Трэцяе пакаленне. 21.by

Трэцяе пакаленне

19.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нашы суайчыннікі ў Расіі складаюць амаль мільённую грамаду. Яе прадстаўнікі правялі сваю канферэнцыю ў Маскве.

На канферэнцыі ў Маскве сустрэліся беларусы з розных рэгіёнаў РасііАрганізатарамі канферэнцыі “Беларусы Расіі: гісторыя, культура, асобы” выступілі Міністэрcтва рэгіянальнага развіцця Расійскай Федэрацыі, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі” пры ўдзеле Пасольства Беларусі. Слова — удзельнікам канферэнцыі.

На балтыйскім беразе

Алена Коцарава, намеснік старшыні савета рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Калінінградскае зямляцтва беларусаў”, на прыкла-дзе ўласнага лёсу паказала, як фарміравалася нацыянальная свядомасць беларусаў у самым заходнім рэгіёне Расіі.
— Спецыфіка нашага рэгіёна ў тым, што пасля 1945 года сюды прыехалі людзі з розных абласцей СССР, у тым ліку з Беларусі. Мой дзед трапіў у Калінінградскую вобласць з Гомельшчыны, калі яму было 16 гадоў. Я належу ўжо да трэцяга пакалення. У 18-і з 22-х муніцыпальных утварэнняў вобласці існуюць аддзяленні нашага зямляцтва, узведзена беларуская царква, як мы яе называем, бо будавалі на грошы, якія збіралі сярод землякоў. Дзейнічаюць пяць фальклорных калектываў, з якіх тры — народныя, а найстарэйшаму ўжо трыццаць гадоў. У Калінінградзе ўстаноўлены помнік Францыску Скарыне.
Усе задумы ажыццяўляюцца з дапамогай мясцовых уладаў, не забывае пра землякоў і радзіма. Два фальклорныя калектывы, што выступалі на канферэнцыі, былі апрануты ў нацыянальныя строі, дасланыя з Мінска.

Зара над Поўначчу

У зале былі зацікаўленыя ўдзельнікі канферэнцыіНа поўначы Расіі беларусы таксама не адчуваюць сябе ў ізаляцыі. Паводле слоў Віктара Зары, кіраўніка архангельскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Зямляцтва “Беларусь”, наша суайчыннікі прымаюць даволі чынны ўдзел у вырашэнні мясцовых спраў, што робіць дыяспару самадастатковай.
— Па волі выбаршчыкаў я стаў дэпутатам мясцовага заканадаўчага органа. У рэгіёне створаны савет нацыянальнасцяў, з якім кансультуецца губернатар. Раз на месяц губернатар збірае прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцяў і абмяркоўвае з намі актуальныя пытанні як культуры, так і эканомікі. Мясцовы бюджэт зацвярджаецца пасля нарад з саветам нацыянальнасцяў.

Сібірскі гоман

Асаблівасць Іркуцкага рэгіёна ў тым, што беларусы пражываюць тут кампактна ў некалькіх месцах — гэта нашчадкі перасяленцаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя выязджалі з бацькаўшчыны ў Сібір у пошуках зямлі. У некаторых паселішчах дагэтуль захоўваюцца рэшткі беларускай мовы ў гаворцы жыхароў. Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, робіць стаўку на моладзь.
— Мы выхоўваем у моладзі гонар за гісторыю беларускага народа. Вывучаем мову. Пашыраецца мода на спецыфічна беларускія імёны. Адзначаем галоўныя святы народнага календара. Леташняй восенню ўстанавілі ўказальнік на беларускай і рускай мовах на ўездзе ў вёску Тургенеўка, заснаваную нашымі суайчыннікамі-перасяленцамі. Там жа адкрылі музей. Адраджаем традыцыйныя рамёствы, рэгулярна праводзім абласны фестываль “Гучы, гоман беларускі”. Цяпер я магу спакойна сыходзіць на пенсію — беларушчына ў нашым краі не загіне.

Купалаўскае гняздо

У Пячышчах, недалёка ад Казані, правёў апошнія гады жыцця Янка Купала. У савецкі час там быў арганізаваны музей песняра — у старым млыне, дзе была яго кватэра. Але пасля скону СССР кіраўнік прадпрыемства, якому належаў млын, вырашыў беларускі куток зачыніць. На абарону музея падняўся Сяргей Марудзен-ка. Ён узначальвае грамадскую арганізацыю беларусаў Казані “Спадчына”, 23 гады кіруе заводам мастацкага ліцця, з рук прэзідэнта Татарстана атрымаў медаль за доблесную працу. Марудзенка праз сувязі ў татарскім кіраўніцтве здолеў спыніць раскідванне гнязда Купалы, дзе захоўваліся асабістыя рэчы песняра. Цяпер там працуе філіял Нацыянальнага музея Татарстана. Спадар Марудзенка між тым лічыць, што мясцовая дыяспара мусіць не толькі дбаць пра спадчыну, але і прымаць удзел у рэалізацыі сумесных беларуска-татарстанскіх эканамічных праектаў.
Беларусы ў час маскоўскай канферэнцыі не раз падкрэслівалі, што на іх ляжыць адказная місія не толькі захаваць свае традыцыі, не забыць родную мову, але і ўмацаваць грунт Саюзнай дзяржавы, быць сапраўднымі пасрэднікамі, “консуламі” паміж Беларуссю і Расіяй. Наступным разам расійскія землякі выказалі пажаданне сустрэцца ў Мінску і выказаць канкрэтныя прапановы па наладжванні больш шчыльных сувязяў паміж дзвюма радзімамі, якія яны аднолькава любяць — ад шчырага сэрца.

На здымку:
На канферэнцыі ў Маскве сустрэліся беларусы з розных рэгіёнаў Расіі.
У зале былі зацікаўленыя ўдзельнікі канферэнцыі.

Мікалай Пятроў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашы суайчыннікі ў Расіі складаюць амаль мільённую грамаду. Яе прадстаўнікі правялі сваю канферэнцыю ў Маскве.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика