Карупцыя — гэта поле, якое араць i араць.... 21.by

Карупцыя — гэта поле, якое араць i араць...

26.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт "Звязды" гутарыць з начальнiкам упраўлення па барацьбе з карупцыяй i арганiзаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры А.І. Ракевiчам

— Аляксандр Iванавiч, як вядома, мiжнародная арганiзацыя Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl днямi апублiкавала сусветны рэйтынг аб стане карупцыi. Беларусь заняла ў iм 139-е месца са 180 магчымых. Ведаеце, не вельмi аптымiстычны паказчык. Звесткi Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl даюць нагоду сумнявацца ў эфектыўнасцi мэтанакiраванай барацьбы ў нашай краiне з гэтым злом. Акрамя таго, вынiкi апытання ў жорсткiм тоне пракаментавала дырэктар "Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl Расiя" Алена Панфiлава. Па яе словах, практычна ўсе краiны пераходнай дэмакратыi сёлета прадэманстравалi рух у бок паляпшэння сiтуацыi. "Рэзка "звалiлiся" толькi Расiя i Беларусь. Вы згодныя з такiм каментарыем i месцам нашай краiны ў рэйтынгу?

— Не. I вось чаму. Пры ўсёй павазе да гэтай мiжнароднай арганiзацыi хачу сказаць наступнае: мы лiчым некарэктнымi высновы па Беларусi Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl. Нагадаю, яна штогод вылiчвае так званы iндэкс успрымання карупцыi ў большасцi краiн свету. Гэта зводны рэйтынг, заснаваны на вынiках апытанняў i даследаванняў, якiя праводзяцца з удзелам розных мiжнародных арганiзацый. Яны збiраюць i меркаваннi мясцовых прадпрымальнiкаў, аналiтыкаў аб ступенi распаўсюджанасцi карупцыi ў iх краiне.

Вiдаць, збiраюць самае рознае i часам супярэчлiвае. Таму можна сур'ёзна паспрачацца з экспертамi Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl наконт аб'ектыўнасцi iх даследавання. Раней мы былi на 152-м месцы. Гэта пазiцыя тады нас моцна абурыла i мы напiсалi ў гэту арганiзацыю лiст, у якiм выклалi свае аргументы наконт ацэнкi стану карупцыi ў Беларусi. У вынiку наша краiна перамясцiлася на 139-е месца. Быццам бы i лепшы паказчык, i Расiя з Украiнай за намi (146-ыя), але ён нас не задавальняе, бо не адпавядае рэчаiснасцi. Цяжка пагадзiцца, што ў Азербайджане, у якога рэйтынг вышэйшы за наш, барацьба з карупцыяй вядзецца значна эфектыўней, чым у Беларусi. На наш погляд, пры ацэнцы стану карупцыi ў той цi iншай краiне выбраны не зусiм дакладныя агульныя крытэрыi. Тут трэба падыходзiць больш iндывiдуальна. У тым жа Азербайджане за першыя 6 месяцаў г. г. выяўлена ўсяго 3 факты хабару, а ў нас сотнi. Дарэчы, у многiх краiнах СНД, згодна з iх статыстыкай, выяўляюцца таксама адзiнкавыя факты хабару. Можа таму Грузiя па стане карупцыi на 66-м месцы, Малдова — на 89-м, Арменiя i Казахстан — на 120-м, Азербайджан — на 143-м. Праўда, мы апярэджваем Кыргызстан — 162-е месца, Туркменiстан — 168-е, Узбекiстан — 174-е. Калi фармальна зыходзiць з колькаснага боку, то выходзiць, што ў нас карупцыi значна больш. I сапраўды, за сёлетнiя 10 месяцаў выяўлены 871 выпадак хабару, летась — 662.

— А якое месца ў рэйтынгу было б аб'ектыўным для Беларусi?

— Ну як мiнiмум у сярэдзiне гэтага спiсу.

— Абгрунтуйце вашу пазiцыю.

— Калi ласка. Але тут без лiчбаў не абысцiся. Пачну з галоўнага. За 10 месяцаў г. г. было зарэгiстравана злачынстваў карупцыйнага характару на 22 % больш, чым за аналагiчны перыяд мiнулага года, цi 3046 i 2498 адпаведна. Толькi фактаў хабару выяўлена 871, што на 40 % больш, чым за 10 месяцаў 2008 года. У той перыяд крадзяжу маёмасцi шляхам злоўжывання службовым становiшчам выявiлi 803 выпадкi, а сёлета — 660, цi плюс 21,7 %. За сёлетнiя 10 месяцаў колькасць выяўленых асобаў, якiя ўчынiлi карупцыйныя злачынствы, склала 1483 i адпаведна летась — 1369. Сёлета абвiнавачаннi ў хабары прад'яўлены 483 асобам, летась — 366. Сярод абвiнавачаных у карупцыйных злачынствах прадстаўнiкоў улады 101 (летась 69), з iх 10, якiя займалi адказныя паксады. Летась такiх было 7. Прыкладаў станоўчай дынамiкi барацьбы з карупцыяй можна яшчэ прывесцi шмат.

— Барацьба з карупцыяй, як мне здаецца, гэта тое поле, якое араць i араць яшчэ не аднаму пакаленню супрацоўнiкаў Генеральнай пракуратуры, праваахоўных органаў. Як можна актывiзаваць гэту працу?

— Пачну з таго, што замiнае ёй. Сярод "вузкiх" месцаў я назваў бы нiзкую вынiковасць працы па выяўленнi фактаў легалiзацыi (адмывання) грошай, матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых крымiнальным шляхам, удзелу чыноўнiкаў у незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi, адкрыцця рахункаў за межамi краiны, незварот валюты з-за мяжы. Не спрыяе барацьбе з карупцыяй i той факт, што за сёлетнiя 10 месяцаў было выяўлена 138 карупцыйных злачынстваў, якiя ўчынiлi супрацоўнiкi органаў унутраных спраў, дзяржбяспекi, фiнансавых расследаванняў i пракуратуры. Вядома, такiя ўчынкi моцна замiнаюць росту даверу да праваахоўных органаў, ускосна ўплывае на барацьбу з карупцыяй.

— Чым вышэйшы службовы ўзровень карупцыянераў, тым больш складана iх выкрыць. Цi так?

— Увогуле так. I не таму, што нехта "наверсе" супрацьдзейнiчае гэтаму. Як правiла, на высокiя пасады трапляюць людзi неардынарныя, выдатныя арганiзатары, нярэдка таленавiтыя, здольныя пралiчваць свае хады, у тым лiку i крымiнальныя, на некалькi крокаў наперад. З прычыны службовага становiшча ў iх шырокiя сувязi, у тым лiку i ў праваахоўных органах, гэтыя людзi нямала ведаюць аб метадах барацьбы з карупцыяй, а таму захоўваюць строгую канспiрацыю. Да iх паслуг спрактыкаваныя юрысты, хiтруны-адвакаты, здольныя выкруцiцца з цяжкай сiтуацыi. Таму i выкрыццё высокапастаўленых карупцыянераў — задача даволi складаная. А менавiта арганiзаваныя i глыбока заканспiраваныя карупцыянеры наносяць самыя значныя страты дзяржаве. Аднак i гэтыя спрытнюгi трапляюць у кабiнеты следчых. Сярод прыцягнутых сёлета да адказнасцi дэпутат Мiнскага гарсавета, дырэктар НПРУП "Прагрэс" Ю.В. Мiкiцкi, гендырэктар "Гомельшкло" Ю.Л. Iльеў, кiраўнiк адмiнiстрацыi Кастрычнiцкага раёна сталiцы М.I. Цыган, дэпутат Мiнскага гарсавета, намеснiк старшынi камiсii па будаўнiцтве, гарадской гаспадарцы, землекарыстаннi i экалогii В.I. Карунас, першы намеснiк старшынi Мазырскага райвыканкама Ф.В. Белаш, былы начальнiк следчага ўпраўлення Дэпартамента фiнансавых расследаванняў Камiтэта дзяржкантролю Г.Е. Гапоненка, старшыня Васiлевiцкага гарвыканкама Гомельскай вобласці В.М. Пырко, шэраг iншых службовых асобаў.

Цяпер хабар не заўсёды прыносяць у паштовым канверце. Выкарыстоўваюцца пераводы буйных сумаў грошай у афшорныя зоны, на рахункi мноства розных фiрмаў, каб заблытаць след. Так, у вынiку злачыннай дзейнасцi былога дырэктара МТЗ Лявонава за мяжу было выведзена 16 мiльёнаў долараў ЗША. Паўтара з iх удалося вярнуць у краiну, а астатнiя "завiслi", нiбы растварылiся на афшорных рахунках. Мы на рэгулярнай аснове праводзiм выбарачную праверку дэкларацый аб даходах i маёмасцi i нярэдка выяўляем недаставерныя звесткi. У тым лiку i ў дэкларацыях асобных кiраўнiкоў адмiнiстрацый раёнаў.

— Генеральнай пракуратурай адносна нядаўна зроблены цiкавы, я сказаў бы, нестандартны крок. Маю на ўвазе зварот у Савет Мiнiстраў з абгрунтаванай прапановай, у тым лiку i праз iнтэрнэт на сваiм сайце, узмацнiць барацьбу з карупцыяй у мiнiстэрствах i ведамствах. Чым выклiканы гэты зварот?

— У першую чаргу недастатковым выкананнем антыкарупцыйнага заканадаўства рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання i iншымi дзяржаўнымi арганiзацыямi, падпарадкаванымi ўраду. Наша кансалiдаванае меркаванне: Саўмiну трэба больш надаваць увагi барацьбе з карупцыяй. Бо статыстыка насцярожвае. Так у сiстэмах мiнiстэрстваў у 2007 годзе зарэгiстравана 915 злачынстваў карупцыйнага характару (29,6 % ад агульнай колькасцi), у 2008 годзе — 854 (31,2 %), то за сёлетнiя 10 месяцаў — 986 (32,3 %). Каментарыi, як кажуць, тут залiшнiя. Адзначу толькi, што за тры гады пасля ўваходжання ў сiлу Закона "Аб барацьбе з карупцыяй" (20.07.2006) дынамiка карупцыйнай злачыннасцi ў органах, падпарадкаваных Саўмiну, практычна не змянiлася.

Створаныя ў мiнiстэрствах спецыяльныя антыкарупцыйныя камiсii слаба працуюць на папярэджаннi карупцыi. Шмат яшчэ фармалiзму ў дзейнасцi камiсiй выяўлена ў ходзе праверак Мiнiстэрства энергетыкi, Мiнiстэрства гандлю, Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi i шэрагу iншых органаў дзяржаўнага кiравання. Барацьба з карупцыяй — гэта задача не толькi праваахоўных органаў, але i ўлады на ўсiх яе ўзроўнях. Калi ў мiнiстэрстве дрэнна наладжаны ведамасны кантроль, то ён тым самым стварае ўмовы для карупцыi.

Якасць i вынiковасць ведамасных праверак нярэдка заслугоўваюць сур'ёзнай крытыкi.

— I ў што канкрэтна можа перарасцi павярхоўны характар планавых рэвiзiй?

— У магчымасць для несумленных людзей займацца злачыннай дзейнасцю на працягу гадоў. Невыпадкова крымiнальныя справы заведзеныя па фактах крадзяжоў шляхам злоўжывання паўнамоцтвамi ў перыяд з 2003 па 2007 год бюджэтных сродкаў у памеры больш за 270 млн рублёў службовымi асобамi бухгалтэрый упраўленняў адукацыi адмiнiстрацый раёнаў Мiнска. У гэтых структурах неаднаразова рабiлiся ведамасныя рэвiзii, аднак з-за адсутнасцi комплекснасцi i невыкарыстання метаду сустрэчных праверак факты карупцыi не былi выяўленыя.

Рэвiзiйнай службай Мiнбудархiтэктуры не былi перададзеныя ў праваахоўныя органы матэрыялы рэвiзiй будаўнiча-мантажных трэстаў, дзе выяўлялiся факты незаконных выплат заработнай платы на суму больш за 300 млн рублёў. Крымiнальныя справы, заведзеныя ў дачыненнi да службовых асобаў РУП "Мiнскэнерга" па фактах злоўжыванняў, якiя былi наўмысна дапушчаны ў час закупкi дарагога абсталявання. Гэтыя i iншыя падобныя прыклады прывялi нас да высновы аб неабходнасцi спрашчэння парадку правядзення дзяржаўных закупак. Вядома, пры адначасовым узмацненнi ведамаснага кантролю за iх ходам i павышэннi адказнасцi службовых асобаў за рацыянальнае i эфектыўнае выдаткоўванне дзяржаўных сродкаў.

Недастатковая роля шэрагу мiнiстэрстваў у абароне эканамiчных iнтарэсаў дзяржавы i папярэджаннi карупцыi пры ажыццяўленнi ўладальнiцкага нагляду за дзейнасцю гаспадарчых таварыстваў. З-за дрэннага кантролю асобнымi прадстаўнiкамi дзяржавы гаспадарчыя таварыствы неабгрунтавана спiсваюць на страты значныя сумы дэбiторскай запазычанасцi, неправамерна выплачваюць службовым асобам прэмii, надбаўкi, матэрыяльную дапамогу.

Па-ранейшаму ў сiстэмах мiнiстэрстваў распаўсюджаныя такiя небяспечныя формы карупцыi, як хабарнiцтва i крадзяжы шляхам злоўжывання службовымi паўнамоцтвамi, якiя нярэдка ўчыняюцца непасрэдна кiраўнiкамi. Так, начальнiк Бабруйскай гаррайiнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якiя ўваходзiлi ў яго кампетэнцыю, прыняў ад iндывiдуальнага прадпрымальнiка хабар 30 000 долараў ЗША.

— Ёсць такое залатое правiла: крытыкуеш — прапануй шляхi выпраўлення недахопаў.

— Генеральная пракуратура прапанавала мiнiстэрствам i ведамствам распрацаваць галiновыя праграмы па барацьбе з карупцыяй, якiя дазвалялi б забяспечыць эфектыўнасць практычных мераў па супрацьдзеяннi карупцыi ў асобных галiнах эканомiкi, рэспублiканскiх органах дзяржаўнага кiравання i арганiзацыях, падпарадкаваных Савету Мiнiстраў. Мы таксама лiчым неабходным зрабiць захады, якiя абавязвалi б мiнiстэрствы, iншыя рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання праводзiць абавязковую ацэнку нарматыўных прававых актаў, якiя iмi прымаюцца, на прадмет магчымай наяўнасцi ў iх нормаў карупцыягеннага характару.

Варта ўсталяваць i адзiны падыход да падстаў i перыядычнасцi правядзення ў дзяржаўных органах i арганiзацыях праверак правiльнасцi звестак, якiя паведамляюць службовыя асобы ў абавязковых дэкларацыях аб прыбытках i маёмасцi. Узмацненню барацьбы са злоўжываннямi садзейнiчала б i абавязковае сiстэматычнае заслухоўванне ва ўрадзе кiраўнiкоў мiнiстэрстваў i iншых падпарадкаваных яму арганiзацый аб вынiках iх дзейнасцi па супрацьдзеяннi карупцыi. Таксама паставiць бар'еры на кар'ерным шляху для прайдзiсветаў.

— Патлумачце гэту думку.

— Калi ласка. Сутнасць гэтай прапановы ў тым, каб распрацаваць пэўны пералiк дзяржаўных пасад i пасад на дзяржаўнай службе, а таксама службе ў дзяржаўных арганiзацыях, замяшчэнне якiх было б забаронена або абмежавана для асобаў, судзiмых за гаспадарчыя i iншыя злачынствы, для тых, хто прыцягваўся да адмiнiстрацыйных альбо дысцыплiнарных спагнанняў за карупцыйныя правапарушэннi. А таксама вызначыць працэдуру прызначэння на адказныя гаспадарчыя пасады з праверкай кандыдатаў на прадмет, так бы мовiць, устойлiвасцi да карупцыi. Кадры па-ранейшаму вырашаюць усё, у тым лiку сумнеўныя справы. Як нi дзiўна, але здараюцца выпадкi, калi на адказныя пасады прызначаюцца людзi з крымiнальным карупцыйным мiнулым, якiя з цягам часу бяруцца за старое.

— Наколькi я ведаю, Генеральная пракуратура прапаноўвае ў якасцi адной з мераў па прафiлактыцы карупцыi стварыць, умоўна кажучы, Кодэкс гонару дзяржаўнага служачага, якi павiнен будзе падпiсваць кожны новы чыноўнiк. У якой стадыi гэта работа?

— Пакуль iдзе абмеркаваннe гэтай прапановы. Вобразна кажучы, Кодэкс гонару павiнен стаць у нечым падобным на прысягу ў ваенных, клятву Гiпакрата ў медыкаў. I калi ты iдзеш на дзяржаўную службу, то, прабачце за пафас, паклянiся служыць народу сумленна, верай i праўдай. На нашу думку, Кодэкс гонару можа стаць для чыноўнiкаў стрымальным фактарам не браць хабар, не ўдзельнiчаць у незаконных здзелках i фiнансавых аперацыях.

Гутарыў Леанiд Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" гутарыць з начальнiкам упраўлення па барацьбе з карупцыяй i арганiзаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры А.І. Ракевiчам — Аляксандр Iванавiч, як вядома, мiжнародная арганiзацыя Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl днямi апублiкавала сусветны рэйтынг аб стане карупцыi. Беларусь заняла ў iм 139-е месца са 180 магчымых. Ведаеце, не вельмi аптымiстычны паказчык. Звесткi Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl даюць нагоду сумнявацца ў эфектыўнасцi мэтанакiраванай барацьбы ў нашай краiне з гэтым злом. Акрамя таго, вынiкi апытання ў жорсткiм тоне пракаментавала дырэктар "Trаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl Расiя" Алена Панфiлава. Па яе словах, практычна ўсе краiны пераходнай дэмакратыi сёлета прадэманстравалi рух у бок паляпшэння сiтуацыi. "Рэзка "звалiлiся" толькi Расiя i Беларусь. Вы згодныя з такiм каментарыем i месцам нашай краiны ў рэйтынгу?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика