Бюракратыя была i пры магдэбургскiм праве..
04.09.2009
—
Новости Общества
|
510-годдзе атрымання Мiнскам магдэбургскага права Iнстытут гiсторыi НАН Беларусi адзначыў мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй "Мiнск i мiнчане: 10 стагоддзяў гiсторыi". Два днi гiсторыкi з Беларусi, Расii i Польшчы абмяркоўваюць багатую гiсторыю сталiцы пачынаючы ад старажытнасцi. Удзельнiкi канферэнцыi наведалi таксама месца археалагiчных даследаванняў Менскага замчышча, дзе змаглi дакрануцца да гiсторыi горада не ў фiгуральным, а лiтаральным сэнсе. — Раней, гадоў пяць-шэсць таму, калi адбывалася канфэрэнцыя, то гэта было нейкiм святам у навуковым асяроддзi, — сказаў на адкрыццi пленарнага пасяджэння Аляксандр Каваленя, дырэктар Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi. Я для сябе лiчу, што нармальны стан акадэмiчнага асяроддзя — гэта пастаяннае правядзенне такiх навуковых канферэнцый. I калi сёння ў нашай гiстарычнай навуцы ёсць пэўныя дасягненнi, то гэта толькi дзякуючы той цёплай атмасферы творчых адносiнаў, якiя стварылiся памiж навукоўцамi вядучых кафедраў Мiнiстэрства адукацыi i навукоўцаў Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi. Паколькi навуковая канферэнцыя прымеркаваная да 510-годдзя атрымання Мiнскам права на самакiраванне, то мы пацiкавiлiся важнасцю магдэбургскага права для беларускiх гарадоў у прафесара кафедры кiравання Мiнскага гарадскога iнстытута развiцця адукацыi Сяргея Стрэнкоўскага: — Сярэднявечнае грамадства складалася з саслоўяў, i прававы статус кожнага саслоўя вызначаўся пэўным наборам тых цi iншых прывiлеяў. У сувязi з гэтым гарады, якiя з'яўлялiся часткай сярэднявечнага грамадства, таксама павiнны былi мець сваю прававую базу. Такая прававая база складалася ў першую чаргу ў Германii. Там утварылася некалькi школ гарадскога права. Адна з iх — гэта Магдэбургская школа. Паколькi Магдэбург з'яўляўся цэнтрам распаўсюджвання каталiцкага хрысцiянства на землi славян, у iм знаходзiлася метраполiя, якой падначальвалiся новыя каталiцкiя прыходы на славянскiх землях, таму менавiта магдэбургскае права паўплывала на развiццё права ў Польшчы, а ўжо потым у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. Самае галоўнае, што давала магдэбургскае права нашым гарадам, у тым лiку i Мiнску, — гэта тое, што яны вызвалялiся з-пад улады ваяводаў, старостаў, кашталянаў, службовых асобаў дзяржавы. Кожны горад мог кiравацца сваiмi ўласнымi радай, якая з'яўлялася органам адмiнiстрацыйным, i лавай, якая з'яўлялася судовым органам. Гарадская абшчына, згодна з магдэбургскiм правам, таксама мела вельмi шырокiя паўнамоцтвы — яна i выбiрала органы, яна i заслухоўвала iх справаздачы, яна i вырашала пытаннi падаткаабкладання, яна была вайсковай адзiнкай, што немалаважна для тых часоў, Выгода была i дзяржаве: яна атрымлiвала i сродкi для абароны, i большы памер падаткаў за кошт iх унармавання пасля атрымання горадам магдэбургскага права. — А гараджане вiталi наданне гораду магдэбургскага права? — Безумоўна, вiталi, больш за тое, мы можам прасачыць па гiстарычных дакументах, што нават прыгонныя сяляне iмкнулiся трапiць у горад, якi меў магдэбургскае права. Як казалi ў сярэднявеччы — "гарадское паветра робiць вольным". I сапраўды, у прывiлеях Мiнска, напрыклад, было замацавана: калi беглы селянiн пражыў у горадзе 10 гадоў, набыў тут маёмасць, уступiў у цэх, стаў займацца рамяством або гандлем, яго ўжо нельга было выдаваць ранейшаму пану. Ну i паколькi iснавала пэўная арганiзацыя гараджан, то яны маглi самi абараняць свае правы, а абараняць было ад каго — гэта i свавольства шляхты, i, напрыклад, для Мiнска, пастаянныя пераходы войска, якое iшло на войны з маскоўскай дзяржавай. Гэта было таксама вельмi важна. — А бюракратыя была ў тыя часы? — Безумоўна, была. Я ў сваiм iнстытуце, калi праходзяць удасканаленнi квалiфiкацыi, у тым лiку i работнiкаў Мiнгарвыканкама, на лекцыях прыводжу звесткi з кодэксаў магдэбургскага права, дзе гаворыцца пра тое, што нельга выбiраць на пасады за хабар, нельга выбiраць па прыкметах сяброўства, сваяцтва, нельга выбiраць вельмi багатых, таму што яны больш будуць дбаць пра свае ўласныя нейкiя iнтарэсы, чым пра iнтарэсы горада. Трапляецца ў дакументах i выпадкi валакiты, i выпадкi, як у нас сёння кажуць, карупцыi. — I як чыноўнiкi рэагуюць? — Нармальна рэагуюць. Слухаюць i пра падпiскi болей не пiць, якiя давалi тыя, хто вельмi любiў выпiць, i пра публiчныя такiя пакараннi. Уявiце, што паколькi горад быў не паўтарамiльённы, як цяпер, i паколькi пакаранне прыводзiлiся на цэнтральнай плошчы перад усiм грамадствам горада, то нават пастаяць каля ганебнага слупа было ўжо дастаткова сур'ёзным пакараннем. Нашы чыноўнiкi, калi прыводзiш такiя факты, цiкавяцца iмi, абыякавасцi няма. Важным сiмвалам горада ва ўсе часы быў i застаецца герб, таму пра вяртанне Мiнску ўжо ў сучасныя часы геральдычнага сiмвала расказала Марына Елiнская, кандыдат гiстарычных навук, галоўны спецыялiст Дэпартамента па архiвах i справаводстве: — Законам "Аб статусе сталiцы Рэспублiкi Беларусь — горада Мiнска", якi быў прыняты 12 лiпеня 2000 года, прадугледжвалася, што горад павiнен мець свае сiмвалы — герб, сцяг i гiмн. Тады быў праведзены конкурс, i было шмат прапаноў, якiм быць гербу сталiцы. Прапаноўвалiся i варыянты з Курганам Славы, i з абелiскам Перамогi, i сярпом i молатам i гэтак далей. Але паколькi вядома, што герб Мiнска мае шматвяковую гiсторыю, то ў спецыялiстаў сумненняў не было, якiм павiнен быць гербавы сюжэт. Асновай для сiмвала Мiнска паслужыў герб, дадзены разам з правам на самакiраванне. Былi сабраны матэрыялы з нацыянальнага гiстарычнага архiва, павялiчаны фотаздымкi гарадскiх пячатак з дакументаў ХVI—XIX стагоддзяў. У вынiку гэтай працы былi зафiксаваны шмат якiя дэталi выявы, напрыклад, бачна стала размяшчэнне рук двух анёлаў, прадаўгаватае воблака няправiльнай формы пад нагамi Багародзiцы i iншыя дэталi. Больш за тое, высветлiлася, што фiгуры анёлаў i херувiмаў маюць iндывiдуальныя рысы, з'явiлася магчымасць разглядзець твар Дзевы Марыi. Такiм чынам па архiўных звестках была знойдзена графiчная аснова для герба Мiнска, якую адаптавалi да правiлаў геральдыкi, i 27 сакавiка 2001 года герб быў ухвалены Мiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў, а 13 красавiка зарэгiстраваны пад нумарам 56. Павел БЕРАСНЕЎ. . |