Вышыня Галiны Цiмчанкi. 21.by

Вышыня Галiны Цiмчанкi

02.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Школьная настаўнiца не толькi адкрыла яе, але шмат гадоў змагалася, пакуль у Лёзненскiм раёне не з'явiўся мемарыяльны комплекс "Цiхмянаўская вышыня". Цяпер трэба змагацца за яго захаванне, бо стан помнiка выклiкае трывогу.

Займаючыся краязнаўчай пазашкольнай працай, настаўнiца Бабiнавiцкай сярэдняй школы Галiна Цiмчанка i яе вучнi спрабавалi даведацца пра акалiчнасцi баявых падзей на тэрыторыi Лёзненшчыны i, у прыватнасцi, вакол вёскi Бабiнавiчы. Вядома, што тут дзевяць месяцаў стаяў фронт i менавiта адсюль ў чэрвенi 1944-га пачыналася славутая аперацыя "Баграцiён". Добрых шэсць гадоў доўжылася пошукавая праца, па драбнiцах збiралiся звесткi, вялася перапiска з ветэранамi i роднымi загiнулых. У адной з кнiг-успамiнаў шукальнiкi "зачапiлiся" за ўпамiнанне ракi Чарнiца, якая тут працякае, знайшлi невялiкую iнфармацыю: "тут насмерць стаялi 38 воiнаў 12-га мiнамётнага палка i знiшчылi 259 гiтлераўцаў...". Гэтага было дастаткова, каб адкрылася нарэшце таямнiца пра пагорак за вёскаю Асiпенкi, гэта побач з Бабiнавiчамi, якi ў час вайны быў надзвычай важнай кропкай, бо з яе выдатна праглядалiся наваколлi. У настаўнiцы з'явiлася нежартоўная iдэя ўславiць i вызвалiцеляў, i гэтую вышыню.

Пакуль iдэя выспявала, школьныя следапыты шукалi ў лясных куточках адзiнокiя воiнскiя пахаваннi, збiралi (тады гэта было дазволена) i зносiлi ў агульную магiлу рэшткi. У 1966 годдзе ў Бабiнавiчах на царкоўнай гары ўрачыста адчынiлася вялiкае брацкае пахаванне, якому адразу ж суджана было патрапiць у энцыклапедыi i даведнiкi. Краязнаўцы-школьнiкi адкрылi, уявiце, 1300(!) невядомых дагэтуль iмёнаў. Сярод якiх былi абаронцы вышынi, занятай мiнамётчыкамi. Даведалiся, што двум з iх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза — камандзiру Цiхмянаву i камсоргу Багамолаву. З гэтага адкрыцця ў настаўнiцы ўжо не было нiякiх сумненняў наконт iдэi стварэння мемарыяла ў гонар мужнасцi. Але не так проста было давесцi ўладам пра неабходнасць праекта.

Апошнi раз Галiна Аляксандраўна паднiмалася на курган герояў-цiхмянаўцаў увесну 2006-га. Не ў яе ўзросце часта "браць" гэткiя вышынi. Як-нiяк 85-ы год на жыццёвым рахунку. Ды i не клiчуць яе сюды асаблiва. У апошнi Дзень Вызвалення нават павiншаваць забылi. Мне ж хацелася ўзысцi на курган разам i яна, дзякуй Богу, пагадзiлася. Насамрэч Галiна Аляксандраўна Цiмчанка — унiкальная жанчына. Як толькi яе на ўсё хапала?! Акрамя настаўнiцкiх абавязкаў, школьных урокаў па гiсторыi i геаграфii, пошукава-даследчай працы, стварыла ў школе музей баявой славы з мноствам рэдкiх экспанатаў. Дарэчы, першы ў раёне музей. Што ў свой час стала амаль выклiкам. Здавалася б, навошта жанчыне гэткi цяжар, такое вялiкае кола абавязкаў i спраў. Напэўна яна неаднойчы задавала сама сабе тое ж пытанне i адказвала: калi не я, дык хто?

Калi пачынала сваю настаўнiцкую дарогу ў пасёлку Асiнторф — месцы вялiкiх ваенных падзей, напэўна, ужо тады прадвызначыла сабе дарогу — адкрываць невядомую вайну, сцiраць з яе карты белыя плямы. Пераехала з сям'ёю ў Бабiнавiчы, але справу сумлення i душы не кiнула. Наадварот, разгарнулася з большым натхненнем. Рэдка хто чуў ад яе, як цяжка давалiся гэтыя пошукi, вышынi i праекты. Ведала, што нельга супакойвацца. Тым больш перапiска з былымi воiнамi i роднымi загiнулых адкрывала новыя старонкi вайны.

— Калi мы даведалiся пра Леанiда Цiхмянава i павялi з iм перапiску, герой адгукнуўся на запрашэнне прыехаць у Беларусь, — прыгадвае эпiзоды сустрэч Галiна Цiмчанка.— Прыехалi i iншыя вызвалiцелi. Адкрылася сапраўдная карцiна баявых дзеянняў групы мiнамётчыкаў, штурму i абароны вышынi

Дзень 23 лютага 1944 года быў своеасаблiвай рэпетыцыяй перад пачаткам аперацыi "Баграцiён". Стаяла задача заняць вышыню i ўтрымаць яе. Цiхмянаў правёў блiскучую аперацыю i авалодаў стратэгiчнай кропкай. У наступныя два днi чырвонаармейцам было вельмi горка, бо вораг спрабаваў вярнуць страчаныя пазiцыi. Нягледзячы на моцныя атакi гiтлераўцаў, мiнамётчыкам з невялiкiмi стратамi (загiнулi толькi двое) удалося захаваць вышыню.

На сустрэчы, якая адбылася ў 1967 годзе, былы камандзiр i школьная настаўнiца, дарэчы, яны аднагодкi, 25-га года нараджэння, вырашылi — мемарыялу ў гонар адважных артылерыстаў быць. Чаго б гэта нi каштавала. Нягледзячы, што i ў райкаме кампартыi не адразу падтрымалi, i ў абкаме казалi: "у краiне бальнiц i школ не хапае, а вы са сваiм мемарыялам...". Ды нездарма кажуць, вада камень точыць. Настойлiвасць крохкай жанчыны аказалася куды мацнейшай за абыякавасць дзясятка чыноўнiкаў розных пасад i масцей. Яна хадзiла па iнстанцыях, пiсала, званiла, патрабавала. Нарэшце справа кранулася з месца i было прынята рашэнне аб стварэннi творчай групы i фiнансаваннi праекта.

У спартыўнай зале школы адлiвалiся барэльефныя выявы воiнаў-вызвалiцеляў розных родаў войскаў. Школьнiкi збiралi камянi i прасейвалi пясок. Кранамi ўсталёўвалiся сiмвалiчныя штыкi ў памяць шасцi кiрункаў наступлення Чырвонай Армii. 19 лiстапада 1972 года ў дзень артылерыi i ракетных войскаў мемарыял быў урачыста адкрыты. З падачы настаўнiцы ён атрымаў заслужаную назву i дагэтуль завецца "Цiхмянаўскай вышынёй".

А з самiм Леанiдам Цiхмянавым яна сябравала яшчэ доўга. Заўсёды радушна сустракала яго на Лёзненскай зямлi. Ездзiла на радзiму героя, каб у яго гонар назваць вулiцу. Была на яго пахаваннi. І яшчэ доўга працавала ў школе. Толькi на васьмiдзясятым годзе, калi працоўны стаж дасягнуў лiчбы 45, рассталася з установаю. Перадала музейную справу, як лiчыць, у надзейныя рукi. Цяпер яе працягвае Дзiяна Багдановiч — настаўнiца пачатковых класаў. I сапраўды, па-ранейшаму працягваюцца пошукi, вядзецца перапiска, толькi цяпер з нашчадкамi герояў — дзецьмi i ўнукамi.

Сказаць, што былая настаўнiца зусiм не хвалюецца за курган, будзе няшчыра. Помнiк далёка не ў лепшым стане. Як-нiяк яму трыццаць сем гадоў. Часовыя латкi з цэменту на барэльефах выглядаюць груба, а работа — недаўгавечная. Неабходна грунтоўная рэстаўрацыя. Зразумела, што вялiкай радасцi ад убачанага Галiна не адчула. "Час можа мяняцца, а воблiкi на кургане, — нiколi", — казала Галiна, кранаючы пяшчотнай далонню твар мужнага цiхмянаўца.

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Школьная настаўнiца не толькi адкрыла яе, але шмат гадоў змагалася, пакуль у Лёзненскiм раёне не з'явiўся мемарыяльны комплекс "Цiхмянаўская вышыня". Цяпер трэба змагацца за яго захаванне, бо стан помнiка выклiкае трывогу.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика