«Звязда» пачала мачыць Расію
24.11.2009 15:20
—
Новости Общества
|
За апошні тыдзень дзяржаўная газета «Звязда» апублікавала тры, калі не разгромныя, то вельмі крытычныя матэрыялы аб Расіі. Артыкулы «Бедная багатая Расія», «Расія «заблыталася» ў карупцыі» і «Расійская міліцыя не ўпісваецца ў вобраз міхалкоўскага «Дзядзькі Сцёпы» выйшлі з інтэрвалам у некалькі дзён 18‑га, 19‑га і 24‑га лістапада. Аўтарам усіх матэрыялаў з’яўляецца Ігар Рыгораў. У першым са згаданых артыкулаў — «Бедная багатая Расія» — апісваецца той жахлівы стан, у якім апынуліся расіяне пасля пачатку сусветнага фінансавага крызісу. У прыватнасці тое датычыцца росту беспрацоўя: «рэальная колькасць беспрацоўных можа скласці каля 10 млн. чалавек… Бадай, самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі тое, што простыя расіяне пакінутыя сам‑насам з праблемай пошуку працы». Піша Ігар Рыгораў і пра павелічэнне запазычанасці па зарплаце, і пра паніжэнне рэальных даходаў насельніцтва. Апісанне эканамічных праблем нашага ўсходняга суседа «Звязда» дапаўняе матэрыяламі аб парушэннях адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства. У артыкулах «Расія «заблыталася» ў карупцыі» і «Расійская міліцыя не ўпісваецца ў вобраз міхалкоўскага «Дзядзькі Сцёпы» Ігар Рыгораў піша пра «карупцыйны тупік», у якім апынулася сённяшняя Расія, ды пра свавольствы расійскіх міліцыянтаў, што выкарыстоўваюць свае паўнамоцтвы ва ўласных мэтах, нярэдка парушаючы закон. Прычым «Звязда» у апошнім са згаданых артыкулаў нават цытуе маёра расійскай міліцыі Дымоўскага, які, зняверыўшыся ў справядлівасці расійскай выканаўчай улады, сказаў: »Пуціна я больш не лічу нармальным мужыком». І падае цалкам пазітыўны вобраз таго самага расійскага маёра. Абвінавачваючы расійскую міліцыю ў неэфектыўнасці і карумпаванасці. Здзіўляе не пададзеная «Звяздой» інфармацыя. Расійская карупцыя і асаблівасці гаспадарчага развіцця ні для каго не з’яўляюцца сакрэтам. Цікава тое, што гэтыя артыкулы з’явіліся ў адной з самых кансерватыўных дзяржаўных газет, што звычайна дыстанцыянавалася ад падобнай крытыкі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За апошні тыдзень дзяржаўная газета апублікавала тры, калі не разгромныя, то вельмі крытычныя матэрыялы аб Расіі.
|
|