Як у вёсцы халадзільнiк працаваў на халяву,або За святло ў пад'ездзе вясковага дома — 1,7 мiльёна рублёў за месяц
26.11.2009
—
Новости Общества
|
Мякка кажучы, адразу цяжка паверыць, што такое наогул можа быць у рэальнасцi. Але факты — рэч упёртая. Кiраўнiкi камунальных службаў, бывае, быццам бы "ствараюць" сцэнарыi для камедыйных фiльмаў. Праўда, некаторым жыхарам ад гэтага не заўсёды весела. А некаторым прадпрымальным людзям камунальны "хаос" проста, як высвятляецца, iдзе на карысць. Нядаўна пракуратура Вiцебскага раёна праверыла, як выконваецца адпаведнае заканадаўства пры разглядзе зваротаў грамадзян. Вынiкi праверкi проста здзiўляюць. Так, жыхарка вёскi Вымна скардзiлася, што ў яе кватэры няспраўная сiстэма ацяплення, батарэi заўсёды халодныя. Як высветлiлi супрацоўнiкi пракуратуры, праверка па гэтай скарзе работнiкамi камунальнай гаспадаркi раёна фактычна не праводзiлася. Прыслалi фармальны адказ пра тое, што рамонт сiстэмы ацяплення будзе выкананы пасля таго, як скончыцца ацяпляльны сезон. I нiякай канкрэтыкi наконт таго, калi менавiта адрамантуюць, як правераць, цi зрабiлi ўсё належнае. А найбольш незразумелая наступная "камунальная гiсторыя". 85-гадовая бабуля вельмi прасiла камунальнiкаў скасаваць дагавор аб вывазе смецця. Маўляў, вельмi далёка мне, старой, хадзiць да кантэйнера. Пенсiянерцы прыслалi адказ, што з выездам на месца правялi праверку звароту i вызначылi — кантэйнерная пляцоўка знаходзiцца ў 140 метрах ад дома, дзе яна пражывае, што адпавядае наяўным санiтарным нормам. Разам з тым, як высветлiлi ў пракуратуры, насамрэч праверка скаргi не праводзiлася. Што пацвярджае паўторная скарга бабулi. Цяпер ужо камунальнiкi пастаралiся. I высветлiлi, што найблiжэйшы кантэйнер на адлегласцi 340 метраў. А вось прыклад таго, як ад дзеянняў прадпрымальных жыльцоў i камунальнiкаў — фармалiстаў церпяць iншыя жыхары i дзяржава. У вёсцы Лiпаўка жыхары трох кватэр шматпавярховага жылога дома самавольна падключалi хатнiя бытавыя прыборы да сiстэмы лесвiчнага асвятлення. Зразумела, на само асвятленне лесвiц энергii не хапала. Людзi скардзiлiся. З-за "халявы" ў асобна ўзятых кватэрах i ў вынiку iншых парушэнняў Правiлаў карыстання электраэнергiяй расход электраэнергii па лесвiчным асвятленнi склаў 10 тысяч (!) кiлават/гадзiн за адзiн месяц, што па суме аплаты пацягнула на 1 мiльён 730 тысяч рублёў! I не паверыце — замест таго, каб разам са спецыялiстамi энергазбыту разабрацца ў сiтуацыi, прымусiць вiнаватых у незаконным выкарыстаннi электраэнергii аплацiць яе кошт, камунальная структура ўзяла ўсе выдаткi на сабе — запiсалi фантастычную суму за асвятленне пад'езда на страты камунальнага прадпрыемства. Як паведамiла "Звяздзе" пракурор арганiзацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Вiцебскай вобласцi Вольга Яскевiч, уся атрыманая пры праверцы iнфармацыя была накiравана на разгляд асабiста старшынi райвыканкама. У лiку iншага было прапанавана прыцягнуць да дысцыплiнарнай адказнасцi кiраўнiкоў прадпрыемства камунальнай гаспадаркi, якiя дапусцiлi парушэннi. Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мякка кажучы, адразу цяжка паверыць, што такое наогул можа быць у рэальнасцi. Але факты — рэч упёртая. Кiраўнiкi камунальных службаў, бывае, быццам бы "ствараюць" сцэнарыi для камедыйных фiльмаў. Праўда, некаторым жыхарам ад гэтага не заўсёды весела. А некаторым прадпрымальным людзям камунальны "хаос" проста, як высвятляецца, iдзе на карысць
|
|