Анатоль Сыс Я тут нічога не знайшоў, хаця сваю i выпiў чашу.... 21.by

Анатоль Сыс Я тут нічога не знайшоў, хаця сваю i выпiў чашу...

24.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму паэт не дажыў да сваiх 50?

Чарговы раз пачула фразу, якая ўжо надакучыла: маладая дзяўчына выказалася пра тое, што наш паэт Сыс — нiбыта Ясенiн у Расii... У мяне ў такiх выпадках губляюцца словы. З аднаго боку, гэта пацвярджэнне факта, што паэзiю ў нас чытаюць. З iншага — вядома, што самому Анатолю Сысу пры жыццi даводзiлася не раз чуць, як яго з кiм-небудзь параўноўваюць. Параўноўвалi з тымi, хто ўжо быў вядомы, i нiбыта таму гэта павiнна было цешыць i радаваць яго. Што казаць — у жыццi ён любiў радавацца. А можа гэта звонку так здавалася, а насамрэч радасць тая iм самiм стваралася толькi дзеля таго, каб душа не балела: сам жа ён не сумняваўся, што асаблiвы паэт — непараўнальны.

Вось тут i ўзнiкае ў мяне галоўнае пытанне да тых, хто любiць праводзiць нейкiя паралелi: яны параўноўваюць асобаў цi паэзiю? Бо гэта розныя рэчы, якiя часта ўступаюць у супярэчнасць. Можна прыкмецiць у творцаў падобны стыль паводзiнаў, шырыню душы, любоў да гулянак, жаданне выклiкаць шок, эпацiраваць. I вось з'яўляецца вядомая шыльда: скандалiст, такi як!.. Але вершы... Небяспечна параўноўваць розныя Сусветы. А ўся праблема ў тым, што беларускi сусвет патанаў (i патанае да гэтага часу ў свядомасцi нашых суграмадзян) у велiчынi расiйскага. Цi не таму ў нас узнiкае гэты бясконцы комплекс параўнання? Аднак некарэктна параўноўваць адну культуру з другой — у iх розныя прасторы, розныя ўмовы, свае наканаваннi. Сыса немагчыма параўноўваць якраз з-за таго, што ў iм акрамя вонкавых "праяў" таленту жыў боль разумення, што трэба не проста ствараць, а ствараць значнае для народа.

Вонкавае

"Нiхто не мае права бiць паэта..." Сыс напiсаў так, таму што зведаў, як гэта бывае. "Бiлi" — словамi, чуткамi, кпiнамi, нават падкрэсленай паблажлiвасцю. Перадавалi адзiн аднаму розныя непрыстойныя гiсторыi пра тое, што яшчэ гэты блазнюк учынiў. Дзе гуляў, з кiм, колькi "прыняў", да якой "кандыцыi" дайшоў, хто пры гэтым пацярпеў. Гэтыя гiсторыi абрасталi перадгiсторыямi i складвалiся ў анекдоты — часам непрыстойныя. Многiм ён падаваўся агiдным. Ён быў майстар уляпацца ў нейкую гiсторыю, правакаваў наўмысна, проста таму, што любiў iграць — сам цi перад людзьмi. I хто мог забаранiць гэта чалавеку? Якiя такiя рамкi прыстойнасцi?..

Напэўна, пакрыўджаных, цi тых, хто мог палiчыць сябе абражаным, хапала. Ён быў абсалютна сваiм для любога, самага маленькага чалавечыка, а на сваiх калег мог глядзець з вышынi: маўляў, я сам аўтарытэт у паэзii — пасля Купалы i Багдановiча. Паэзiя была яго ратавальнiцай — у непрыемнай сiтуацыi, калi што, ён мог сыпаць вершамi. А за таленавiтыя вершы дараваць можна многае: ну, няхай, — багема, што ад яе яшчэ чакаць?..

Калi б сёння складалi рэйтынг самых дзiўных цi жудасных паводзiнаў на людзях, то ён быў бы бясспрэчным лiдарам. Iншая рэч — такая слава памiрае разам з чалавекам, калi ў iм больш нiчога няма.

Пяць гадоў таму Анатоля Сыса не стала. За гэтыя пяць гадоў успамiналi яго часта. Але кожны, хто казаў сваё слова пра Сыса, iмкнуўся звярнуць перш за ўсё да яго вершаў. Так i цяпер, калi ў розных гарадах Беларусi збiраюцца людзi на вечарыны да 50-годдзя паэта (26 кастрычніка). Як сказаць, якi чалавек быў? Такi, як бачылi? Цi такi, як чулi? Першага цяпер не дачакаемся. З iншым можна вiтацца, размаўляць, спрачацца... Такi, як у вершах, ён i быў.

Мастак Рыгор Сiтнiца:

— Я яго памятаю яшчэ ў тыя часы, калi ён быў не проста светлым, а празрыста-крыштальна-светлым чалавекам. Як дзiця! Калi ён з'явiўся ў Мiнску, гэта было дарослае дзiця, наўiнае, даверлiвае ва ўсiм. Але калi пры першых нашых знаёмствах на сходах (у сярэдзiне 80-х) я пачуў першыя яго вершы, то быў вельмi ўражаны. Гэта было пранiзлiва i шчыра, гэта было моцна, настолькi спела i нечакана, выразна. Яго любiлi слухаць — гэта было сведчаннем далучанасцi да нейкай вышэйшай энергетыкi. Такiм ён i будзе не толькi ў нашай памяцi, але i ў памяцi нашых паслядоўнiкаў, бо ён таго варты — сапраўды вялiкi паэт. Праходзiць час, i мы, хто сустракаўся блiзка, можам узгадваць тое, што лiчыцца яго "мiнусамi". Але для гiсторыi гэта абсалютна нiчога не вартае, бо застанецца тое, што было галоўнае ў гэтым чалавеку. Ён жа проста iнструмент паэзii. Яна была ягонай абсалютнай сутнасцю. Сапраўдная паэзiя — увогуле рэдкая госця на нашай зямлi. Таму трэба лавiць кожную яе праяву, насычацца словам. Дзеля паэзii Толя прыносiў у ахвяру ўласны дабрабыт. Ён зведаў пакутлiвае жыццё, але ад гэтага не пераставаў быць светлым чалавекам. Светлая яму памяць i Божае царства. Спадзяюся, што Бог дараваў яму ўсе правiны, таму што ён зарабiў на дараванне. Натуральна, калi Бог можа дараваць, што ўжо пра людзей казаць...

Усеабдымнае 

"Цi лёгка жыць усё жыццё з паэзiяй у галаве?" Не пра сябе так напiсаў у нарысе. А спазнаў, што гэта такое. З маладых гадоў насiў у сабе вершы. Вось жа радасць якая! Вясковы хлопец, у простай сям'i нарадзiўся. У сям'i чацвёра дзяцей. Адзiн толькi вершы пiсаў, Толiк, самы малодшы. Вывучыўся ў Гомельскiм унiверсiтэце, прафесiю добрую атрымаў. Як мацi, мог настаўнiчаць. Не, не прайшло. I армiя не выбiла. "Раёнка" не забiла штампамi. Ну а калi ўжо ў "Маладосцi" надрукавалi... Безумоўна, прызнанне не прымусiла сябе чакаць. Тым больш што час выбраў яго думкi, iх слухаць гатовыя былi стадыёны — у самiм Мiнску.

Гэта быў яго шанец заявiць пра сябе. Сам дзiвiўся: толькi вершы патрэбныя для гэтага, не трэба нiчога рабiць, слава сама iдзе, прыцягваецца, як на магнiт, за сабой вабiць — далей ад Гарошкава ды Рэчыцы, дзе ўсё проста, дзе стагоддзямi адна праўда — працаваць, зямлi кланяцца. А ў Мiнску можна было хадзiць з высока паднятай галавой i не кланяцца нiкому якраз таму, што пра гэтую зямлю праўду засвоiлi пакаленнi родзiчаў. Пiшы пра гэта... Пра тое, што можа прывесцi чалавека да самога сябе. Словы прыходзiлi самi — малады хлопец стаў пiсаць на роднай мове, хоць сярэднюю школу скончыў па-руску. Для яго не было выбару: лiрыка — матэрыялiзаваныя душа, а яна беларуская. Таму зараджала iншых любоўю да радзiмы.

Дзiўны быў час — сярэдзiна 80-х. Была ў людзей неверагодная патрэба ў паэтах: па шчырых, даходлiвых словах засумавалi. Слова паэта i пiсьменнiка тады было сапраўды матэрыяльнай сiлай, якая ў тым лiку стварыла новую краiну Беларусь.

Гэтую сiлу адчуў Сыс. Зборнiкi вершаў зрабiлі яго вядомым. Да таго ж, за iх плацiлi тады добрыя ганарары. О, цудоўная рэч для творчага чалавека! Ён ацанiў адразу — быў момант, калi падпiсваўся "Толiк Ганарар". Столькi магчымасцяў: з сябрамi можна сустрэцца, шчодра пачаставаць. Да родных з падарункамi з'ездзiць. Мацi дапамагчы. Ён мог быць багаты, аднак не думаў пра гэта. Нiчога не назапасiў сабе на "чорны дзень" — нават не думаў, што такi можа быць.

Сяржук Сыс, зямляк, паэт:

— Ён быў наiўны, кранальны, лёгка ранiмы. Каб нiхто не пабачыў, што яго лёгка паранiць, усё хаваў за жорсткай абалонкай, за напускной бравадай, грубасцю. А да вершаў гэта не прыставала, як i нiякi бруд не прыставаў. Цяпер мы калупаемся ў архiвах, вышукваем драбiнкi Анатолевых вершаў, якiя засталiся па-за ўвагай з той цi iншай прычыны. Але гэта адбылося з-за таго, што Анатоль быў заўсёды патрабавальны да сваiх радкоў. Ведаю выпадкi, калi нават мог парваць верш. Мне ён прысылаў вершы з войска. Вось радкi з аднаго, якi не быў надрукаваны, магчыма, таму, што аўтар палiчыў яго недасканалым:

Напiшыце на мяне музыку.

Як апошнюю — напiшыце.

Кiньце шлягеры,

кiньце мюзiклы,

напiшыце, напiшыце.

Напiшыце,

як слязяцца радзiмы вочы

Калi кiнуўшы белы свет

Па дарозе дамоў крочу

Панацэяй ад тысячы бед.

Патаемнае

...Сталiчная аднапакаёўка. Сцены звужаюцца — з дня ў дзень падбiраюцца ўсё блiжэй i цiснуць на скронi. Прастору няма, волi. Рассунуць сцены немагчыма. Толькi бегчы. У свет — блiзкi, свой, гарошкаўскi, дзе ўсе любяць, ганарацца, прымуць любога, дзе мацi, якая ведала кошт Толiкавага поспеху, ганарылася, што вынасiла такога сына. Прыгорне i будзе радавацца, што ён прыехаў. Вось у роднай хаце, дома ўсё зразумела: добры чалавек — значыць добры, шчодры — значыць шчодры, не трэба нiчога з сябе выцiскаць. Можна быць сабой. Свабодным ад абавязку нешта значыць.

У сценах — усё не так. Чалавек, асаблiва калi жыве адзiн, замыкаецца на сабе. З'яўляюцца пытаннi, на якiх няма адказаў. Як i чаму здарылася, што перастаў пiсаць? Дзе затрымалiся вершы? Дзе той агмень, якi гарэў у душы i асыпаў блiскучымi iскрынкамi iншых людзей? Няўжо залiў, што цяпер не распалiць?.. А першым паэтам краiны сябе называў...

Паэзiя яго трымала ў жыццi, пакуль магла. Пакуль была.

Пакуль вершы сыпалiся, аўтара яшчэ спрабавалi цярпець, iмкнулiся паблажлiва ставiцца да яго "выкрутасаў". Але прыйшоў час, калi вершы скончылiся — у апошнiя гады Сыс амаль не пiсаў i сам прызнаваўся ў гэтым. "Скончыўся", — казалi цi то скептыкi, цi то зайздроснiкi. "Згас", — шкадавалi прыхiльнiкi. I гэтым таксама "бiлi".

Ад гэтага станавiлася балюча. Знаходзiлiся лекi — самыя простыя, выпрабаваныя ў народзе. З ахвотнiкамi скласцi кампанiю не было праблем. Сябры, якiя не адвярнулiся, разумелi, што адбываецца бяда.

Былi людзi — хацелi падтрымаць. Вакол Сыса былi ўвесь час спагадлiвыя, чулыя людзi, якiя яго шчыра любiлi i апякалi. Ён быў паэт, жыў як паэт. Гэта значыць, пiсаў. Нават уявiць не мог, якая яшчэ праца можа быць у паэта. Але прыйшоў час, калi вершы перасталi прыносiць грошы. У 1998 годзе Анатоль Сыс вёў рубрыку ў "Звяздзе" "Анталогiя беларускай паэзii". Выцягнуць яго з хмурнога забыцця было не так-та лёгка — бо сам перш за ўсё не быў упэўнены ў тым, што зможа вярнуцца.

Хiба што з Боскай ласкi. Размаўляў з анёламi — не чуў адказу. За яго прасiлi ў цэрквах i манастырах — паэт Алег Бембель, якi сышоў ад мiрской мiтуснi да Вечных Словаў, вучыў малiтве, самай сардэчнай, са слязьмi. Манах спецыяльна прыязджаў, каб прагнаць усiх бесаў з яго хаты. Але ўпартыя пачвары знаходзiлi цёмныя куткi ў яго душы, кiравалi целам, не давалi жыць у згодзе з Богам. Чалавек жа слабы... А можа, гледзячы на абразы, Анатоль думаў пра сваё вышэйшае:

Паэзiя — як рэлiгiя,

паэт — яе вечны Бог,

але, быццам раб, вярыгамi

закуты з плячэй да ног.

Бессмяротнае

Прычынай заўчаснай смерцi стала хвароба. Замест таго, каб лячыць цела, ён яго губiў. I ведаў жа, разумеў, што можа зрабiць нястрыманасць. Страўнiк, сэрца, душа... Балючыя кропкi да пары маўчалi, час ад часу нагадвалi пра сябе болем. Аднойчы — выбухнулi.

Смерць наступiла ў адзiноце. Той, хто ўсё жыццё быў адкрыты i не баяўся паказваць сябе розным, гучным, у гэты момант высвятляў з ёй адносiны без сведак. I яшчэ нiбыта чакаў, адцягваў момант развiтання, можа, каб душа паспела яшчэ пагуляць на гэтым свеце, лёгкая i абсалютна вольная ад усяго хоць цяпер — тры днi, пакуль знайшлi цела.

Памёр паэт, якога нарадзiў гэты народ. Якi ў беларускай лiтаратуры сам быў сiмвалам Часу — выказваў надзеi, думкi, адчуваннi цэлага пакалення, якое таксама застыла памiж марамi i рэчаiснасцю. Апошняя зацянула сумнай "паўсядзёнкай", прымусiла прыстасоўвацца, змянiцца, i адчайна прыгадваць: а пра што мы марылi тады?

Паэты сыходзяць, калi iх слова сказана, а дуэль з грамадствам скончана. Калi думкi выказаныя, словы выпушчаныя ў прастору, захоўваюць зямлю нябачнай атмасфернай абалонкай дзеля таго, каб далей маглi нараджацца новыя словы i неслiся ў свет iншыя iдэi, якiя дазволiлi б стварыць Новы беларускi лiтаратурны свет.

Але пакуль у нас чытаюць Сыса. Чаму? Што робiць яго вершы бессмяротнымi?

Напэўна, тое, што ён па думках, светаадчуваннi, характары, наш кроўнiк. Праз паэзiю Сыса зразумела пра яго Беларусь: яе мары, боль i пакуты, i зноў мары пра самiх сябе...

Алесь Квяткоўскi вобразы твораў Анатоля перадаў фарбамi, прысвяцiўшы сябру напярэдаднi юбiлею выставы ў Мiнску i Гомелi. Кажа, што ёсць ахвотныя хадзiць да Сыса ў госцi цяпер, калi ён ляжыць ля роднай хаты ў Гарошкаве:

— Трэба зрабiць музей у гэтай хаце. Нават цяпер прыйсцi сюды, пасядзець ля яе, зачыненай, знайсцi спакой пад лiпай — такая радасць. Штучна такога не зробiш, а само сабою стварылася. Толiкава паэзiя да гэтага схiляе — прыгадваеш словы i нiбыта размаўляеш з iм цiхенька ў наш мiтуслiвы час. Глядзiш на крыж ля магiлы — i думаеш пра тое, што чалавек адказны за свой талент.

Але ён папулярны i цяпер: пасля смерцi паэта выдаюцца кнiгi, пазначаныя яго iмем, цi натхнёныя iм. Вершы даказваюць: душа напраўду бессмяротная.

Жыццё — вялiкая мана.

I толькi смерць яе пазнанне.

* * *

Для мяне не iснуе пытання: хто чытае беларускую лiтаратуру? Яна ёсць незалежна ад нашых ведаў пра яе. У ёй ёсць свае "генii i зладзеi", свае ўзлёты i спады, задачы. Як яе можна параўнаць з лiтаратурай любой iншай краiны? Тым больш, калi аналогiй няма! Скажыце, каго ў Расii можна параўнаць з Барадулiным цi Разанавым? Проста немагчыма... I нельга сказаць, што гэта "мiнус" вялiкай рускай лiтаратуры — яна проста iншая па ментальнасцi, па разуменнi чалавека i яго шляху. Не ведаю, цi прыйдзе час, калi за эталон мы прымем з'явы беларускай культуры... А пакуль яшчэ ў школе мы вывучаем творчасць Ясенiна, у той час, калi пра Сыса зусiм неабавязкова ведаць, маўляў, хто хоча, пачытае сам. Цi iншых паэтаў. А калi так, то нас няма.

Ларыса ЦIМОШЫК. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму паэт не дажыў да сваiх 50? Чарговы раз пачула фразу, якая ўжо надакучыла: маладая дзяўчына выказалася пра тое, што наш паэт Сыс — нiбыта Ясенiн у Расii... У мяне ў такiх выпадках губляюцца словы. З аднаго боку, гэта пацвярджэнне факта, што паэзiю ў нас чытаюць. З iншага — вядома, што самому Анатолю Сысу пры жыццi даводзiлася не раз чуць, як яго з кiм-небудзь параўноўваюць. Параўноўвалi з тымi, хто ўжо быў вядомы, i нiбыта таму гэта павiнна было цешыць i радаваць яго. Што казаць — у жыццi ён любiў радавацца. А можа гэта звонку так здавалася, а насамрэч радасць тая iм самiм стваралася толькi дзеля таго, каб душа не балела: сам жа ён не сумняваўся, што асаблiвы паэт — непараўнальны.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика