Навучыць нельга — навучыцца можна?. 21.by

Навучыць нельга — навучыцца можна?

28.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чыя вiна ў тым, што большасць выпускнiкоў аўташкол з першага разу не здаюць iспыты ў Дзяржаўтаiнспекцыi? Чаму большасць "правалаў" прыпадае на жыхароў сталiцы? У чым сакрэт 100-працэнтнай здачы? Цi лёгка жанчыне працаваць майстрам па ваджэннi? На гэтыя пытаннi карэспандэнт "Звязды" шукала адказы на рэспублiканскiх спаборнiцтвах па прафесiйным майстэрстве сярод майстроў вытворчага навучання кiраванню механiчнымi транспартнымi сродкамi. За права лiчыцца лепшымi змагалiся 6 абласных камандаў, адна аб'яднаная каманда ад вучэбных арганiзацый цэнтральнага падпарадкавання, каманды Цэнтральнага аўтавучэбнага камбiната Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый Беларусi i Беларускага таварыства аўтааматараў. У спецыялiстаў праверылi веданне Правiлаў дарожнага руху, устройства i тэхнiчнага абслугоўвання аўтамабiля, методыкi навучання, удзельнiкi прадэманстравалi навыкi кiравання вучэбным аўтамабiлем. Прычым журы пры падвядзеннi вынiкаў улiчвала не толькi хуткасць, але i якасць. Усе каманды паказалi нядрэнныя вынiкi. Але лепшымi з лепшых стала каманда з Гомеля, другое месца заняла каманда з Гродна, трэцяе — з Вiцебска.

— У чым сакрэт таго, што практычна ўсе вашы выпускнiкi з першага разу здаюць практычны экзамен (ва ўсiх 27 ўдзельнiкаў конкурсу высокiя паказчыкi здачы)? — цiкаўлюся ў пераможцаў.— Ды няма нiякага сакрэту, — адказваюць яны ў адзiн голас.

— Проста трэба любiць сваю працу, — кажа Бернардзiй КIСЕЛЬ, майстар вытворчага навучання кiраванню механiчнымi транспартнымi сродкамi з Ашмянскай аўташколы.— А вы любiце?

— Каб не любiў, дык не працаваў бы тут 30 гадоў, — усмiхаецца Бернардзiй Францавiч. — Ведаеце, зарплата невялiкая, плацяць ад сiлы 600 тысяч. Ды i нерваў i здароўя шмат забiрае, бо працаваць жа даводзiцца з людзьмi. А яны такiя розныя. Трэба шукаць да кожнага свой падыход. Таму без цярпення, вытрымкi, патрабавальнасцi i, што самае галоўнае, любовi да сваёй працы тут нiяк. Ну i, безумоўна, трэба самому выдатна ведаць ПДР i пастаянна ўдасканальваць свае навыкi ваджэння. Дарэчы, спаборнiцтвы, якiя штогод для нас арганiзоўваюць, стымулююць i прымушаюць працаваць над сабой.

— Ведаеце, у мяне шмат знаёмых, якiя выдатна кiруюць i не ўяўляюць сваёй прафесii без машыны, — уступае ў размову Вiктар КАВАЛЕНКА, майстар вытворчага навучання кiраванню механiчнымi транспартнымi сродкамi з Гомеля. — Але, паверце, не кожны з iх зможа працаваць майстрам. Бо ўмець ездзiць — гэта адно, а навучыць — зусiм iншае.

— Сапраўды, нам не толькi трэба выдатна кiраваць машынай, але i быць часткова псiхолагамi, — падтрымлiвае думку калегi Анатоль ШАЛАК, майстар вытворчага навучання кiраванню механiчнымi транспартнымi сродкамi з Лепельскай аўташколы. — За 25 гадоў працы чаго толькi не нагледзеўся. Бывае, голас на навучэнца павысiш, дык ён адразу крыўдзiцца. А некаторыя жанчыны, калi ў iх нешта не атрымлiваецца, кiдаюцца ў слёзы.— Цi лёгка вам працаваць майстрам па ваджэннi? — пацiкавiлася я ў адзiнай прадстаўнiцы слабай паловы чалавецтва на спаборнiцтве.

— Працу вельмi люблю, — усмiхаецца Жанна IСТАМЁНАК, майстар вытворчага навучання кiраванню механiчнымi транспартнымi сродкамi з ААТ "Цэнтральны аўтавучэбны камбiнат". — Праўда, спачатку сустракала здзiўленне i насцярожанасць з боку "вучняў", якiя даведвалiся, што iх будзе вучыць жанчына. Некаторыя нават, яшчэ да знаёмства са мной, хацелi папрасiць замену. Але ўжо пасля першага занятку ўсе развiтвалiся са сваiмi стэрэатыпамi, што жанчыне за рулём не месца i г.д.— Жанна, скажыце, калi ласка, чаму менавiта iнструктар, а не кiроўца таксi, напрыклад?

— Ведаеце, я сапраўды хацела быць таксiсткай, але не ўмею браць з людзей грошы. Таму калi прапанавалi паспрабаваць сябе ў ролi "настаўнiцы", згадзiлася. Праўда, работа не з лёгкiх, ды i часу нямала адымае, таму мае новыя калегi нейкi час лiчылi днi — "колькi ж яна пратрымаецца?" Вось ужо больш як чатыры гады працую (усмiхаецца). Але не без падтрымкi мужа. Ён мяне заўсёды падтрымлiвае, калi ў мяне не атрымлiваецца, у малодшай дачкi ўрокi праверыць.— Чыя вiна ў тым, што большасць курсантаў з першага разу не здаюць iспыты ў ДАI? I чаму большасць "правалаў" прыпадае на жыхароў сталiцы?

— Працэнт здачы залежыць толькi ад самiх навучэнцаў, — адказвае Жанна IСТАМЁНАК. — Я цвёрда пераканана, што чалавек можа нечаму навучыцца толькi пры моцным жаданнi, а наша задача — дапамагчы яму ў гэтым. Праўда, ёсць некалькi "але". Рэч у тым, што праграма разлiчана на тых, хто не са слоў ведае, што такое счапленне, тормаз. А да нас часам прыходзяць людзi, якiя не маюць пра гэта нават найменшага паняцця. Вось iм, як правiла, i не хапае выдзеленых на практычнае ваджэнне гадзiн. З-за гэтага не здаюць з першага разу i жанчыны пажылога ўзросту. Калi б хоць для такiх катэгорый людзей выдзялялася больш гадзiн на ваджэнне, то эфект быў бы, пераканана, лепшы.

— Сапраўды, кантынгент навучэнцаў аўташкол за апошнi час вельмi памяняўся, — пацвярджае Бернардзiй КIСЕЛЬ. — Калi пачынаў працаваць, то ў групе было 2-3 жанчыны ад сiлы, а мужчыны ў асноўным ужо мелi навыкi язды на трактары цi матацыкле. З iмi было значна лягчэй працаваць. Цяпер у групе ў асноўным жанчыны. Многiя прыходзяць у пенсiйным ўзросце. Прычыны розныя: адна страцiла мужа, у другой ён захварэў, а машына засталася. Акрамя таго, час не стаiць на месцы — з кожным годам на вулiцах горада павялiчваецца колькасць машын. Таму цяпер не толькi кiраваць аўтамабiлем стала больш складана, але i навучыць. Праўда, у маленькiх гарадах больш выпускнiкоў аўташкол здаюць на правы з першага разу, чым у Мiнску.

— У Мiнску святлафоры на кожным кроку, i iнтэнсiўнасць руху не тая, што ў нас, — кажа Анатоль ШАЛАК. — Ведаеце, i гэта не сакрэт, што не кожны чалавек, якi атрымаў правы, зможа ехаць па Мiнску. Тут маецца яшчэ i псiхалагiчны бар'ер.

— Ведаеце, нельга даць адназначны адказ на ваша пытанне, — кажа старшыня Маскоўскай раённай арганiзацыйнай структуры ДТСААФ горада Мiнска Аляксей ЖУКАВЕЦ. — Я сказаў бы, што тут адна прычына накладаецца на другую. Па-першае, цяпер адчыняюцца адна за адной прыватныя аўташколы. I, на жаль, не ўсе з iх могуць пахвалiцца тэхнiчнай базай, спрактыкаванымi выкладчыкамi. Па-другое, не вельмi спрыяе паспяховай здачы, на мой погляд, тое, што ўсе тры экзамены прымаюцца ў адзiн дзень. Добра было б iх размежаваць: тэорыю здаваць сёння, а практыку — на наступны дзень. Акрамя таго, можна было б павялiчыць колькасць гадзiн на практычнае ваджэнне. Бо тэсты можна парашаць самастойна дома на камп'ютары. Апошняя прапанова датычыцца ў большасцi Мiнска, бо, напрыклад, у Бабруйску, дзе ўсяго 5 святлафораў, здаць ваджэнне па горадзе не так складана.

— На мой погляд, многiя выпускнiкi аўташкол проста не ўмеюць заглушаць сваё хваляванне на экзамене, — дадае намеснiк старшынi цэнтральнага савета ДТСААФ па падрыхтоўцы спецыялiстаў масавых тэхнiчных прафесiй Мiкалай КЛIМОВIЧ. — Акрамя таго, сёння iдуць здаваць на правы ўсе, у каго ёсць грошы. Нядрэнна было б праводзiць нейкi прафесiйны адбор (бо кiроўца — гэта адказная прафесiя) сярод людзей, якiя праявiлi жаданне вучыцца. Проста ёсць людзi рассеяныя, павольныя, якiм я не рэкамендаваў бы садзiцца за руль. Бо вы ж самi бачыце, якая сёння iнтэнсiўнасць руху на дарогах сталiцы. Што ж датычыцца больш дробных населеных пунктаў, то тут прычына большасцi правалаў у тым, што вучацца яны ў адных умовах, напрыклад, у Лельчыцах, а здаваць на правы павiнны ехаць у Мазыр. Але ўсё ж такi асноўную прычыну, на мой погляд, кожны курсант павiнен шукаць у сабе. Бо некаторыя, як i ў студэнцкiя гады, спадзяюцца на авось, адкладаюць падручнiк з ПДР на апошнiя два тыднi. Спадзяюцца, што за гэты час усё паспеюць вывучыць. Але супрацоўнiкi Дзяржаўтаiнспекцыi, якiя штодзень выязджаюць на ДТЗ, у адрозненне ад апошнiх, ведаюць, што машына не цацка, i своечасова адсейваюць бракаваных выпускнiкоў.

— Сапраўды, браку не месца на дарозе, — падвёў высновы спецыялiст па прапагандзе тэхнiчных, авiяцыйных, ваенна-прыкладных вiдаў спорту ДТСААФ Усевалад ТАНАНА. — Калi граматычную цi лексiчную памылку, гэта кажу як фiлолаг, выправiць у большасцi выпадкаў нескладана, то жыццё пешахода, якi загiнуў па вiне гора-кiроўцы, не вернеш.  

Надзея ДРЫЛА, фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чыя вiна ў тым, што большасць выпускнiкоў аўташкол з першага разу не здаюць iспыты ў Дзяржаўтаiнспекцыi? Чаму большасць "правалаў" прыпадае на жыхароў сталiцы? У чым сакрэт 100-працэнтнай здачы? Цi лёгка жанчыне працаваць майстрам па ваджэннi? На гэтыя пытаннi карэспандэнт "Звязды" шукала адказы на рэспублiканскiх спаборнiцтвах па прафесiйным майстэрстве сярод майстроў вытворчага навучання кiраванню механiчнымi транспартнымi сродкамi. За права лiчыцца лепшымi змагалiся 6 абласных камандаў, адна аб'яднаная каманда ад вучэбных арганiзацый цэнтральнага падпарадкавання, каманды Цэнтральнага аўтавучэбнага камбiната Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый Беларусi i Беларускага таварыства аўтааматараў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика