Вакансiя ў часовым фармаце
30.09.2009
—
Новости Общества
|
Агульнае скарачэнне колькасці вакансiй прынесла адзiн даволi нечаканы вынiк — рост папулярнасцi "часовых" варыянтаў працаўладкавання. Па сутнасцi аднолькавая цiкавасць да iх назiраецца як з боку работнiкаў, так i наймальнiкаў, аднак таксама не сакрэт: тут ёсць свае асаблiвасцi. У прыватнасцi, на якi тэрмiн можна ўладкавацца часова, якiя гарантыi маюць у такiм выпадку работнiкi i калi адбываецца iх звальненне? Аб гэтым — наша гутарка з загадчыкам юрыдычнай кансультацыi Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiрам Іванавiчам Шалковiчам. "Плюс" для работнiка, "плюс" для наймальнiка Увогуле трэба адзначыць: часовымi прызнаюцца работнiкi, якiя прымаюцца максiмум на 2 месяцы. Або, калi гаворка iдзе аб неабходнасцi замены "асноўнага" супрацоўнiка арганiзацыi, што адсутнiчае пэўны тэрмiн, — максiмум на 4 месяцы. Пры гэтым якiх-небудзь мiнiмальных рамак тут проста не iснуе. Iнакш кажучы, уладкаванне можа адбыцца нават усяго на некалькi дзён. — Увогуле, наймальнiк, якому патрэбныя людзi для выканання якiх-небудзь непрацяглых работ, напрыклад, па будаўнiцтве пэўнага аб'екта, лiквiдацыi наступстваў аварыi цi ўборкi ўраджаю можа пайсцi шляхам заключэння грамадзянска-прававога дагавору, — адзначае Уладзiмiр Шалковiч. — Але ўсё ж лепш, калi ў такiм выпадку перавага аддаецца дагавору працоўнаму. Прычым фактычна выйграюць тут абодва бакi. Так, пры заключэннi працоўнага дагавора работнiк будзе падпарадкоўвацца правiлам унутранага працоўнага распарадку, а гэта — вiдавочны "плюс" для наймальнiка. А ў сваю чаргу працоўны дагавор для работнiка — гэта дадатковыя гарантыi, скажам, магчымасць карыстацца ўсiмi "бонусамi" таго ж калектыўнага дагавора. Дагавор. Але не кантракт Працоўны дагавор з работнiкам "на пэўны тэрмiн" заключаецца пiсьмова, прычым у дагаворы абавязкова робiцца запiс аб часовым характары ўладкавання. Аднак тут трэба мець на ўвазе: падобны дагавор не з'яўляецца кантрактам. — Адпаведна, у адрозненне ад кантрактнiка, такому работнiку не абавязкова даваць дадатковыя днi водпуску i павышаць тарыфную стаўку або аклад, — кажа Уладзiмiр Шалковiч. — Пры гэтым тут iснуе яшчэ адзiн нюанс — пры заключэннi дагавора часоваму работнiку нельга вызначыць выпрабавальны тэрмiн. "Бальнiчны" мусяць аплацiць Часовы работнiк няхай сабе i на невялiкi перыяд, але становiцца паўнапраўным членам працоўнага калектыву. Адпаведна, тут не можа быць нiякiх адрозненняў ва ўмовах аплаты працы. Да таго ж часовы работнiк у выпадку неабходнасцi можа скарыстацца "бальнiчным". — Магчыма, не ўсе ведаюць, але i выканаўцы работ па грамадзянска-прававым дагаворы, i часовыя работнiкi падлягаюць дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню — гэта дае права i на лiсткi па часовай непрацаздольнасцi, i на залiк пенсiйнага стажу, — падкрэслiвае Уладзiмiр Шалковiч. — Да слова, калi часовае месца становiцца ў работнiка першым, то наймальнiк абавязаны паставiць яго на ўлiк у рэгiянальных органах Фонда сацыяльнай абароны насельнiцтва, выдаць страхавое пасведчанне, i, зразумела, завесцi працоўную кнiжку. Звычайна — кампенсацыя Асобная тэма — водпуск. Права на яго ў часовага работнiка ёсць. Аднак з прычыны непрацяглага тэрмiну занятасцi аплатны адпачынак тут звычайна не даецца. Замест гэтага выкарыстоўваецца практыка выплат кампенсацый за нявыкарыстаны водпуск — прапарцыянальна адпрацаванаму часу. Пры гэтым, зазначае Уладзiмiр Шалковiч, у выпадку якiх-небудзь непрадбачаных сiтуацый часовы работнiк можа звярнуцца з просьбай аб водпуску па сямейна-бытавых абставiнах. Але тут давядзецца дамаўляцца з наймальнiкам. За выхадныя "адгулаў" няма Адметны момант. Заканадаўства вызначае, што часовыя работнiкi, якiя заключылi працоўны дагавор на тэрмiн, большы за 6 дзён, могуць быць прыцягнутыя да выканання сваiх абавязкаў у дзяржаўныя святы, святочныя i выхадныя днi. Прычым у такiм разе згода непасрэдна работнiка не патрабуецца. Да таго ж выхады ў дзяржаўныя святы, святочныя i выхадныя прызначэннем iншых дзён адпачынку часовым работнiкам не кампенсуюцца, а аплата за такiя выхады робiцца ў аднаразовым памеры. Заява. I звальненне праз 3 днi Паколькi з часовым работнiкам не заключаецца кантракт, нiякай "адпрацоўкi" тут быць не можа. Пры жаданнi такi работнiк можа звольнiцца практычна ў любы час. Для гэтага дастаткова толькi загадзя, за 3 днi, напiсаць адпаведную заяву. — Заканадаўства вызначае некалькi падстаў, калi часовага работнiка могуць звольнiць па iнiцыятыве наймальнiка, — працягвае Уладзiмiр Шалковiч. — Па-першае, датэрмiновае скасаванне працоўнага дагавора можа адбыцца за прагул, распiццё алкагольных напояў, крадзеж i iншыя "вiнаватыя" дзеяннi. Па-другое, падстава для развiтання — невыкананне без уважлiвых прычын працоўных абавязкаў цi правiлаў унутранага працоўнага распарадку. Трэцяя падстава — знаходжанне на "бальнiчным" больш чым два тыднi запар. Аднак апошняе не датычыцца выпадкаў вытворчага траўматызму i прафесiйных захворванняў — у такiм разе часовы работнiк захоўвае сваё месца да аднаўлення працаздольнасцi або да вызначэння iнвалiднасцi, але не больш чым да заканчэння тэрмiну дзеяння працоўнага дагавора. Нарэшце, чацвёртая верагодная прычына датэрмiновага развiтання — прыпыненне работ у наймальнiка на тэрмiн, большы за тыдзень, з прычыны вытворчага характару або ў сувязi са скарачэннем аб'ёмаў. Праўда, у апошнiм выпадку часовы работнiк павiнен атрымаць выхадную дапамогу ў памеры свайго тыднёвага заробку. — Яшчэ адна нагода для атрымання часовым работнiкам выхадной дапамогi — прызыў на вайсковую службу, — заўважае Уладзiмiр Шалковiч. — Прычым у такiм разе выхадная дапамога вызначаецца ў памеры сярэднiх заробкаў за 2 тыднi. Калi няпэўны тэрмiн? Мiж тым, цiкавая асаблiвасць. Калi часовы работнiк адпрацаваў звыш вызначанага тэрмiну, i нi адзiн з бакоў не запатрабаваў спынення працоўных адносiнаў, то лiчыцца, што працоўны дагавор працягваецца на няпэўны перыяд. I гэтаксама часовы работнiк набывае статус пастаяннага, калi ён звальняецца, але менш чым праз тыдзень уладкоўваецца да таго ж наймальнiка, i калi сам тэрмiн занятасцi да i пасля перапынку ў суме перавышае два (або ў выпадку замены работнiка асноўнага — чатыры) месяцы. Прычым варта падкрэслiць: у гэтым выпадку гаворка не iдзе аб абавязковым "паўторным" ўладкаваннi на адно i тое ж месца. Сяргей ГРЫБ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Агульнае скарачэнне колькасцi вакансiй прынесла адзiн даволi нечаканы вынiк — рост папулярнасцi "часовых" варыянтаў працаўладкавання. Па сутнасцi аднолькавая цiкавасць да iх назiраецца як з боку работнiкаў, так i наймальнiкаў, аднак таксама не сакрэт: тут ёсць свае асаблiвасцi. У прыватнасцi, на якi тэрмiн можна ўладкавацца часова, якiя гарантыi маюць у такiм выпадку работнiкi i калi адбываецца iх звальненне? Аб гэтым — наша гутарка з загадчыкам юрыдычнай кансультацыi Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiрам Iванавiчам Шалковiчам. |
|