Спатыкнуліся на матрацы
22.11.2009 21:31
—
Новости Общества
|
Мы, маладая сям’я звычайных студэнтаў, прыйшлі ў Дом мэблі, што на Камароўцы, шукаць двухспальны матрац. Лепей бы мы туды не прыходзілі… Быў у мяне ў школе сябар — патрыёт Расіі. Бацькі саслалі яго вучыцца з Пецярбурга ў Мёры, дзе я расла. Беларусь сябар паважаў. Вось толькі з абслугоўвання ў крамах кпіў: у вас не беларускае, а бІларускае абслугоўванне. Няправільнае: маруднае, зняважлівае, ігнаруючае правы пакупнікоў. Арт. 22 Канстытуцыі Беларусі гарантуе кожнаму грамадзяніну краіны роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Дачыненні ў сферы аховы правоў спажыўцоў рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам. Існуе закон аб абароне правоў спажыўцоў. Непасрэдным інструментам барацьбы з парушэннямі з’яўляецца кніга водгукаў і прапановаў. Атрымаўшы запіс ў кнігу, прадавец можа страціць прэмію. Меры грашовага пакарання прадаўца прыватнай крамы вызначае яе гаспадар. Пытанне: як прадаўцы падпарадкоўваюцца вышэйназваным дакументам і ці абараняюць купцы свае правы? Вось вам жыццёвы прыклад. Мы, маладая сям’я звычайных студэнтаў — кеды, джынсы, заплечнікі, — прыйшлі ў Дом мэблі, што на Камароўцы, шукаць двухспальны матрац. Выбар быў не тое каб вялікі, аднак матрац патрэбнага нам памеру і расфарбоўкі мы знайшлі. У зале было колькі жанчын з персаналу. Усе яны былі занятыя: размаўлялі па тэлефонах. Падышлі да адной, тая, не перарываючы размову, скіравала нас да іншай. «Іншая» аказалася больш ветлівай, размову спыніла, аднак нічога не пыталася. Хаатычна выпісала талон на аплату перавозкі і буркнула нешта пра тое, што «крама сама ажыццяўляе перавоз набытага тавару на месца прызначэння і нам яго абавязкова прывязуць у хуткім часе». Вось толькі «хуткі час», паведамілі нам ужо на першым паверсе, — наступны дзень. На нашае пытанне, чаму гэта нідзе не пазначана, адказ быў такі: «Машыны занятыя, вам і так тут сэрвіс, чакайце». А нам матрац быў трэба сёння. Да заўтра мы чакаць яго не маглі. Паводле закона аб абароне правоў спажыўцоў, спажывец мае правы на поўную інфармацыю пра тавар да моманту заключэння дагавора, а таксама інфармацыю аб тэрмінах дастаўкі тавару. Самі выклікалі грузатаксі. Падняліся наверх за матрацам. Доўга чакалі, пакуль прадаўшчыца нешта паясняла парачцы сталых людзей. Дачакаліся: пазяхаючы, яна павяла нас да пакупкі — зусім іншага матраца. На абуранае: «Наш іншы, чырвоны, а не гэты, у ружовыя ружы!» — стомлена запытала: «А вам якая розніца?» Аплацілі, таксі ўжо ў дарозе, і тут высвятляецца новая акалічнасць: вынесці матрац грузчыкі (што таксама ўваходзіць у сэрвіс крамы) могуць і праз 10 хвілін, і праз 30. На нашу заўвагу, чаму гэтыя асаблівасці нідзе не прапісаныя, прадаўшчыцы пачалі крычаць. Дах паціху ехаў ад ляманту: «А нам какаво! Мы жа тожа ўстаём! Усе тут права сваё качаюць!..» Калі прыехала таксі, матрац сіратліва стаяў на вуліцы. Пагрузка тавараў у таксі (абавязковая ўмова крамы) таксама адбылася толькі на словах. Добра, што вадзіцель пашкадаваў нас і дапамог. Заадно «супакоіў» — мы не адны такія. Матрац быў шырокі, машына ледзь яго змясціла. У гэты момант нейкі малады чалавек, хутчэй за ўсё таксама грузчык, высунуўшы галаву з‑за дзвярэй склада, зазначыў: «Вазьміце ў прадаўцоў талон, што матрац без дэфектаў. Калі што паламаецца — да нас ніякіх прэтэнзіяў». Гэта была апошняя кропля. Муж і матрац паехалі дадому, а я пайшла рабіць запіс у кнігу водгукаў і прапановаў. Пахадзіўшы па спасылках — «Вам не сюды, Вам туды», нарэшце апынулася ля акенца, дзе можна ўзяць кнігу. Як да мяне зляцеліся прадаўшчыцы! З салодкімі посмешкамі маньякаў яны пачалі мяне ўпэўніваць, што па тэлефоне ніхто не размаўляў, усе так і імкнуліся нам дапамагчы, а грузаперавозкі… дык гэта ж не іх аддзел… Чаму не расказалі — дык вы і не пыталіся. А кніга водгукаў і прапановаў у нас адна на ўвесь магазін… яе шукаць зараз трэба — аддзелаў жа шмат… У той жа дзень набыла пацеркі ў ЦУМе. Пакуль рабіла каралі, пальцы сталі сінімі, а пасля першага кантакту з вадой сінія пацеркі сталі белымі. Фарбы змыліся. З такой жа сітуацыяй сутыкнулася сяброўка, якая прафесійна займаецца дэкаратыўным мастацтвам. Папрасілі ў ЦУМе кнігу водгукаў і прапановаў. Ізноў старая песня — кніга адна на ўвесь універмаг, вы ў нас такія першыя незадаволеныя, кілаграмамі пацеркі прадаем, ніколі скаргаў не было, тавары ў нас найлепшыя. Мы развярнуліся і сышлі. Не распачынаць жа дзеля пацерак вайну з ЦУМам. А мо трэба? Ганна Журавіна, Мінск Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы, маладая сям’я звычайных студэнтаў, прыйшлі ў Дом мэблі, што на Камароўцы, шукаць двухспальны матрац. Лепей бы мы туды не прыходзілі… |
|