.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Кручу-вярчу-заблытаць-хачу! Падыходзь, хто больш уважлiвы, можна хутка i добра зарабiць!..". Напэўна, многiя з нас на пачатку 90-х хоць бы раз траплялiся на вуду вулiчных махляроў-"напарстачнiкаў". За пару-тройку гадоў пры актыўным умяшаннi мiлiцыi народ усё ж скемiў, што ў "лахатрон" выйграюць толькi яго арганiзатары i "падсадныя качкi", якiя дэманструюць "гарантаваную" ўдачу i iмгненнае абагачэнне.

Час "напарстачнiкаў", быццам бы мiнуў, а людская прага хуткай нажывы засталася, паколькi вечная, як свет. На гэтай чалавечай слабасцi пабудавана абсалютная большасць схемаў народнага ашуканства.

А яшчэ кожнаму з нас у глыбiнi душы верыцца ва ўласную выключнасць: "Вось божанька цяпер мне дапаможа — i я куплю латарэйку з джэк-потам!". Цi: "Якi добры чалавек! Мне як удаве ваеннага проста дадому прынёс i ўсяго за 170 тысяч рублёў прадаў такую дарагую i дэфiцытную бiядабаўку да ежы!" І як жа крыўдна бачыць гэтую бiядабаўку роўна праз дзень у аптэцы ўсяго тысяч за 15...

Як усiм нам пашанцавала,
што ведаем
"цётку Валю"!

"Шчаслiўчыкаў", якiя па матэрыялах крымiнальнай справы, узбуджанай Смалявiцкiм РАУС яшчэ ў лiпенi гэтага года па частцы 3 артыкула 209 КК Рэспублiкi Беларусь (махлярства ў буйным памеры), праходзяць не iнакш як пацярпелыя, следства налiчвае ўжо як мiнiмум 8 чалавек. I гэта толькi пакуль!

"Цёткай Валяй" мы назавём 51-гадовую вынаходлiвую махлярку, паколькi рамкi закона не дазваляюць на старонках газеты зрабiць iнакш, пакуль суд над ёй не адбыўся.

Такiм чынам, цётка Валя яшчэ з далёкiх 80-х працавала ў банкаўскай сiстэме. Апошнiя некалькi гадоў з'яўлялася супрацоўнiцай Смалявiцкага аддзялення ААТ "Белаграпрамбанк".

Сумы, якiя штодня мiльгалi перад вачыма, рабiлi ўласную зарплату яшчэ больш мiзэрнай, абразлiвай i часам казыталi фантазiю. У рэшце рэшт да 2005 года фантазiя "наказытала" такi план, што, наперабой аддаючы свае кроўныя цётцы Валi, грамадзяне яшчэ i пакеты з дарагiм каньяком давалi.

Зразумела, нiхто з iх i не здагадваўся, што не толькi каньяк, але i грошы надзейна захрасаюць у шырокай кiшэнi цёткi Валi...

Яе схема народнага "абдзiралава" працавала бездакорна: "Прывiтанне, Верачка (iмя выдуманае)! Ну, ты ж памятаеш, што я ў банку працую? Дык вось, ты на свае зберажэннi не спяшайся нiчога купляць. Ёсць магчымасць добра зарабiць. Толькi нiкому асаблiва не расказвай. Карацей, у нас у банку ёсць штосьцi кшталту тайнага дэпазiтнага валютнага ўкладу аж пад 60 працэнтаў гадавых. Але скарыстацца iм можа толькi супрацоўнiк банка. Гэта значыць я — магу, разумееш? Увогуле, ты ведаеш, як я да цябе стаўлюся, дык, калi хочаш...".

Зразумела — хацелi ўсе. Яшчэ б — такi працэнт! I "верачкi" ды "любачкi", дзякуючы Богу за шчасце быць упадабанымi цёткай Валяй, iмгненна неслi ёй свае "баксы" на размнажэнне. А каб усё выглядала больш пераканаўча, аперацыя па выгадным укладаннi ажыццяўлялася, як i належыць, у банку. Цётка Валя лiтаральна "ад балды" рабiла прыходны касавы ордэр, дзе нумар рахунку i iншыя лiчбавыя рэквiзiты з'яўлялiся сумбурным наборам лiчбаў. Знешне — усё як трэба, а насамрэч — нiчога рэальнага. Але, як вы разумееце, шчаслiвых абраных укладчыкаў "тайнага дэпазiту" цiкавiлi зусiм iншыя лiчбы...

Прагнасць мозгу
не сяброўка

Як жа трэба банку любiць сваiх супрацоўнiкаў, каб дазволiць з уласных актываў грэбцi такiя грошы! I нi ў воднага "шчаслiўчыка" нават нi разу не ўзнiкла падазрэння, што нешта не так.

А такiх дэпазiтных ставак проста ў прыродзе не бывае. Як мiнiмум за апошнiя 10 гадоў у Беларусi самая высокая стаўка па валютных дэпазiтах была 13 працэнтаў. I то адбылося гэта на пачатку фiнансавага крызiсу, i пратрымалася такая прапанова ўсяго 2 месяцы. А так — 10 працэнтаў максiмум!

Але сярод клiентаў цёткi Валi траплялiся не толькi сяброўкi-прастушкi. Быў адзiн вельмi салiдны. Ледзь, дарэчы, не стаў сваяком. Выцягнула яна з яго ў перыяд 2008—2009 гадоў цэлых 99 тысяч 500 долараў ЗША. I ён — напэўна, чалавек няпросты ў фiнансавым сэнсе — быў упэўнены, што крута ўздымаецца, i нават мезеным пальцам не варухнуў, каб "прабiць" праз сяброў-таварышаў праўду аб "тайным валютным укладзе".

Дарэчы, уласцiвыя беларускай нацыi прыродная дабрыня i боязь пакрыўдзiць недаверам спрыяюць усiм вiдам "лахатрона". Тым больш не да твару "прабiваць" сваячку, сяброўку, сяброўку сяброўкi i г.д. Ведаючы гэта, мудрая цётка Валя працавала якраз з такiм кантынгентам.

Юрый Дзетачкiн
i побач
не стаяў

Яшчэ добра "пакараць" на 100 штук зялёных супермэна з грашыма, маўляў, няма чаго тут шыкаваць, калi "многiя дзецi не елi халвы". Нават лагiчна (хоць, зразумела, i незаконна) загрэбцi ўсе зберажэннi ў сяброўкi, якая гадоў 5 таму звяла твайго кавалера. Але мiжволi здзiўляешся, за што банкiрка абiрала людзей, якiя iмклiва прадавалi сваю маёмасць, каб стаць абранымi ўкладчыкамi. Не цуралася яна i крэдытных грошай. Так-так, грамадзяне спецыяльна бралi крэдыт у гэтым жа банку i неслi лiтаральна ў суседняе акно добрай цётцы. Няўжо ўсе пацярпелыя паспелi ёй чымсьцi насалiць?! Наўрад цi... Проста калi прыгожыя паперкi самi iдуць у рукi, не ўзяць iх ужо проста немагчыма.

Паколькi энныя сумы ў цёткi Валi на руках мелiся, то любыя пажаданнi атрымаць ашаламляльныя працэнты iмгнення задавальнялiся. Безумоўна, гэта наогул уводзiла ўкладчыкаў у экстатычны транс. Праўда, выдаючы працэнты, ужо ў другi-трэцi раз банкiрка завастрала ўвагу клiента, што гэта не вельмi разумна з iх боку: "грошы павiнны рабiць грошы!" I ў большасцi выпадкаў працэнты "вярталiся на рахунак укладу", каб "нараджаць новыя грошы"!

Крэдыт
з "адкатам"

Нельга не заўважыць i ўнiкальную творчую актыўнасць цёткi Валi. Адна схема — добра, а дзве ж лепш! Наогул, цi то мозг яна размiнала, цi то проста хацелася вострага... Але выглядала гэта так.

З яе разумнай падачы бярэ чалавек на сваё iмя крэдыт у банку на 10 мiльёнаў рублёў i атрымлiвае iх на банкаўскую картку, праз якую далей павiнен разлiчвацца з банкам. З iх 7 мiльёнаў аддае цётцы Валi, а тры — у якасцi ганарару — бярэ сабе. Пры гэтым добрая банкiрка быццам бы бярэцца крэдыт аплачваць. I знешне нават быццам гэта робiць: кожны месяц забiрае картку i налiчвае на яе патрэбную суму прыкладна ў 300 долараў. З 300 долараў 250 — асноўны доўг, а 50 — працэнты i камiсiйныя. Атрымлiвае чэк аб налiчэннi. I ўжо праз хвiлiну здымае i кладзе ў кiшэню 250 зялёных! Картку i чэк адвозiць наiўнаму клiенту.

Паўтара года (!) атрымальнiк крэдыту думае, што своечасова i ў поўным аб'ёме разлiчваецца з банкам. Пазней ужо разам са следчым ён адкрывае баланс рахунку: на картцы сiратлiва "боўтаецца" ўсяго 7 "баксаў".

На жаль, а магчыма, i на шчасце, але мы ўжо не даведаемся, як збiралася надалей выкручвацца з гэтым крэдытам смалявiцкая банкiрка. Цяпер яна пераконвае следства, што ўсiм i ўсё абавязкова збiралася аддаць. Як жа... Усе 180 тысяч амерыканскiх долараў — менавiта такая сума ў цэлым сёння ўжо высвечваецца па яе справе. Толькi куды яны падзелiся — пакуль пытанне без адказу.

Цётка Валя раптам "захварэ ла"

"Нiчым табе, мiленькая, не магу дапамагчы. Нiводным доларам. Я ўжо ў банку не працую! — аднойчы адказала цётка Валя клiентцы, якая пажадала зняць усю суму з рахунку. — А ў кантору ты, глядзi, не лезь: уклад жа тайны. Я вельмi рызыкавала, табе дапамагаючы...".

Здарылася гэта ў лiпенi 2009 года. На гэты раз цётка Валя амаль не хлусiла: з банка яна звольнiлася. Як адзначана ў дакументах, "па ўласным жаданнi".

А вось не на жарт перапужаная клiентка ў банк усё ж такi пайшла. Зразумела, пададзены ёю прыходны ордэр вельмi здзiвiў супрацоўнiкаў банка сваiм, мякка кажучы, мiфiчным зместам. Гiсторыя пра тайны ўклад наогул увяла iх у працяглы ступар. Развiццё наступных падзей ужо банальнае: супрацоўнiкi Смалявiцкага РАУС прафесiйна i хутка пазнаёмiлiся з цёткай Валяй.

Як кажа начальнiк аддзялення па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi Смалявiцкага РАУС маёр мiлiцыi Аляксандр Дарашэвiч, "звычайная яна зусiм! Знешне нiчым асаблiвым не выдзяляецца. Аўтамабiля няма. Кватэрка ў Смалявiчах самая звычайная, непрыгожая. Наогул, мы не ўбачылi таго, чаго чакалi...".

Дададзiм толькi, што 30 працэнтаў заяўнiкаў звярнулiся ў мiлiцыю, калi гарадок ужо на ўсю моц гудзеў аб кемлiвай банкiрцы. I абавязкова яшчэ будуць звяртацца. А пакуль, вiдаць, працэнты па тайным укладзе нарошчваюць...

Марына ЭВЕРСМАН.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Кручу-вярчу-заблытаць-хачу! Падыходзь, хто больш уважлiвы, можна хутка i добра зарабiць!..". Напэўна, многiя з нас на пачатку 90-х хоць бы раз траплялiся на вуду вулiчных махляроў-"напарстачнiкаў". За пару-тройку гадоў пры актыўным умяшаннi мiлiцыi народ усё ж скемiў, што ў "лахатрон" выйграюць толькi яго арганiзатары i "падсадныя качкi", якiя дэманструюць "гарантаваную" ўдачу i iмгненнае абагачэнне.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика