Шчаслiвы бiлет на адпачынак. 21.by

Шчаслiвы бiлет на адпачынак

02.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Скончылася лета ў нашай краiне, аднак за мяжой курортны сезон у самым разгары. Таму турысты, як тыя пералётныя птушкi, будуць мiгрыраваць з аднаго клiматычнага пояса ў другi яшчэ да сярэдзiны кастрычнiка, пакуль не скончыцца аксамiтны сезон i ёсць магчымасць пагрэцца пад цёплым паўднёвым сонцам. Аднак сёння некаторыя турыстычныя агенцтвы прадаюць не якасны адпачынак, а, хутчэй, латарэю на яго без гарантыi на выйгрыш. Хто i як можа сапсаваць вам адпачынак i настрой, высвятляла наш карэспандэнт.

Бiлет першы. <І>
Незабыўны
турэцкi каларыт

Мiнчанка Iрына Скарадзелава ў рэкламнай газеце звярнула ўвагу на аб'яву аб зманлiва танным i прыемным адпачынку на беразе Чорнага мора. Вечарам таго ж дня Iрына разам з супрацоўнiкам агенцтва ўжо выбiрала краiну, горад, гатэль, турыстычную праграму. Усе пажаданнi клiента былi ўлiчаны, заставалiся фармальнасцi — унесцi аванс i чакаць, калi агенцтва забранiруе бiлеты. Шчыра кажучы, Iрына ўжо тады адчула лёгкую насцярожанасць, бо агенцтва збiралася з'ехаць у новы офiс i яго супрацоўнiкi былi заклапочаны зборамi. Можа таму забранiраваць бiлеты для Iрыны нiяк не атрымлiвалася. Аднак потым усё вырашылася.

Чамусьцi Iрына свой адпачынак правяла не ў турэцкiм горадзе Кемер, куды павiнна была трапiць, а ў невялiкай вёсцы за 10 кiламетраў ад яго. Вёска не адпавядала элементарным турыстычным патрабаванням, напрыклад, дыскатэкi, рэстараны, атракцыёны i крамы ўвогуле адсутнiчалi. Так званы "гатэль" таксама вымушаў чакаць лепшага. Шэры трохпавярховы брудны будынак быў абнесены звычайнай металiчнай сеткай, чым i вылучаўся сярод iншых вясковых дамоў. Замест анiматараў i афiцыянтаў па двары бадзялiся куры i свiннi гаспадароў. I гэта "трохзоркавы" гатэль, у якiм згодна з абяцаннямi супрацоўнiкаў агенцтва, павiнна была з камфортам адпачываць мiнчанка.

Вось ужо гэты турэцкi каларыт. Штодня Iрына прачыналася ў пяць гадзiн ранiцы ад спеваў мясцовых пеўняў i пад акампанемент гучнай малiтвы. Гаспадар гатэля Мухамед нейк прапанаваў турыстцы з'ездзiць на экскурсiю ў вядомую Анталiю, якая, дарэчы, i без таго ўваходзiла ў кошт пуцёўкi. Iрына пагадзiлася, бо хацела ўбачыць на свае вочы экзатычную i прыгожую Турцыю, пра што яна марыла ў Мiнску. Але замест Анталii Мухамед завёз яе ў мясцовую краму дарагога адзення са скуры. Пры гэтым рашуча настойваў, каб жанчына абавязкова нешта сабе набыла.

Асобным непрыемным пытаннем было харчаванне ў гатэлi. I прычына не ў незвычайных гастранамiчных прыхiльнасцях жанчыны або завышаным кошце ежы. Беларускi страўнiк проста адмаўляўся прымаць мясцовыя стравы. Напрыклад, суп з мукi i соусу i iмам баiлда (баклажаны з кавалачкамi мяса) можа вытрымаць толькi сапраўдны турак — такiя яны надзвычай вострыя. У гатэлi пражывалi беларусы i расiяне, таму Iрына да гэтага часу не разумее, чаму меню было не адаптаванае для славянскiх спажыўцоў. Увогуле, у асноўным прапанавалi стравы з агароднiны, хоць нiхто з турыстаў не замаўляў вегетарыянскай ежы.

Дома Iрына звярнулася ў агенцтва са скаргамi i прэтэнзiямi за сапсаваны адпачынак. Там лагодным тонам ёй растлумачылi, што ў Анталii ёсць тры гатэлi з аднайменнай назвай, i вынiкам няўдалага "вясковага" адпачынку Iрыны стала тое, што клiентка кепска растлумачыла тураператару, куды хоча патрапiць. Вось i выйшла памылка. Маўляў, сама вiнаватая. Але прабачце, хто i каго адпраўляе ў адпачынак?! Бо грошы за яго ў агенцтве ўзялi немалыя, за iх можна было выдатна правесцi час на беразе цёплага мора. Замест прыемных уражанняў i добрага настрою, якое бывае пасля ўдалага адпачынку, Iрына вярнулася, мякка кажучы, не ў гуморы.

Бiлет другi.
Вось дык
Абу-Дабi, блiн!

Можна бясконца глядзець на тое, як гарыць агонь i цячэ вада. Аляксандр Грынчанка пасля свайго адпачынку ў Арабскiх Эмiратах упэўнены, што бясконца глядзець можна i на тое, як працуюць пад'ёмныя краны i бульдозеры. Два тыднi (менавiта столькi ён знаходзiўся ў горадзе Абу-Дабi) такая карцiна ўставала перад iм кожны дзень. Рэч у тым, што акурат каля яго гатэля дарожныя службы распачалi будаўнiцтва хуткаснай магiстралi, i пляж, якi размяшчаўся лiтаральна за два крокi ад гасцiнiцы, быў закрыты для наведвання. Да блiжэйшага кавалачка мора i пяску трэба было дабiрацца шэсць кiламетраў. У саракаградусную спякоту не кожны беларус зможа пераадолець такую адлегласць. У дворыку гатэля быў басейн. На жаль, толькi для дзяцей, таму, як бачыце, вада ў краiне барханаў i зараз сапраўдная каштоўнасць. На тое, што гiд аб'явiўся толькi на трэцi дзень, Аляксандр проста не звярнуў увагi.

У турыстычным агенцтве з незадаволеным клiентам нават не захацелi размаўляць. Кiраўнiк проста выставiў Аляксандра за дзверы, маўляў, гатэль выбраў сам, а мы адкуль можам ведаць, што насамрэч робiцца ў Арабскiх Эмiратах. Пытанне ўзнiкае само па сабе: хто i для каго працуе. Аляксандр прызнаўся, што не збiраўся вырашаць такую спрэчную сiтуацыю праз суд. Аднак пасля такой неадэкватнай рэакцыi агенцтва на яго скаргу проста быў абавязаны давесцi справу да лагiчнага завяршэння. Тым больш, на адпачынак мужчына фiнансаў не пашкадаваў. Яго iскавыя патрабаваннi былi задаволены.

Бiлет трэцi.
У Алушту
па здароўе?

Жанна Маслякова пра свой адпачынак у Алушце гаворыць лiтаральна ў двух словах — "блуканне па пакутах". Лепш i не скажаш. Жанчыне давялося кожны дзень да пляжа цягнуцца 20—30 хвiлiн пад сонцам па раўнiне, а потым пераадольваць бясконцыя прыступкi. Па падлiках Жанны, iх бы хапiла, каб узняцца на сёмы паверх! Такое штодзённае выпрабаванне можа i было б карысным для дужых i маладых турыстаў. Аднак толькi не для нашай гераiнi, у якой праблемы са здароўем не дазвалялi перанапружвацца на спякоце.

У Алушце Жанна зноў успомнiла былое студэнцкае жыццё ў iнтэрнаце, калi гарачая вада па графiку i ў абмежаванай колькасцi. У яе гатэлi было менавiта так: з сямi ранiцы да дзесяцi вечара — гарачая вада, а пасля 21 гадзiны, прабачце, халоднай таксама няма. Адным словам, як эканомяць у Алушце, Жанна дазналася, а вось адпачыць па ўсiм канонам жанру не змагла. На трэцi дзень свайго спартанскага быту яна вырашыла знайсцi новы гатэль.

За дзесяць дзён адпачынку тры днi яна спрабавала прыстасавацца да бытавых нязручнасцяў, два шукала новае жыллё i толькi пяць правяла так, як было запланавана. Самае крыўднае ў гэтай гiсторыi тое, што ў турыстычнай фiрме, у якую звярнулася Жанна, ведалi пра яе праблемы са здароўем i не звярнулi на гэта ўвагi. Безумоўна, на момант заключэння дагавора пра адсутнасць вады i марафонскiя дыстанцыi да мора размова не вялася. Жанне паабяцалi вярнуць грошы за сапсаваны адпачынак у канцы жнiўня. Месяц скончыўся, а грошы не аддалi.

"95 працэнтаў спраў —
выйгрышныя!"

У Мiнскае таварыства спажыўцоў скаргаў на сапсаваны адпачынак паступае вялiкая колькасць. "Асноўныя скаргi — гэта змена часу вылету без апавяшчэння клiента, прадастаўленне гатэля нiжэйшага ўзроўню, замена нумара люкс на звычайныя апартаменты, адсутнасць гарачай вады, дрэннае харчаванне i многае iншае. Увогуле з мая па верасень такiх скаргаў вельмi шмат. Iх колькасць змяншаецца па меры завяршэння курортнага сезона", — адзначыў юрыст Мiнскага таварыства спажыўцоў Андрэй Ермаковiч.

Калi прайсцi да мора 15 хвiлiн замест паабяцаных 10, не думаю, што праз такую недакладнасць турыст пачне бiць трывогу, таму што псаваць сабе адпачынак валакiтай са шматлiкiмi адмiнiстратарамi i менеджарамi турагенцтваў нiхто не захоча. А цi шмат людзей прачытвае дагавор ад першага да апошняга слова? Нi для каго не сакрэт, што дакументы такога кшталту надрукаваны дробным шрыфтам, што значна ўскладняе працэс чытання. Менавiта на гэта i разлiчваюць несумленныя тур-аператары, калi загадзя прапаноўваюць паездку, неадпаведную яе кошту.

"Для таго, каб прыемна правесцi адпачынак, у першую чаргу трэба дэтальна вывучыць дагавор. Пазначыць у iм лiтаральна ўсё, уключаючы канкрэтнае апiсанне пакоя. Абавязкова застрахуйце сваё жыццё на выпадак паводкi, пажару, землятрусу, ваенных дзеянняў i гэтак далей. Калi па нейкiх прычынах ўмовы дагавора не былi выкананыя, то вы маеце права звярнуцца ў суд i там абараняць свае правы. Зыходзячы са сваёй практыкi, скажу, што
95 % спраў такога характару выйгрышныя", — параiў юрыст Андрэй Ермаковiч.

Вольга Коршун,

студэнтка Iнстытута
журналiстыкi БДУ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Скончылася лета ў нашай краiне, аднак за мяжой курортны сезон у самым разгары. Таму турысты, як тыя пералётныя птушкi, будуць мiгрыраваць з аднаго клiматычнага пояса ў другi яшчэ да сярэдзiны кастрычнiка, пакуль не скончыцца аксамiтны сезон i ёсць магчымасць пагрэцца пад цёплым паўднёвым сонцам. Аднак сёння некаторыя турыстычныя агенцтвы прадаюць не якасны адпачынак, а, хутчэй, латарэю на яго без гарантыi на выйгрыш. Хто i як можа сапсаваць вам адпачынак i настрой, высвятляла наш карэспандэнт.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика