Нават сялянскi радавод можна вызначыць да дзясятага калена.... 21.by

Нават сялянскi радавод можна вызначыць да дзясятага калена...

29.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шануй сваё!

Да якога калена вы ведаеце свой радавод? Прабабуля i прадзядуля?.. Раней у нашых продкаў лiчылася ганебным не ведаць свой радавод хаця б да пятага калена. Такога чалавека маглi нават выгнаць з племенi цi сям'i. Пра беларускiя радаводы мы гутарым сёння са слынным гiсторыкам, загадчыкам аддзела публiкацыi дакументаў Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi Змiцерам Яцкевiчам.

— Спадар Змiцер, наколькi сур'ёзна нашы продкi ставiлiся да пытання радавой памяцi?— Вусная радавая памяць iснавала заўсёды, iснуе i зараз, можа, крыху ў парэзаным выглядзе. Сапраўды, раней людзi былi абавязаныя ведаць свайго продка да пятага калена. I самае галоўнае, што яны ведалi. Гэта ўсё перадавалася калi не з малаком мацi, то абавязкова iм пра гэта распавядалi бацькi, дзяды, прадзеды. Людзi заўжды ганарылiся сваiмi продкамi, iх нейкiмi здабыткамi. Гэта перадавалася нават у выглядзе разнастайных паданняў. У пiсьмовы час гэта пачало фiксавацца на паперы. Безумоўна, гэта было больш характэрна для багатых людзей, якiя мелi нейкiя кавалкi зямлi i перадавалi iх у спадчыну. Звесткi пра радавод перадавалiся разам са зброяй, нерухомасцю, маёмасцю — як частка сямейнага багацця, золата сямейнай памяцi. У найбольш заможных родах наймалi людзей, якiя пiсалi адмысловыя кнiгi, дзе распавядалася пра гiсторыю роду.— Вядома, што, напрыклад, род Радзiвiлаў вядзе сваю гiсторыю ад 1380 года. А да якога часу вядуць сваю гiсторыю iншыя нашыя шляхецкiя роды?

— Я так думаю, што каранi большасцi родаў сягаюць да ХIV стагоддзя — таго часу, калi пачалi з'яўляцца нейкiя больш цi менш дакладныя летапiсныя звесткi, часам нават мiфiчнага паходжання — як у выпадку з тымi ж Радзiвiламi. Быццам бы крыху лепш з вялiкiмi князямi, але там таксама ёсць свае пытаннi. Рэч у тым, што асаблiва ў ХVI стагоддзi стала моднае такое паўлегендарнае паходжанне, i вельмi шмат родаў, якiя траплялi ў нашы летапiсы i хронiкi, старалiся нейкiм чынам падоўжыць свой радавод. Менавiта тады з'явiлася абгрунтаванне паходжання родаў Вялiкага Княства ад старажытнарымскiх патрыцыяў...— Спадар Змiцер, да якога часу рэальна прасачыць свой радавод сённяшняму беларусу?

— Сёння беларусу даволi цяжка вызначыць свой радавод з тае прычыны, што ў ХХ стагоддзi вельмi моцна знiшчалi нашу радавую памяць, асаблiва калi ў чалавека былi якiя-небудзь шляхецкiя каранi. Усё гэта было нямодным, таму што была адпаведная сiстэма. I цяпер вялiкая праблема ў тым, што ў людзей не захавалiся родавыя архiвы — зрэдку знаходзяцца толькi асобныя дакументы, якiя людзi прыносяць i паказваюць нам. Рэшткi ўсiх архiваў — радавых, дзяржаўных, рэлiгiйных, грамадскiх — захоўваюцца сёння ў Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi. I — часткова па Гарадзенскай губернi — у Гродне, у гiстарычным архiве. У першую чаргу дзякуючы гэтым дакументам можна сёння ўзнавiць радаводы беларусам. А вось наколькi глыбока — залежыць ад захаванасцi дакументаў, ад сацыяльнага паходжання чалавека, ад зыходных звестак, якiя чалавек падае ў архiў. Калi хто сёння мае жаданне даведацца пра свой радавод, ён з дапамогай архiўных матэрыялаў можа дайсцi недзе да ХVI стагоддзя. Вядома, не заўсёды — сялянскiя радаводы абрываюцца недзе на мяжы ХVIII стагоддзя. Але ёсць такая магчымасць. Калi ўлiчыць, што кожнае стагоддзе дае недзе тры калены, то сялянскi радавод можна вызначыць да 9-10 калена. Калi шляхецкi, можа дадацца яшчэ шэсць цi пяць кален.— Спадар Змiцер, а да якога калена ведаеце свой радавод вы?

— Па мацi я ведаю свой радавод да дзявятага калена. Па бацьку — да шостага. Гэта звязана з тым, што былы Лiдскi павет уваходзiў у склад Вiленскай губернi, i асноўная частка ранейшых дакументаў захоўваецца сёння ў Вiльнi. Фiнансавыя мажлiвасцi не дазваляюць мне заняцца гэтым пытаннем i дакапацца да самых глыбiняў...   Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

КОШТ ПЫТАННЯ

"Цяпер прымаем замовы на сярэдзiну наступнага года..."Кошт генеалагiчнага запыту i парадак падачы заяў мы высветлiлi ў Дзянiса ЛIСЕЙЧЫКАВА, загадчыка аддзела навуковага выкарыстання дакументаў i iнфармацыi Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi.

— Для грамадзянiна Беларусi максiмальны кошт генеалагiчнага пошуку складае 1 мiльён 200 тысяч рублёў, для замежнiка — 1 500 000, — распавёў "Звяздзе" спадар Дзянiс. — Радуе, што вельмi шмат беларусаў цiкавяцца сваiмi каранямi. Настолькi шмат, што зараз мы прымаем запыты, якiя будуць выкананыя толькi ў сярэдзiне наступнага года. Вынiк такой працы — мы даем чалавеку ўсе знойдзеныя звесткi з метрычных кнiг, рэвiзских сказак i пасямейных спiсаў. Калi чалавек шляхетнага паходжання, удаецца знайсцi больш, сялянскага — менш. Для селянiна максiмальна глыбокiя звесткi датычацца 1795 года, калi была праведзеная першая рэвiзiя прыгонных сялян у Расiйскай iмперыi. Тое самае тычыцца i тэрыторыi пошуку — па Менскай губернi захавалася больш звестак, па Магiлёўскай цi Вiцебскай — менш...

— Што павiнен ведаць чалавек, якi iдзе ў архiў па свой радавод?

— Галоўны крытэр — ведаць сваiх продкаў, якiя жылi раней за 1917 год. Iнакш нам не ўдасца звязаць звесткi са сваiмi дакументамi. Дарэчы, калi названая сума завысокая для вас, ёсць i танны варыянт — шукаць звесткi самому. Для гэтага трэба напiсаць заяву, дзе пазначыць сваiх сваякоў, народжаных да 1917 года, рэгiён пошуку, а таксама мець пры сабе пашпарт. Абанемент на гадавую працу ў чытальнай зале каштуе 16  500 рублёў. Супрацоўнiк архiва пракансультуе вас, як весцi пошук. Далей вы знаходзiце метрычныя кнiгi цэркваў, куды маглi хадзiць вашыя продкi, i метадычна шукаеце патрэбныя звесткi.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да якога калена вы ведаеце свой радавод? Прабабуля i прадзядуля?.. Раней у нашых продкаў лiчылася ганебным не ведаць свой радавод хаця б да пятага калена. Такога чалавека маглi нават выгнаць з племенi цi сям'i. Пра беларускiя радаводы мы гутарым сёння са слынным гiсторыкам, загадчыкам аддзела публiкацыi дакументаў Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi Змiцерам Яцкевiчам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика