Сядзелка па зніжаных коштах
18.11.2009
—
Новости Общества
|
Пенсiянеры сталiцы могуць разлiчваць на новыя сацыяльныя паслугi Найбольш высокi сярэднi памер пенсiй статыстыка традыцыйна адзначае менавiта ў сталiцы. Яшчэ адна i не менш значная перавага Мiнска — добрая сацыяльная iнфраструктура. I разам з тым жыццё ў буйным горадзе мае свае асаблiвасцi. Тут практычна адсутнiчае такая крынiца даходаў, як прысядзiбныя гаспадаркi, вельмi адчувальным артыкулам выдаткаў, асаблiва восенню i зiмой, з'яўляюцца камунальныя паслугi, у рэшце рэшт сам узровень пенсiй — ва ўсiх вельмi розны. Таму не сакрэт, што многiм непрацаздольным мiнчанам не абысцiся без дадатковай дапамогi. Якiя яе варыянты? Зрэшты, разабрацца з гэтым пытаннем мы паспрабуем з дапамогай галоўнага спецыялiста аддзела адраснай дапамогi i гендарных праблем камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Таццяны Васiльеўны КНЯЗЕВАЙ.
Даход. I плюс абставiны Першае, пра што трэба ўзгадаць у складанай сiтуацыi, гэта адрасная сацыяльная дапамога. Яе прадастаўленне залежыць ад узроўню дабрабыту. Так, сёння права на штомесячныя адрасныя выплаты дае даход у памеры менш за 100 працэнтаў, а на аднаразовыя выплаты — даход менш за 120 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму на чалавека ў месяц. У сваю чаргу цяпер БПМ складае 250 070 рублёў. Пры гэтым ужо з наступнага года ўмовы для атрымання аднаразовай адраснай сацыяльнай дапамогi стануць больш мяккiмi — даход менш за 150 працэнтаў ад БПМ. Да таго ж таксама з 1 студзеня iнвалiды III групы i бацькi дзяцей да 18 гадоў, якiя iнвалiдамi не з'яўляюцца, але па заключэннi ўрачоў маюць патрэбу ў спецыяльных медыцынскiх прыстасаваннях, змогуць звяртацца па мэтавую дапамогу на набыццё неабходных сродкаў тэхнiчнай рэабiлiтацыi. Варта заўважыць, што адрасная дапамога (апроч набыцця тых жа сродкаў сацыяльнай рэабiлiтацыi) мае строгую "прывязку" да даходаў. Але можа здарыцца так: пенсiя нiбыта някепская, але вырашыць якую-небудзь праблему (скажам, якая з'явiлася пасля пажару цi крадзяжу маёмасцi) яна не дазваляе. У такiм разе варта ўзгадаць яшчэ пра адну магчымасць — выплаты з Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. I, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, гэта дапамога можа выдавацца не толькi адзiнокiм пенсiянерам. — Калi ўзнiкла цяжкая сiтуацыя i з'явiлася патрэба ў дапамозе са сродкаў сацыяльнага страхавання, неабходна напiсаць заяву з указаннем прычын, чаму з'явiлася неабходнасць у падтрымцы, i падаць гэту заяву ва ўпраўленне сацыяльнай абароны раёна па месцы жыхарства, — распавядае Таццяна Князева. — Далей максiмум за месяц ва ўпраўленнi разгледзяць зварот — прадастаўляць або не дапамогу. Прычым у гэтым выпадку будуць прымацца да ўвагi памер пенсii, наяўнасць працаздольных сваякоў, стан здароўя i iншыя акалiчнасцi. Да слова, звычайна дапамога са сродкаў сацыяльнага страхавання выдаецца толькi раз у год. А сам памер дапамогi, за выключэннем надзвычайных выпадкаў, не будзе перавышаць бюджэт пражытковага мiнiмуму. Старыя рэчы. Таксама дарэчы? Па-сапраўднаму крайнi выпадак — гуманiтарная дапамога. Звяртаюцца па яе не так часта, тым не менш, калi купiць новыя боты цi палiто на зiму цяжка, можа спатрэбiцца i гэты варыянт. Самi правiлы атрымання "гуманiтаркi" паўсюль не аднолькавыя, але, як правiла, яна выдаецца непрацаздольным грамадзянам, шматдзетным i няпоўным сем'ям, а таксама сем'ям, дзе ёсць дзiця-iнвалiд. — Калi ўзнiкла патрэба ў "рэчавай" або прадуктовай гуманiтарнай дапамозе, трэба звяртацца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва па месцы жыхарства, — працягвае Таццяна Князева. — Прычым тыя ж цэнтры аказваюць i iншую падтрымку — псiхалагiчную, юрыдычныя кансультацыi, тут працуюць разнастайныя гурткi, аддзяленнi дзённага знаходжання для iнвалiдаў. Плюс да таго, сёлета ў Мiнску вызначана: адзiнокiя жыхары сталiцы з даходамi, меншымi за бюджэт пражытковага мiнiмуму, могуць атрымлiваць талоны на бясплатнае гарачае харчаванне. Калi цяжка пагуляць з сабакам.... Зноў-такi ў тэрытарыяльны цэнтр трэба звяртацца ў выпадку, калi ў пенсiянераў цi iнвалiдаў I i II груп узнiкла неабходнасць у сацыяльных паслугах дома. Прычым калi такiя паслугi аказваюцца за грошы, колькасць вiзiтаў сацыяльных работнiкаў выбiраецца самастойна. Гэта "замацоўваецца" дагаворам. — Зацверджаны пералiк агульнадаступых паслуг, i кожны можа выбiраць з гэтага пералiку штосьцi для сябе, — адзначае Таццяна Князева. — Напрыклад, часцей за ўсё сацыяльных работнiкаў просяць схадзiць у краму цi ў аптэку, заплацiць за камунальныя паслугi, прыбраць у кватэры. Больш за тое, калi-нiкалi мы iдзём на пашырэнне "стандартнага спiсу" i выконваем iншыя не зусiм звычайныя, але рэальныя просьбы пажылых людзей i iнвалiдаў — закансерваваць садавiну, выгуляць сабаку ў двары, звазiць хатнюю жывёлу да ветэрынара. Кошт работы сацыяльнага работнiка ва ўсiх рэгiёнах розны, у Мiнску ён складае 1069 рублёў за гадзiну. Аднак гэты тарыф цалкам выкарыстоўваецца толькi ў дачыненнi да тых, хто мае ў сталiцы працаздольных сваякоў. Пенсiянеры i iнвалiды, у якiх працаздольных сваякоў у горадзе няма, атрымлiваюць права на 50-працэнтную знiжку. А адзiнокiх пажылых грамадзян i iнвалiдаў з пенсiяй, меншай за бюджэт пражытковага мiнiмуму, сацыяльны работнiк можа наведваць бясплатна. — Сума аплаты атрымлiваецца не надта вялiкай, асаблiва калi ўлiчыць, што пераважная большасць пенсiянераў, iнвалiдаў I i II груп карыстаюцца 50-працэнтнай знiжкай, — зазначае Таццяна Князева. — Тым не менш зразумела: "лiшнiх" грошай у гэтых людзей не было нiколi. Таму прадугледжана магчымасць звяртацца па дапамогу сацыяльнага работнiка не пастаянна, а толькi час ад часу — 1-2 разы ў месяц. Калi гаворка iдзе аб аказаннi агульнадаступных паслуг, тут дзейнiчае той жа тарыф — 1069 рублёў за гадзiну. I выкарыстоўваецца тая ж сiстэма знiжак. Пры гэтым зручна, што заплацiць за аднаразовыя паслугi можна непасрэдна на месцы — па прыходным ордэры. Аднак агульнадаступнымi прызнаныя не ўсе паслугi. Адпаведна, на некаторую, больш складаную дапамогу, вызначаны асобныя тарыфы. Так, у сталiцы прыгатаванне абеду ацэньваецца ў 4790, чыстка ўручную 10 "квадратных" метраў дывана абыдзецца ў 960, чыстка ваннай — у 1240, ракавiны — 510, унiтаза — 960, ручное мыццё кiлаграма бялiзны будзе каштаваць 2370, а мыццё халадзiльнiка без размарожвання — 1860 рублёў. Да таго ж у некаторых выпадках тут будуць выкарыстоўвацца мыйныя сродкi заказчыка. — Насамрэч справе, кошт "дадатковых" паслуг у параўнаннi з паслугамi агульнадаступнымi вышэйшы, але тут нельга скiдваць з рахункаў рэальныя выдаткi, — заўважае Таццяна Князева. — Да таго ж сацыяльныя паслугi абыходзяцца ў любым выпадку танней, чым у "бытоўцы", а тым больш у прыватнiкаў. У прыватнасцi, гэта можна сказаць пра сядзелак. Гадзiна iх працы ў нас па буднях удзень ацэньваецца ў 5240, па буднях у начны час з 22 да 6 гадзiн — у 6080, а па выхадных i святах — у 7430 рублёў. Дарэчы, паслугi сядзелак насамрэч карыстаюцца папулярнасцю, прычым сёння сацыяльныя службы тут здольныя задаволiць попыт: за апошнi час нам удалося вырашыць цi не галоўную праблему — з кадрамi. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пенсiянеры сталiцы могуць разлiчваць на новыя сацыяльныя паслугi Найбольш высокi сярэднi памер пенсiй статыстыка традыцыйна адзначае менавiта ў сталiцы. Яшчэ адна i не менш значная перавага Мiнска — добрая сацыяльная iнфраструктура. I разам з тым жыццё ў буйным горадзе мае свае асаблiвасцi. Тут практычна адсутнiчае такая крынiца даходаў, як прысядзiбныя гаспадаркi, вельмi адчувальным артыкулам выдаткаў, асаблiва восенню i зiмой, з'яўляюцца камунальныя паслугi, у рэшце рэшт сам узровень пенсiй — ва ўсiх вельмi розны. Таму не сакрэт, што многiм непрацаздольным мiнчанам не абысцiся без дадатковай дапамогi. Якiя яе варыянты? Зрэшты, разабрацца з гэтым пытаннем мы паспрабуем з дапамогай галоўнага спецыялiста аддзела адраснай дапамогi i гендарных праблем камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Таццяны Васiльеўны КНЯЗЕВАЙ.
|
|