Васiль Шабалтас Кацiны барон
28.10.2009
—
Новости Общества
|
Васiль Канстанцiнавiч Шабалтас родам з Петрыкаўшчыны, гомельскага Палесся. Чвэрць веку пражыў у Расii, столькi ж пасля вяртання на Радзiму i ў Беларусi. Кiм быў, кiм рабiў — не пералiчыць, як i не схаваць, не згубiць тое, што дадзена зверху. Напiсаў сем кнiжак прозы. Апавяданне "Кацiны барон", як ён сам кажа, — водгук далёкага грому: iншым разам цягне за стол i да паперы. Аб плённасцi гэтай цягi мяркуйце самi. Тут ёсць пра што меркаваць i думаць, чаму радавацца i засмучацца. Вiктар КАЗЬКО. Праходзячы мiма стала сакратаркi, Вадзiм Андрэевiч сказаў: — Паклiч да мяне ў кабiнет механiка Ключнiкава. Была палова на першую, механiк толькi што вярнуўся з абеду, а тут званок. Калi Ключнiкаў адчынiў дзверы кабiнета дырэктара, той ужо быў за сталом. Тры гады таму ён звольнiўся з армii ў чыне палкоўнiка. Узначалiў амаль збанкрутаваны кансервавы завод. Пасля ўстаноўкi iтальянскай тэхналагiчнай лiнii прадпрыемства ажыло, нават пачало даваць прыбытак. На iм працавалi 220 чалавек. Людзi новага дырэктара паважалi, калi б не ён, усе яны ў невялiчкiм раённым гарадку сталi б беспрацоўнымi. — Я толькi што вярнуўся з нарады ў райвыканкаме, — закурыўшы, сказаў дырэктар. — Там выступiў даiшнiк, расказаў, што ўчора ў вадзiцеля гарадскога аўтобуса на лiнii прыхапiла сэрца, ён паспеў выбiць рычаг перадач i крутнуць руль управа. Аўтобус з людзьмi на малой хуткасцi ўтыркнуўся ў бетонны слуп i спынiўся. З пасажыраў нiхто не пацярпеў, а шафёр за рулём памёр. Нас просяць уважлiва правяраць здароўе пажылых вадзiцеляў. Паглядваў за Гетманавым, яму як-нiяк 72. — Сёння ён у палiклiнiку пайшоў, на медкамiсiю, — адказаў Ключнiкаў. — 45 гадоў чалавек працуе на адным месцы, нiякiх праблем з дастаўкай прадукцыi ў нас няма, хоць i шкада, а прыйдзецца з iм развiтацца. Кантракт ты з iм не перазаключаў? — Не, тэрмiн кантракта ў яго скончыўся ў той час, як вы прыйшлi да нас. Я дакладваў вам. Вы сказалi, што калi ён пенсiянер, няхай працуе пакуль без кантракта. — Значыць звольнiць мы яго можам у любы момант? — Так. — Не, гэта будзе зусiм не па-людску, — задумлiва мовiў дырэктар. — Бачыў, як ён вылiзвае сваю машыну, i мне здаецца, калi яго ад яе адарваць — ён можа i iнфаркт атрымаць... Але ж нiчога не зробiш, усяму прыходзiць канец. — Можа, сёння яго камiсiя забракуе? — няўпэўнена сказаў Ключнiкаў. — Як бы там нi павярнулася, шукай чалавека на яго месца, не сёння-заўтра з iм усё адно давядзецца развiтвацца. — Такiя словы механiку — нiбы шыла ў бок. — Вадзiм Андрэевiч! — усклiкнуў механiк. — Я ўчора пятага чалавека прыводзiў, тайком, каб Гетманаў не заўважыў, паказваў iм яго машыну. А яны, маладыя, усе як у адну дуду: першы — гэты ГАЗ-51 трэба ўжо як экспанат у музей ставiць, другi — на такой машыне працаваць — сябе не паважаць, трэцi — калi я на ёй засвячуся — са мной сябры здароўкацца не будуць. Пасмяялiся i пайшлi. — Ды што яны, згаварылiся! — раззлаваўся дырэктар. — Знешнi выгляд цудоўны, рухавiк працуе як гадзiннiк, надзейная ў дарозе, яе нi разу тросам дамоў не цягнулi. — Гетманаў, Гетманаў. Яго рукi. А машыне ўжо 57 гадоў... Размова скончылася тым, што рашылi пачакаць вынiкаў абследавання Гетманава. Абмяркоўваючы вытворчыя пытаннi i асобна — самога вадзiцеля ГАЗ-51, кiраўнiкi нiбы знарок абыходзiлi адну даволi значную прычыну, па якой iм хацелася пазбавiцца ад старога шафёра. А справа заключалася ў тым, што ў Iвана Пятровiча, як i ў многiх мужчын, меўся свой недахоп цi слабасць. Адзiн п'е, жонку ганяе i ў гэтым бачыць сэнс жыцця, другi ў люты мароз сядзiць зiмой на возеры над пелькай i трасе вудачкай, трэцi ж з асалодай бадзяецца па лесе са стрэльбай на плячы i калi што ўпалюе — адчувае сябе на сёмым небе. У Гетманава таксама меўся свой вывiх. Едзе, бачыць: на абочыне кацяня ад марозу калее. Абавязкова спынiцца, возьме коцiка да сябе ў кабiну, тармазок, што жонка ў дарогу дала, разверне, накормiць небараку, за пазуху яго пакладзе, каб сагрэўся. Прыедзе з рэйсу iншы раз ноччу, папросiць цётку Тасю з прахадной, каб яна за коцiкам прыглядзела. Дадому ў апошнiя гады прыносiць катоў баяўся, там ужо было iх дванаццаць галоў. Ездзiў Гетманаў па ўсёй Беларусi, дастаўляў прытулкам для старых, дзiцячым садам i санаторыям усю тую прадукцыю, што выпускаў завод: пладова-агароднiныя сокi, салянкi, варэннi, марынаваныя агуркi i памiдоры. Раней даiшнiкi яго часта спынялi, правяралi дакументы, лазiлi пад капот, заглядвалi пад кузаў. Але з цягам часу звыклiся са старой машынай. А калi ўпэўнiлiся, што аўтамабiль спраўны, чапляцца перасталi, як добраму знаёмаму, махалi ўслед рукой, жадаючы добрай дарогi. Па характары Iван Пятровiч быў чалавекам маўклiвым, слова з яго выцягнуць было цяжка, хоць раней быў гаваркi. Але ж аднойчы выпадкова даведаўся, што за вочы людзi завуць яго кацiным баронам, i прымоўк. Лепш з катамi гаварыць, чым з такiмi людзьмi. Для сваiх гадаванцаў, з дазволу даўнiшняга дырэктара, цяпер нябожчыка, Гетманаў паставiў за складам сыравiны, далей ад людскiх вачэй, шэсць сабачых будак, дзе каты мiрна ўжывалiся з сабакамi. Калi аднойчы кошка ў будцы акацянiлася, кабель па клiчцы Ранет па-джэнтльменску ўступiў сям'i месца, i не пасягаў на яго, пакуль кацяняты не падраслi, спаў побач, каля будкi. На працу Гетманаў прыходзiў у сем гадзiн ранiцы, нёс з сабой пяцiлiтровае вядзерца з кашай, зваранай на костках, якiя купляў на рынку. За гадзiну да работы ён паспяваў накармiць усю сабача-кацiную ферму, iншы раз тую ж пярлоўку еў i сам. Яшчэ на прахадной сабакi ўжо чулi Iвана Пятровiча, скакалi кругом яго, iмкнучыся лiзнуць свайго кармiцеля ў твар. Кошкi вялi сябе больш стрымана, яны звычайна сядзелi на бакавых бартах яго машыны, i калi гаспадар наблiжаўся — саскоквалi на зямлю i цёрлiся аб яго калашыны. Невядома, колькi б часу доўжылася такое сужыцельства чалавека i хатнiх жывёлiн, калi б не аўчарка Маруська. Ашчанiўшыся, яна нiкога i блiзка не падпускала да сваёй будкi. Пакусала жанчыну, што праходзiла мiма. Тая ледзь ногi вынесла, забегла ў кантору, нарабiла ляманту. Выклiкалi нават "хуткую дапамогу", адвезлi ў бальнiцу на перавязку. Iван Пятровiч у гэты час быў у рэйсе, i калi вярнуўся, на яго накiнуўся раззлаваны Ключнiкаў: — Зводзь сваю зграю, а то выклічу жывадзёраў. Твае сабакi ўжо людзям праходу не даюць. Iван Пятровiч зайшоў за склад. Сабакi сустрэлi яго радасным скугатаннем. Толькi Маруська вяла сябе стрымана, адводзiла ўбок вочы. — Ну што ж ты, дурнiца, нарабiла? — спытаў яе Гетманаў. Аўчарка вiнавата паклала на яго каленi галаву, ледзь чутна заскавытала. Падняўшыся, Гетманаў падышоў да будкi, дзе ляжалi яшчэ сляпыя шчаняты, прасунуў руку ўнутр сплеценых цёплых цельцаў i павесялеў: жывыя! Ён баяўся, што за Марусьчын учынак сабачак у гарачцы маглi ўзяць i закапаць. А пад вечар пасля работы Iван Пятровiч сабраў у кошык Марусьчын прыплод i накiраваўся да свайго дома. Маруська трусiла побач, амаль упрыцiрку ля ног гаспадара, часта зазiрала яму ў вочы. ...Стрэлка гадзiннiка ў канторы механiка паказвала палову дванаццатай, час на абед, але Ключнiкаў рашыў дачакацца Гетманава, каб даведацца, як ён прайшоў медагляд. Чакаць давялося нядоўга. — Ну як жывеш? — з ходу спытаў механiк, як толькi ўбачыў вадзiцеля. Замест адказу Гетманаў дастаў з кiшэнi стары пацёрты блакнот i падаў начальнiку медыцынскую даведку. "Годны" — прачытаў з задавальненнем механiк i ад радасцi ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. — Пасля абеду пачну рыхтаваць машыну да тэхагляду. — Рыхтуй, а то паслязаўтра трэба будзе ехаць у Глуск, — згадзiўся Ключнiкаў. Узрадаваўся ж ён таму, што калi б вадзiцеля забракавалi, за баранку давялося б сесцi яму, механiку. У дагаворах са спажыўцамi iхняй прадукцыi было напiсана: дастаўка транспартам вытворцы. Было Гетманаў зламаў нагу, з гiпсам ляжаў у бальнiцы. Нацярпеўся тады Ключнiкаў, развозячы сам кансервы. Тады ён рубам паставiў перад дырэктарам пытанне аб пакупцы новага грузавiка. Калi ж высветлiлася, колькi ён каштуе — усе за галаву схапiлiся. Заводзiк жа маленькi, прыбытак невялiчкi, зарплата ў рабочых — толькi б не разбеглiся. Узяць крэдыт, надзець на сябе хамут пазык дырэктар не рызыкнуў. Нягледзячы на такую вострую сiтуацыю, ад Гетманава ўсё ж пазбавiцца хацелi: калi б ён звольнiўся — разбеглася б уся яго сабача-кашэчая зграя. Справу аб напа- дзе аўчаркi на жанчыну замялi, па парадзе медыкаў пацярпелая спачатку хацела на прадпрыемства падаць у суд, але пасля здадзеных аналiзаў высветлiлася, што сабака не шалёны, i жанчына судзiцца не стала. Але з таго часу кошкi i сабакi Гетманава сталi для дырэктара галаўным болем. З палкай у руках (на ўсякi выпадак), калi Гетманаў быў у ад'ездзе, кiраўнiк не-не ды i заглядваў за сцяну склада, дзе стаялi сабачыя будкi. ...Была халаднаватая жнiвеньская ранiца. У дадатак да назапашаных для перапрацоўкi яблыкаў прымешваўся моцны дух паспелага палыну, якi густа рос за цагляным плотам. Вадзiм Андрэевiч з'яўляўся на працу а палове восьмай. Абыходзiў тэрыторыю двара, гаспадарскiм вокам зазiраў ва ўсе куткi. Зайшоў за склад, а там Iван Пятровiч сваю хеўру кормiць. Ён сядзеў на лаўцы спiнай да дырэктара, накладваў з вядзерца драўлянай лыжкай кашу ў кармушкi, штосьцi жывёлiнам нагаворваў. Па паводзiнах сабак здагадаўся, што падышоў хтосьцi свой. Сабакi дырэктара ведалi, пры сустрэчы з iм нават хвастамi пакручвалi, але кiраўнiк на ўсякi выпадак трымаўся ад iх далей. На гэты раз, убачыўшы дырэктара, маладая сучка Разетка не вытрымала, не па-злоснаму гаўкнула. Пятровiч павярнуўся, сустрэўся з поглядам кiраўнiка, разгубiўся. — Што, Гетманаў, сабачак кормiш? — Так, жывыя ж iстоты, есцi хочуць. — Ну, кармi, — адказаў суха, павярнуўся i пайшоў. ...Чарговы тэхагляд аўтамабiль Гетманава прайшоў, як кажуць, "без сучка i задзiрынкi". Аўтамабiль стаяў на двары завода, нiбы толькi што з канвеера, увесь ён быў пафарбаваны ў той колер, з якiм яго калiсьцi выпусцiлi з завода. Каля машыны пахаджваў задаволена Iван Пятровiч з анучкай у руках, дзе-нiдзе падцiраў. Усё, здавалася б, утаймавалася, нават жонка Маруську прыняла без асаблiвага скандалу, бо аўчарка-хiтруга знайшла момант i лiзнула гаспадыню ў руку, i гэта прымусiла жанчыну быць да яе лагоднай. Але, як бачна з вопыту жыцця, якраз у такiя спакойныя часiны i здараюцца з людзьмi непрыемнасцi. На другi пасля тэхагляду дзень механiк, як абяцаў, пуцёўку на Глуск не выпiсаў. Такое здаралася i раней, можа, у iх там штосьцi не састыкавалася. Непакою Гетманаў не выказаў, апрануў камбiнезон i шпрыцаваў машыну. Было гэта а палове дзясятай ранiцы. I тут да машыны падышоў Ключнiкаў, адводзячы ўбок вочы, коратка сказаў: — Пятровiч, здымi сваю робу, памый рукi, цябе на дзесяць гадзiн дырэктар выклiкае. — I, нiбы ў чымсьцi вiнаваты, павярнуўшыся, хутка пайшоў прэч. Унутры вадзiцеля ўсё пахаладзела, ён адчуў, па якой прычыне яго клiчуць. I яго адразу нiбы выключылi, аслабелi рукi, ногi таксама сталi непаслухмянымi, ледзь выбраўся з-пад кузава. З цяжкасцю зняў з сябе прамасленую робу, пайшоў да ўмывальнiка i пачаў старанна мыць рукi. "Эх, Маруська, Маруська, каб не ты, можна было б яшчэ папрацаваць, — падумаў з сумам. — Цiкава, каго ж на маё месца знайшлi, хто за такiя капейкi згадзiўся працаваць?" Увайшоўшы ў кабiнет, убачыў у белай кашулi пад чорным гальштукам за сталом дырэктара, старшыню прафкама, начальнiка аддзела кадраў, галоўнага iнжынера, механiка, галоўнага бухгалтара. Не паспеў зачынiць за сабою дзверы, як хуценька паднялася чырванашчокая паўнацелая старшыня прафкама i, трымаючы ў руках букет кветак, падышла да шафёра: — Дарагi Iван Пятровiч! Сёння мы тут сабралiся i рашылi, што вам ужо час iсцi ў адпачынак. Сорак пяць гадоў без водпускаў... Таму жадаем вам добрага здароўя i доўгiх, доўгiх гадоў жыцця! А вось тут, — падаючы канверт, — апроч зарплаты, мы вам асобна выдзелiлi прэмii за безаварыйную работу i эканомiю палiва. Усяго вам найлепшага. Прыняўшы кветкi i канверт, Гетманаў разгубленым позiркам акiнуў прысутных i, з цяжкасцю выгаворваючы словы, прамовiў у адказ: — Дзякуй вам, людзi добрыя, за ўсё тое, што вы для мяне зрабiлi. — Пакланiўся i выйшаў з кабiнета. Пасля таго, як ён выйшаў, у пакоi на паўхвiлiны ўсталявалася цiшыня. Першай парушыла яе начальнiк аддзела кадраў, жанчына гадоў пад сорак, з ярка падфарбаванымi вуснамi. — Усiх нас гэта чакае i нiкуды не дзенешся, — сумна сказала яна, выцiраючы насоўкай вочы. — Калi б усе былi такiмi, як гэты дзiвак Гетманаў, у нас даўно б быў камунiзм, — блiснуў акулярамi галоўны бухгалтар завода. — Вы глядзiце, як ён сваю машыну, нiбы дзiця, пестуе. Ёй 57 гадоў, а яна ж нiбы новая. Цяперашнiя маладыя, дадуць яму новы аўтамабiль, а праз 2-3 гады ён ужо пад плотам стаiць. А тое, што ён жывёлiн любiць... У мяне сусед у райспажыўсаюзе працуе, у цэху па забоi скацiны. Як уяўлю, як ён бедных жывёлiн рэжа — страшна. За руку я з iм не здароўкаюся. А Гетманава паважаю: жаласлiвы чалавек. I яшчэ, усе вадзiцелi стараюцца прыпiсаць у пуцёўках больш кiламетраў, каб атрымаць i ўкрасцi дармавы бензiн. Iван Пятровiч не такi. Здаючы пуцёўкi, у графе "эканомiя палiва" ён сумленна ставiць зэканомленыя лiтры, за месяц iх набягае да трохсот. Каб украсцi, у яго нават думкi няма. Таму з яго i смяюцца, лiчаць дзiваком. Мянушку прыклеiлi — кацiны барон. А ён запчасткi для машыны за свае грошы купляе, рамантуе сам. Зарплата ж у яго — кот наплакаў. — Бухгалтар памаўчаў i заключыў: — Я яго не скарачаў бы. Бо без такiх гетманаў нам век з галечы не выбiцца. ...З кабiнета дырэктара Iван Пятровiч iшоў у сваю каморку нiбы ў тумане. Апынуўшыся ў сваiм закутку, дзе ў яго ляжалi старыя i новыя запчасткi, сеў на скрыпучы табурэт, з палёгкай уздыхнуў. Рады, што пакуль iшоў, нiкога не сустрэў. "Ну вось i ўсё, — падумаў горка, — прыйшоў мой час, трэба развiтвацца з усiм, да чаго душой прырос... Але што я, у мяне — пенсiя, а што рабiць тым, каго выкiнулi на вулiцу без усякай пенсii... Пра сабак i кошак не турбаваўся: яны пойдуць за iм туды, куды павядзе. тут не пакiне. Механiк вярнуўся ў сваю канторку, зайшоў да яго — Аляксеевiч, а можна мне, пакуль месца катам i сабачкам знайду, на завод пахадзiць, кармiць жа iх трэба. Я перашкаджаць нiкому не буду. — Ды хадзiце, нiхто вам не забараняе, — адказаў механiк, адводзячы ўбок вочы. I Гетманаў хадзiў на завод, быццам нiчога не здарылася, з тым жа зялёным вядзерцам. Прыйдзе ранiцай, сядзе на лавачку, кормiць i размаўляе з iмi. Праходзiлi днi. I пакуль Iван Пятровiч, зжываючыся са сваiм новым статусам беспрацоўнага, кармiў ды лячыў сваiх любiмцаў, у кабiнетах заводскiх начальнiкаў iшла амаль што вайна. Надзея на больш маладога пенсiянера-вадзiцеля адпала, новы шафёр не захацеў працаваць за малую зарплату. А санаторыi, дзiцячыя садкi, прытулкi для прыстарэлых патрабавалi салянкi, сокаў, варэння, iм трэба было кармiць людзей. Сваiм транспартам спажыўцы забiраць тавар не хацелi — дорага. Ды i парушаўся пункт дагавора. Памiж дырэктарам i механiкам нiбыта чорныя каты прабеглi, дайшло да таго, што Ключнiкаў паабяцаў напiсаць заяву на звальненне. Да яго забягалi начальнiкi цэхаў: калi падасi машыну пад пагрузку, працуем на склад. Трэба было самому садзiцца за руль. А так не хацелася! Выйшаў неяк механiк на вулiцу, а там хораша. Птушкi ў кронах дрэў аб чымсьцi спяваюць, густа пахнуць прывезеныя на перапрацоўку спелыя яблыкi. Зiрнуў Ключнiкаў, а каля сваёй, цяпер былой машыны, Iван Пятровiч стаiць, як у жалобе. Не вытрымаў механiк, забег у сваю канторку, схапiў са стала бланк пуцявога лiста, нервова выпiсаў Гетманаву пуцёўку. На Глуск. — Пятровiч, на ключы i дуй пад загрузку, там цябе чакаюць. — Аляксеевiч, як так можна, я ж звольнены, — паспрабаваў пярэчыць Гетманаў. — Пятровiч, я табе што сказаў: пад загрузку! — уладарным голасам крыкнуў механiк. — Дзеткам вiтамiны патрэбныя, без iх яны не растуць. Зразумеў? I зноў рарытэтная ГАЗ-51 забегала па дарогах Беларусi, зноў Гетманаву, як добраму знаёмаму, даючы зялёную вулiцу, даiшнiкi махалi рукамi. Iншыя нават бралi пад казырок. З'ездзiўшы разы тры, Гетманаў захваляваўся: як да такога свавольства механiка паставiцца дырэктар? I вельмi здзiвiўся, калi аднойчы Вадзiм Андрэевiч падаў яму руку так, быццам не адпраўлялi яго на пенсiю. Пакуль усё нармальна. А цi надоўга? Добра ведаў: у яго ўзросце за кожны пражыты дзень трэба Богу дзякуй гаварыць i свечку ставiць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Васiль Канстанцiнавiч Шабалтас родам з Петрыкаўшчыны, гомельскага Палесся. Чвэрць веку пражыў у Расii, столькi ж пасля вяртання на Радзiму i ў Беларусi. Кiм быў, кiм рабiў — не пералiчыць, як i не схаваць, не згубiць тое, што дадзена зверху. Напiсаў сем кнiжак прозы. Апавяданне "Кацiны барон", як ён сам кажа, — водгук далёкага грому: iншым разам цягне за стол i да паперы. Аб плённасцi гэтай цягi мяркуйце самi. Тут ёсць пра што меркаваць i думаць, чаму радавацца i засмучацца. |
|