Вялiкае Княства не знiкла, яго толькi перасталi маляваць. 21.by

Вялiкае Княства не знiкла, яго толькi перасталi маляваць

26.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вялiкае Княства Лiтоўскае — загадкавая краiна, у якой мiрна суiснавалi розныя народы, мовы, культуры i рэлiгii, дзе задоўга да фiласофii правоў чалавека ХVII ст. i федэрацый, пабудаваных паводле яе прынцыпаў, была створана шматнацыянальная iмперыя, якая стала прытулкам для ўсiх прыгнечаных з розных краiн. Пра ВКЛ кажуць, што яно прыйшло на свет як заўчасна народжанае дзiця i свой патэнцыял выпраменьвала нiбыта насуперак натуральнай плынi развiцця кантынентаў, якая заўсёды накiроўвалася з захаду. Фармацыя, што iснавала тады, i сёння працягвае ўражваць як цывiлiзацыйная i культурная з'ява Еўропы. Даследаваннi гiсторыi ВКЛ не прыпыняюцца, i цяпер пабачыла свет яшчэ адна новая ўнiкальная праца "Кнiга Вялiкага Княства Лiтоўскага", прэзентацыя якой адбылася ў Акадэмiчным тэатры iмя Янкi Купалы.  

 

Унiкальнасць гэтага выдання не толькi i не столькi ў выдатнай палiграфii, гэта, бадай, першая спроба зiрнуць на спадчыну Вялiкага Княства як на супольны набытак розных народаў. Яна напiсана навукоўцамi, гiсторыкамi трох краiн — Польшчы, Лiтвы i Беларусi, выдадзена на трох мовах i складаецца з эсэiсцскiх тэкстаў. У ёй няма адзiнага погляду на гiсторыю i ролю Вялiкага Княства, там выкладаюцца розныя пазiцыi вучоных. Напрыклад, выказваецца думка, што многае з культурных набыткаў сучасных краiн патрабуе праверкi на прадмет вялiкалiтоўскiх каранёў, i гэта можна прасачыць па радаводах насельнiкаў. Што, напрыклад, многiя сучасныя палiтычныя тэхналогii былi распрацаваныя памiж Беластокам i Мiнскам, Вiльняй i Брэстам-Лiтоўскiм.

Ужо сёння гэтай кнiзе прадракаюць, што яна будзе здзiўляць сваiмi iдэямi не адно пакаленне, што над яе тэкстамi будуць ламаць коп'i навукоўцы, выпрацоўваючы свае гiпотэзы, што амаль цi не па кожным з гэтых тэкстаў будуць напiсаны асобныя манаграфii i мастацкiя творы.

I нават прэзентацыя гэтай кнiгi адбывалася незвычайна: урыўкi з яе выканалi артысты тэатра Янкi Купалы, у паўзмроку на экран у гэты час высвечвалiся праекцыi iлюстрацый з "Кнiгi Вялiкага Княства Лiтоўскага".

"Спадчына Вялiкага Княства — не беларуская, не лiтоўская i не польская праблема, i не прадмет спрэчкi, дзяльбы, экспансii. Яна сама па сабе. Яна ўнiкальная толькi як цэлая, як наша супольная антычнасць. Яна жыве аднолькавым водгуллем у душах усiх нашчадкаў Вялiкага Княства, незалежна ад iх сучаснай нацыянальнасцi, але ў адрозненне ад антычнасцi яна не стала тэкставай, бо мы расцягалi яе ролю па сваiх нацыянальных сшытках, ствараючы свае новыя легенды, уцiскаючы ўсю сваю тысячагадовую гiсторыю ў межы сваiх сучасных тэорый... Мы i свету цiкавыя сваiм узаемапранiкненнем... Калi ж нас расчлянiць, то i ўся наша вартасць будзе ў тым, што мы не нехта, а тубыльцы, выключаныя з кантэксту уласнай цывiлiзацыi... Роздумы аб вялiкалiтоўскiм мiнулым можна параўнаць з законам фiзiкi аб захаваннi энергii, менавiта: нiчога ў прыродзе не знiкае бясследна. Вялiкае Княства Лiтоўскае знiкла толькi з палiтычных мапаў, яго ўсяго толькi перасталi маляваць", — прагучала са сцэны.

Дзiва, гэту кнiгу нiхто не бачыў i большасць, магчыма, не зможа пабачыць (бо яна выдадзена невялiкiм накладам — усяго тысяча асобнiкаў), але на яе прэзентацыю набiлася поўная зала людзей.

—Людзi прыйшлi на iдэю,— заўважыў адзiн з укладальнiкаў кнiгi беларускi гiсторык Сяргей Дубавец. — Я востра адчуваю, што гэта iдэя зараз лётае ў паветры, многiя беларусы мараць пра адраджэнне Вялiкага Княства Лiтоўскага. I тое, што зараз адбываецца ў тэатры, гэта, магчыма, адна з формаў, у якой гэтая iдэя можа праяўляцца.

— Мабыць, тэатр i ёсць самае дакладнае месца, дзе падобныя мерапрыемствы павiнны адбывацца, — падтрымаў Дубаўца лiтоўскi калега Эгiдзюс Александравiчус. — Гiсторыя — гэта не святое пiсанне, яна, напэўна, блiжэй да фiкцыi. Так мiфiчны Палямонас, якi паклаў пачатак Лiтве, з навуковай пазiцыi — фiкцыя, але з этычнай — функцыя, бо гэтая iдэя (а не рэлiгiя, не мова) яднала людзей, у гэтым яны бачылi сваё адрозненне ад iншых народаў.

— Спадчына Вялiкага Княства — найвялiкшая каштоўнасць, якую трэба берагчы,—упэўнены яшчэ адзiн з укладальнiкаў кнiгi польскi прафесар Эгiдзюс Струмiла. — Вывучайце гiсторыю, i гэта дапаможа ўбачыць будучыню.

I хоць кнiжка даволi рэдкая i яна не дойдзе да многiх кнiгарняў, усё ж такi некаторыя асобнiкi будуць даступныя шырокаму колу чытачоў. Падчас прэзентацыi "Кнiга Вялiкага Княства Лiтоўскага" была падораная навуковай бiблiятэцы iмя Якуба Коласа, Нацыянальнай бiблiятэцы i Нацыянальнаму гiстарычнаму музею. Яшчэ тры асобнiкi накiравалiся ў пасольствы Лiтвы, Польшчы i Украiны, а таксама адна з кнiг трапiць да мiнiстра культуры Паўла Латушкi. Прынамсi, апошняя была перададзена дарадчыку мiнiстра Тадэвушу Стружэцкаму, якi адзначыў: "Вялiкае Княства Лiтоўскае — гэта наша агульная спадчына, якая павiнна не дзялiць, а аб'ядноўваць, быць залогам на нашу плённую добрую будучыню, супольную для Беларусi, Польшчы, Лiтвы i iншых краiн-суседак. Сёння можна сказаць, што гэта кнiжка будзе адным з самых значных, унiкальных i каштоўных выданняў ХХI стагоддзя. Напэўна i па ёй сучаснiкi i пакаленнi, якiя будуць жыць у наступных стагоддзях, стануць вывучаць нашу супольную гiсторыю".

Алена Дзядзюля.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вялiкае Княства Лiтоўскае — загадкавая краiна, у якой мiрна суiснавалi розныя народы, мовы, культуры i рэлiгii, дзе задоўга да фiласофii правоў чалавека ХVII ст. i федэрацый, пабудаваных паводле яе прынцыпаў, была створана шматнацыянальная iмперыя, якая стала прытулкам для ўсiх прыгнечаных з розных краiн. Пра ВКЛ кажуць, што яно прыйшло на свет як заўчасна народжанае дзiця i свой патэнцыял выпраменьвала нiбыта насуперак натуральнай плынi развiцця кантынентаў, якая заўсёды накiроўвалася з захаду.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика