Усход i Захад сышлiся. 21.by

Усход i Захад сышлiся

28.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фактычнае аб'яднанне Беларусi адбылося 28 кастрычнiка 70 гадоў таму — на Беларускiм народным сходзе ў Беластоку. Гiсторыкi лiчаць, што гэта тая дата, якая дала адлiк iснаванню тэрытарыяльна цэласнай рэспублiкi i заклала падмурак яе дзяржаўнасцi. Але мы святкуем дзень яднання Заходняй i Усходняй Беларусi 17 верасня (калi пачаўся паход Чырвонай Армii ў Заходнюю Беларусь) — гэта хутчэй сiмвалiчны момант. Аднак у 1939 годзе голас народа спрыяў утварэнню БССР. Як гэта было?

 

I соль, i газа, i любоў

"Пытаннi Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi". Так называлася пастанова ад 1  кастрычнiка 1939 г., якую прыняло Палiтбюро ЦК ВКП(б). Яна складалася з 33 пунктаў. Першы пункт пастановы абавязваў склiкаць Украiнскi народны сход у Львове выбраннiкаў з абласцей Заходняй Украiны (тэрыторыя былых ваяводстваў Станiслаўскага, Львоўскага, Цярнопальскага i Луцкага) i Беларускi народны сход у Беластоку выбраннiкаў з абласцей Заходняй Беларусi (тэрыторыя былых ваяводстваў Навагрудскага, Вiленскага, Беластоцкага i Палескага).

Гэтыя Народныя сходы павiнны былi зацвердзiць перадачу памешчыцкiх зямель сялянскiм камiтэтам; вырашыць пытаннi аб характары ўлады, якая ствараецца; аб уваходжаннi ў склад СССР ( БССР); аб нацыяналiзацыi банкаў i буйной прамысловасцi.

Менавiта гэтая пастанова прадпiсвала прызначыць склiканне Народных сходаў на 26 кастрычнiка 1939 г., а выбары праводзiць на аснове ўсеагульнага прамога i роўнага выбарчага права пры тайным галасаваннi. Правам выбару ў Народныя сходы павiнны карыстацца ўсе грамадзяне мужчынскага i жаночага полу, якiя дасягнулi 18 гадоў, незалежна ад расавай i нацыянальнай прыналежнасцi, веравызнання, адукацыйнага цэнзу, сацыяльнага паходжання, маёмаснага становiшча i папярэдняй дзейнасцi. У параўнаннi з выбарчым законам Рэчы Паспалiтай 1935 г. выбары ў Народны сход насiлi больш дэмакратычны характар.

Адзiн з пунктаў пастановы прадпiсваў сакратарам ЦК КП(б)У (М.С. Хрушчову) i ЦК КП(б)Б (П.К. Панамарэнку) падрыхтаваць адпаведныя тэксты дэкларацый, якiя павiнны быць прынятыя дэпутатамi Народных сходаў.

Астатнiя пункты пастановы мелi характар даручэнняў партыйным, ваенным, прафсаюзным, фiнансавым органам па арганiзацыi дапамогi ў стварэннi структур Савецкай улады i правядзеннi кадравай палiтыкi.

Адзiн з пунктаў вызначыў цэны на соль, запалкi, газу i махорку на тэрыторыях Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны.

З камсамольскiм прывiтаннем

Пастанова Палiтбюро ЦК ВКП(б) была абмеркавана 2 кастрычнiка 1939 г. на пасяджэннi Бюро ЦК КП(б)Б, на якiм былi зацверджаны старшынi Часовых упраўленняў абласцей i гарадоў. На тым жа пасяджэннi было вырашана накiраваць з БССР на працу ў Заходнюю Беларусь 700 камунiстаў i 800 камсамольцаў. У мэтах арганiзацыi выбараў у Народны сход у адпаведны камiтэт дэлегавалi старшыню Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР Н.Я. Наталевiча, старшыню Вярхоўнага Савета БССР Н.Г. Грэкаву, сакратара Прэзiдыума Вярхоўнага Савета рэспублiкi Л.Е. Папкова. Н.Я. Наталевiчу даручалася распрацаваць праект палажэння аб выбарах i падаць яго на абмеркаванне нарады старшынь Часовых упраўленняў 4  кастрычнiка.

Як вiдаць, уся работа вялася па добра адпрацаванай у СССР сiстэме падрыхтоўкi буйных партыйных i савецкiх мерапрыемстваў.

Усенародны плебiсцыт

Для правядзення выбараў было створана 929 акруг з разлiку 5 тыс. выбаршчыкаў на акругу. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Народнага сходу атрымалi Часовыя ўпраўленнi гарадоў, сялянскiя камiтэты, сходы рабочых на прадпрыемствах, байцоў Рабочай гвардыi, прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi. Упершыню ў гiсторыi Заходняй Беларусi жанчыны атрымлiвалi права не толькi выбiраць, але i быць выбранымi.

Трэба адзначыць, што выбары ў Народны сход праводзiлiся пры надзвычай высокай актыўнасцi насельнiцтва краю. 3 юрыдычнага пункту гледжання гэта быў усенародны плебiсцыт, пераважная большасць удзельнiкаў якога выказалася ў падтрымку ўсталявання Савецкай улады, палiтыкi правядзення радыкальных сацыяльна-эканамiчных пераўтварэнняў, за ўз'яднанне беларускага народа ў адзiнай нацыянальнай дзяржаве. У выбарах 22 кастрычнiка 1939 г. з агульнай колькасцi выбаршчыкаў у 2.763.191 чалавек у галасаваннi ўдзельнiчалi 2.672.280 чалавек (96,71 %)! За вылучаных кандыдатаў прагаласавалi 2.409.522 выбаршчыкi. Супраць прагаласавалi 247.245 выбаршчыкаў (9,3 %), прызнаны несапраўднымi 14.932  бюлетэнi. У 2 выбарчых акругах Высока-Мазавецкага павета кандыдаты не атрымалi большасцi галасоў i выбары былi праведзены паўторна.

Беларускiя сяляне i кворум

Работа Народнага сходу Заходняй Беларусi пачалася не 26 кастрычнiка, як было запланавана ў пастанове Палiтбюро ЦК ВКП(б), а крыху пазней — 28 кастрычнiка 1939 г. у Беластоку. Прысутнiчалi ўсе абраныя дэпутаты. Сярод iх было: 563 селянiна, 197 рабочых, 12 прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi, 29 служачых, 25 саматужнiкаў, па нацыянальным складзе — 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэi, 53 украiнцы, 43 рускiя i 10 прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў. Як вiдаць, склад дэпутатаў адлюстроўваў сацыяльную i нацыянальную структуру насельнiцтва краю, якая гiстарычна склалася ў Заходняй Беларусi. Народны сход распачаў найстарэйшы дэпутат — 68-гадовы селянiн з в. Насевiчы Ваўкавыскага павета С. Ф. Струг. Даклад аб форме дзяржаўнай улады ў Беларусi зрабiў вядомы дзеяч заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху С.В. Прытыцкi, якi ў 1936 г. Вiленскiм акруговым судом быў прыгавораны да смяротнага пакарання за замах на правакатара ў зале суда.

У аднагалосна прынятай Дэкларацыi аб дзяржаўнай уладзе падкрэслiвалася, што "Беларускi народны сход, якi выказвае непахiсную волю i жаданне народаў Заходняй Беларусi, абвяшчае на ўсёй тэрыторыi Заходняй Беларусi ўсталяванне Савецкай улады".

На апошнiм пасяджэннi 30 кастрычнiка Народны сход абраў паўнамоцную камiсiю з 66 чалавек для пасылкi ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Заходняй Беларусi ў склад СССР. Народны сход абвясцiў 17 верасня днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусi ад прыгнёту буржуазii i памешчыкаў. Па прапанове дэпутата У. З. Царука было аднагалосна прынята рашэнне аб усталяваннi ў Беластоку помнiка загiнулым змагарам за вызваленне беларускага народа. На жаль, такi помнiк не быў пабудаваны.

Найвышэйшы закон

Аднак пасля ўз'яднання Заходняй Беларусi з БССР у жыццi заходнебеларускага насельнiцтва з'явiлася не толькi шмат новага i станоўчага, але i адмоўнае. У шэрагу выпадкаў работнiкi, якiя прыехалi з усходу, заводзiлi свае парадкi, iгнаравалi мясцовы лад жыцця, традыцыi насельнiцтва. Пачалiся рэпрэсii i дэпартацыi шэрагу катэгорый насельнiцтва, якiя лiчылiся ворагамi Савецкай улады.

Тым не менш, нягледзячы на шэраг адмоўных момантаў, уз'яднанне Заходняй Беларусi з БССР мае вялiкае гiстарычнае значэнне для беларускага народа. Былi праведзены радыкальныя сацыяльна-эканамiчныя пераўтварэннi ў iнтарэсах большасцi народа, лiквiдавана беспрацоўе, значныя станоўчыя змены адбылiся ў народнай асвеце, ахове здароўя, у развiццi навукi i культуры.

Уз'яднанне беларускага народа — гэта акт гiстарычнай справядлiвасцi, якi завяршыў працэс тэрытарыяльнай i этнаграфiчнай кансалiдацыi беларускай нацыi — неабходнага трывалага падмурку беларускай дзяржаўнасцi.

У прынятай 29 кастрычнiка 1939 г. Народным сходам Заходняй Беларусi дэкларацыi было падкрэслена, што воля беларускага народа з'яўляецца найвышэйшым законам. Народны сход пастанавiў: "Прасiць Вярхоўны Савет Саюза Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк прыняць Заходнюю Беларусь у склад Савецкага Саюза i Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi, з'яднаць беларускi народ у адзiную дзяржаву i пакласцi тым самым канец раз'яднанню беларускага народа".

Пры ўсiх шматлiкiх i неадназначных ацэнках тых падзей назаўсёды застанецца фактам тое, што Беларусь упершыню за ўсю гiсторыю стала тэрытарыяльна цэласнай дзяржавай.

Вячаслаў Данiловiч,

намеснiк дырэктара Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi па навуковай рабоце, кандыдат гiстарычных навук, дацэнт.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фактычнае аб'яднанне Беларусi адбылося 28 кастрычнiка 70 гадоў таму — на Беларускiм народным сходзе ў Беластоку. Гiсторыкi лiчаць, што гэта тая дата, якая дала адлiк iснаванню тэрытарыяльна цэласнай рэспублiкi i заклала падмурак яе дзяржаўнасцi. Але мы святкуем дзень яднання Заходняй i Усходняй Беларусi 17 верасня (калi пачаўся паход Чырвонай Армii ў Заходнюю Беларусь) — гэта хутчэй сiмвалiчны момант. Аднак у 1939 годзе голас народа спрыяў утварэнню БССР. Як гэта было?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика