Сідорскі: Усе гарады і пасёлкі Беларусі ў 2010 г. павінны быць забяспечаныя чыстай вадой
10.11.2009 16:52
—
Новости Общества
|
Усе гарады і пасёлкі Беларусі ў 2010 годзе павінны быць забяспечаныя чыстай вадой. Пра гэта заявіў прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні прэзідыума Саўміна 10 лістапада ў Мінску, паведамляе прэс‑служба ўрада. Прэзідыум абмяркоўваў выкананне ў 2009 годзе дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада» на 2006—2010 гады. «Праграма павінна забяспечыць чыстай вадой усіх — ад горада Мінска да раённых цэнтраў», — падкрэсліў кіраўнік урада і дадаў, што праграмай развіцця і рэфармавання вёскі таксама прадугледжана забеспячэнне чыстай вадой жыхароў аграгарадкоў. У 2011—2012 гадах неабходна працягваць гэтую работу ў асобных населеных пунктах, вёсках краіны. Як адзначыў міністр жыллёва‑камунальнай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Белахвостаў, «аналіз ходу работ за дзевяць месяцаў і прынятыя меры ў кастрычніку дазваляюць зрабіць выснову, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, усе планавыя аб’екты будуць уведзеныя ў эксплуатацыю». Праграма ставіць задачу знізіць утрыманне жалеза ў вадзе да 1 мг на 1 л і не вышэй. Намечаныя на 2009 год мерапрыемствы будуць выкананыя. Праблемы выклікаюць толькі тры аб’екты. Гэта ачышчальныя збудаванні ў гарадах Гродзенскай вобласці Свіслач, Ліда і на РУП «Віцязь». Прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама на пасяджэнні прэзідыума запэўнілі, што аб’екты ў Свіслачы і Лідзе будуць уведзеныя ў эксплуатацыю. «У цэлым выкананне праграмы па асобных аб’ектах складае 43‑48%. Гэта насцярожвае, але запэўніванні выканаўцаў, што ўсё будзе выканана своечасова, прымаюцца. Час яшчэ ёсць», — сказаў Сідорскі. Кіраўнік урада таксама звярнуў увагу на праблемы фінансавання праграмы. Паводле яго слоў, на гэта былі аб’ектыўныя прычыны, паколькі «ў бюджэце на працягу года даходная і расходная часткі павінны быць на ўзроўні нуль», гэта значыць расходы не павінны перавышаць даходы. Але праплаціць работы па рэалізацыі праграмы неабходна. «Мы дамаўляліся, што работы павінны ісці наперадзе фінансавання, як гэта і адбывалася. Цяпер трэба аплачваць на працягу астатняга часу запланаваныя плацяжы, якія павінны быць прафінансаваныя з бюджэту», — сказаў Сідорскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе гарады і пасёлкі Беларусі ў 2010 годзе павінны быць забяспечаныя чыстай вадой. Пра гэта заявіў прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні... |
|