Граф Бенядыкт Тышкевіч вярнуўся ў Беларусь. 21.by

Граф Бенядыкт Тышкевіч вярнуўся ў Беларусь

07.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 1993 годзе супрацоўнікi Музея Нiсэфора Ньепса з французскага горада Шалон-на-Соне шпацыравалi па Блышыным рынку Парыжа. Адзiн з антыквараў паклiкаў iх:

— Месье! Мадам! Паглядзiце, што ў мяне для вас ёсць!..

Прафесiйная iнтуiцыя падказала супрацоўнiкам зiрнуць адным вокам. Стары парыжскi антыквар працягнуў iм патрапаны альбом памерам 40 на 50 сантыметраў з фотаздымкамi. На iх сяляне неслi дахаты ваду, грэблi сена, мылi бялiзну, секлi лес, танчылi... Супрацоўнiкi не зразумелi адразу, што да чаго. Але знешнi выгляд альбома падказваў, што фоткам не менш за стагоддзе. Кошт быў невялiкi, вырашылi набыць — а потым разбiрацца.

Учора гэтыя 86 здымкаў былi прадэмастраваныя на выставе ў Нацыянальным гiстарычным музеi Беларусi. Выстава арганiзаваная намаганнямi Амбасады Францыi ў Беларусi i грамадскага таварыства "Фотамастацтва". Аўтар здымкаў — граф Бенядыкт Тышкевiч — моцна захапляўся фатаграфiяй. У 1876 годзе, калi толькi нарадзiўся славуты беларускi фотамастак Ян Булгак, Бенядыкт ужо ладзiў персанальную выставу ў Фiладэльфii. У сваiм маёнтку Вялава (сённяшнi Валожынскi раён) ён збудаваў адмысловы павiльён з вялiзнымi вокнамi (тагачаснае фатаграфаванне вымагала шмат святла) i лабараторыю для друкавання здымкаў. Граф, якi быў шалёна багатым, меў маёнткi ў Беларусi, Лiтве, Польшчы, Францыi — захапляўся простымi людзьмi, што атачалi яго. Захапляўся вопраткай беларусаў, рысамi твару, постацямi, характарамi, прадметамi побыту. На ягоных картках сяляне паказаныя годна, прыгожа, без савецка-стэрэатыпных драных лапцяў i каўтуна ў валасах.

— Ведаеце, гэта цi не адзiны вядомы мне прыклад, калi такi багаты i славуты чалавек надаваў столькi ўвагi сялянам, здымаў iх, друкаваў гэтыя здымкi, — сказала на адкрыццi выставы намеснiца дырэктара Музея Нiсэфора Ньепса спадарыня Крыстэль РАШЭТ. — Гэта сведчыць пра ягоную тонкую душу, высокую культуру. Граф Бенуа Тышкевiч (так яго называюць у нас у Францыi) захапляўся тагачасным iтальянскiм жывапiсам, якi якраз часта выяўляў сцэны сялянскага жыцця. Граф рабiў тое самае, але з дапамогай фатаграфii.

Прыкметна, што доўгi час пасля набыцця здымкаў яны былi ў Музеi Ньепса неатрыбутаваныя. І паколькi некаторыя фоткi Тышкевiч падпiсаў як "лiтоўскi касцюм" (ужываючы слова "Лiтва" ў тагачасным разуменнi — гэта значыцца, i Беларусь таксама) — звярнулiся ў Лiтву. "Наш, наш, давайце!.." — адгукнулiся лiтоўцы i зладзiлi выставу ў Вiльнi ў 2000 годзе. На той выставе пабываў беларускi мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскi.

— Я пачытаў подпiсы пад здымкамi, — распавядае спадар Сяргей, — а там — "Вялава", "Лагойск", "Налiбоцкая пушча", "Валожын". I падумаў: "Ну якi ж ён ваш?!" Распавёў пра гэта сябрам у Беларусi. I вось праз столькi гадоў здымкi Тышкевiча вярнулiся практычна ў месца iх стварэння.    Гледзячы на фота, варта памятаць умовы iх стварэння. Дзеля таго, каб зафiксаваць карцiнку, трэба, каб яна была нерухомая мiнiмум хвiлiну. Гэты напамiн выклiкае лёгкую ўсмешку, калi бачыш аўтапартрэт Тышкевiча. На iм граф стаiць у позе каратыста — задраўшы нагу дагары. Пры гэтым ён прасунуў пад нагой руку i п'е вiно з бутэлькi. Вiдавочна, спадар Бенядыкт меў добрае пачуццё гумару — не баяўся выглядаць смешным сам (як на здымку з паляўнiчымi мiнiятуркамi) i паказваць смешнымi iншых (сваiх сяброў пераапранаў для здымкаў у клоўнаў).

Калi я глядзеў на фота тагачасных беларусаў — людзей, якiя нарадзiлiся яшчэ ў часы Рэчы Паспалiтай, напалеонаўскiх войнаў — мне карцела параўнаць Тышкевiча з Напалеонам Ордам. Орда пакiнуў нам бясцэнныя замалёўкi беларускай архiтэктуры, а Тышкевiч — такiя ж бясцэнныя здымкi нашых продкаў. I гэта шчасце, што граф меў такую шырокую душу, бачыў прыўкраснае ў сялянах. Бо звычайна ў тыя часы фатаграфавалi сямейныя сцэны князёў, урачыстасцi, рабiлi партрэты шляхты. Таксама нам пашчасцiла, што граф любiў парадак — большасць здымкаў падпiсаў сваёй рукой, пазначыў год i нават месяц стварэння працы. А галоўнае — месца: сядзiба Вялава. Кiнуўшы вока на карту, атрымлiваеш важкi аргумент у спрэчцы пра нацыянальнасць Тышкевiча.

Спадчына Тышкевiчаў у Беларусi не спазнала лiтасцi гiсторыi i часу — палац у Лагойску разбураны, сядзiба Вялава стаiць у руiнах, у валожынскiм палацы месцiцца аддзяленне мiлiцыi... Аднак здымкi Тышкевiча ўратавалiся i дайшлi да нас напраўду цудам не проста так. Яны — яскравы напамiн таго, што толькi сваё, беларускае, нацыянальнае можа быць цiкавым, можа застацца ў гiсторыi. Яны — таксама сiгнал нашаму сумленню: казачна багаты граф, якi здзейснiў нават на сваёй яхце кругасветную вандроўку, захапляўся гэтым, а вы i ведаць не хочаце. Спяшайцеся на выставу ў Нацыянальны гiстарычны музей. Граф Тышкевiч хоча нагадаць нам, што мы самабытныя беларусы.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота Бенядыкта ТЫШКЕВIЧА i Уладзіміра БАГДАНАВА.

           

ДАВЕДКА

Музей Нiсэфора Ньепса месцiцца ў французскiм горадзе Шалон-на-Соне (правiнцыя Бургундыя). Нiсэфор Ньепс (1765—1833), вынаходнiк фатагаграфii, акурат там нарадзiўся. У Музеi захоўваецца каля трох мiльёнаў здымкаў розных часоў, а таксама 6000 прадметаў фотатэхнiкi — ад часу яе вынаходнiцтва да сённяшнiх лiчбавых фотаапаратаў. Асаблiвасць музея (як i многiх французскiх) у тым, што вы можаце пабачыць любы экспанат, папярэдне патэлефанаваўшы цi напiсаўшы туды лiст.

Чаму калекцыя Тышкевiча апынулася ў Францыi? Граф бавiў там шмат часу — яшчэ з дзяцiнства. Меў у Францыi шмат маёнткаў, жыў там стала з 1883 года. Памёр таксама там, пахаваны ў сямейным склепе ў Нiцы.

     

МАЙ НА ЎВАЗЕ!

Выстава графа Бенядыкта Тышкевiча працягнецца ў Нацыянальным гiстарычным музеi (Мiнск, Маркса,12) да 29 кастрычнiка. Затым будзе экспанавацца ў Гомелi — з 4 па 17 лiстапада ў галерэi Вашчанкi (Карповiча, 4). З 20 лiстапада па 8 снежня — у Полацку, у мастацкай галерэi Нацыянальнага гiсторыка-культурнага музея-запаведнiка. Лавiце момант — iнакш давядзецца ехаць у Францыю! Што таксама няблага, але не так лёгка i блiзка!..

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1993 годзе супрацоўнікi Музея Нiсэфора Ньепса з французскага горада Шалон-на-Соне шпацыравалi па Блышыным рынку Парыжа. Адзiн з антыквараў паклiкаў iх:
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика