Мадэль i Цэль. 21.by

Мадэль i Цэль

02.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Не бывае непрыгожых жанчын, але бываюць жанчыны з брутальнай гiсторыяй. Кароткая шыя цi апендыцытны шрам на жываце мяне нiколi не раздражнялi ў натуршчыцах, як i крываногасць з валасатасцю не бянтэжылi. Формы жаночых целаў мяне натхнялi i натхняюць заўжды, а iх разнастайнасць падштурхоўвае да стварэння характараў у малюнках i на палотнах. Але жудасная гiсторыя жанчыны можа мяне адвярнуць ад самага прывабнага цела. Пазнаёмiўся я з натуршчыцай Іраю з вайсковага пасёлка Цэль. Яна падпрацоўвала фотамадэллю ў маёй дачкi. Да Iры, як да фотамадэлi, нiякiх прэтэнзiй у мяне няма. Яна выдатна працавала i выдатна атрымлiвалася на здымках. Я збiраўся прапанаваць ёй папазiраваць для жывапiснага эцюда. Iра сядзела ў мяне дома на кухнi, пiла чырвонае вiно, i я збiраўся сказаць ёй пра свой намер. Збiраўся i не сказаў, бо даведаўся, што яе дзядзька адрэзаў нажом галаву яе бацьку. Браты выпiвалi, панапiвалiся, пасварылiся i адзiн другому адрэзаў галаву. Iра ў адзiн вечар засталася i без бацькi, i без дзядзькi ў лясным пасёлку Цэль. Пры першай магчымасцi яна ўцякла са зненавiднага месца ў Мiнск, дзе ўладкавалася ў мадэльнае агенцтва да Тамары. Менавiта Тамара i прывяла Iру да мяне дамоў. Iра пiла чырвонае вiно, а мне здалося, што яна п'е кроў. Я так i не прапанаваў ёй пазiраваць... Iра не затрымалася ў мадэльным агенцтве. Iра з'ехала ў Iталiю, у горад Перуджа i там жыве. Спадзяюся, яна там за бутэлькаю чырвонага вiна не распавядае тамтэйшым мастакам пра адрэзаную галаву свайго бацькi, i ў яе ўсё складаецца выдатна.

Танец
на Iнтэрнацыянальнай

Вяртаюся з кнiжнага кiрмашу. Там распродаж, тое, што каштавала дваццаць, цяпер прадаюць па сем. Замест адной заўсёднай нядзельнай кнiгi ўзяў тры. Я-кнiгавыдавец засмуцiўся, але ж я-чытач узрадаваўся. Добры настрой перамог маркоту. Я-шпацырнiк перайшоў мост праз Свiслач i павярнуў да рэстарацыi "Журавiнка". Па вулiцы Iнтэрнацыяльнай насустрач iшла загарэлая дзяўчына ў блакiтнай сукенцы. Яна заступiла мне-мужчыне дарогу i пачала танчыць. "Я прыгожая?" — спытала танцорка. "Ты прыгожая!" — кажу я-мiнак, а я-мужчына думае: "На ўсiх мяне не хопiць!"

Таццяна i званок

Звонiць мне Таццяна Замiроўская. Мой сотавiк паказвае, што звонiць Замiроўская, i я яму веру. "Прывiтанне, Таццяна!" — кажу. "Паглядзi, паглядзi якая птушачка!" — чую голас Замiроўскай. Аглядаюся навокал. Няма нiякай птушачкi. "Адчапiся!" — чую ў слухаўцы чужы мужчынскi голас i разумею, што мне пазванiў тэлефон, а не Таццяна. Яго выпадкова прыцiснулi, i ён мне затэлефанаваў, i я ненаўмысна стаў сведкам iнтымнай размовы пра птушачку. Раней казалi, што сорамна чытаць чужыя лiсты, зараз можна сказаць, што сорамна падслухоўваць чужы iнтым праз выпадкова ўключаны сотавы тэлефон. Я чалавек не сарамлiвы, але, зразумеўшы, што птушачку я не пабачу, тэлефон свой ад сувязi з Замiроўскай адключыў.

Тата i ап'яненне

П'ю i не п'янею! Са мною такога нiколi не было. Як выпiваў, дык заўсёды хмялеў. Дзеля ж таго i п'юцца вiно ды гарэлка. Тата мой скардзiўся, што ў маладосцi ён раптоўна страцiў здатнасць хмялець. Ён выпiваў, не п'янеў i баяўся гэтага так моцна, што кiнуў пiць на цэлы год. Ён лiчыў, што страта здатнасцi п'янець iдзе ў яго ад нервовага расстройства. Пэўна, яно так i было. Пазней да таты вярнулася жаданне выпiваць, ён выпiваў i хмялеў, i радаваўся жыццю. А мяне ён папярэджваў, што калi вып'еш i не захмялееш, гэта кепска. Я яму верыў. А цяпер я навучыўся хмялець без вiна i гарэлкi, я хмялею ад паўнаты жыцця. Я п'ю жыццё i п'янею. Жыць i не п'янець! Я так не ўмею...

Адам ГЛОБУС.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не бывае непрыгожых жанчын, але бываюць жанчыны з брутальнай гiсторыяй. Кароткая шыя цi апендыцытны шрам на жываце мяне нiколi не раздражнялi ў натуршчыцах, як i крываногасць з валасатасцю не бянтэжылi. Формы жаночых целаў мяне натхнялi i натхняюць заўжды, а iх разнастайнасць падштурхоўвае да стварэння характараў у малюнках i на палотнах. Але жудасная гiсторыя жанчыны можа мяне адвярнуць ад самага прывабнага цела. Пазнаёмiўся я з натуршчыцай Іраю з вайсковага пасёлка Цэль.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика