Вёска на трасе. А міма пралятаюць усе аўтобусы да сталiцы
26.11.2009
—
Новости Общества
|
Вёска Камень Лепельскага раёна, дарэчы, як i суседняя вёска (цяпер больш правiльна — аграгарадок) Баброва, размешчана на трасе Мiнск — Вiцебск. Падаецца, зручна ў сэнсе транспартных зносiнаў, праўда? Выйшаў вясковец да яе, пачакаў на прыпынку крыху — i з камфортам паехаў па справах у вялiкi горад. Як высветлiлася, усё зусiм нават наадварот: нiводны аўтобус, што iдзе ў сталiцу, тут не спыняецца! Хоць некалi ўсё было iнакш i такiх нязручнасцяў жыхары не мелi. Пра такую сiтуацыю па нумары рэдакцыйнай "гарачай лiнii" нам распавяла мясцовы ўрач, на ўчастку якой размешчана каля 50 вёсак. — Моладзi, маю на ўвазе студэнтаў, што вучацца ў Мiнску, набярэцца, думаю, чалавек 30. Дык iм, каб сесцi на мiнскi аўтобус, трэба з сумкамi па трасе, што ўжо само па сабе небяспечна, дабiрацца да вёскi Бароўка кiламетраў за 10. Тое ж i назад — у цемры, праз лес iсцi да роднай хаты. Бацькам, калi яны надумалi праведаць роднае дзiця ў сталiцы, таксама думай, як патрапiць на той патрэбны аўтобус. Дык гэта я пра вёскi кажу, што яшчэ на трасе размешчаныя. А калi ўзяць аддаленыя астатнiя? — расказвала нам заяўнiца. Вядома, нельга сказаць, што ўсе гэтыя населеныя пункты цалкам не маюць транспартных зносiнаў з навакольным светам. Так, ходзяць маршруткi, але толькi двойчы на тыдзень, як удакладнiла жанчына. Можна мясцовым аўтобусам дабрацца да райцэнтра, а там перасесцi на мiнскi рэйс, але, па-першае, прыгарадны гэты транспарт таксама ходзiць нячаста, па-другое, пасля прыбыцця на iм у райцэнтр патрэбны рэйс на сталiцу даводзiцца чакаць некалькi гадзiн. А такiя блiзкiя ў прамым сэнсе маршруты на Мiнск па-ранейшаму мiльгаюць побач па трасе, не спыняючыся... — Зразумела, кожны дзень, магчыма, i не трэба, каб яны спынялiся. А вось на выхадныя днi, дадаткова ў той жа панядзелак, калi некаторыя студэнты едуць назад на вучобу, — гэта было б для многiх вельмi добрым выйсцем з сiтуацыi. Дарэчы, колькi часу таму тэлефанавала з гэтай нагоды ў адну з транспартных арганiзацый, абяцалi разабрацца, ды, як бачыце, усё засталося як ёсць, — прасiла дапамогi ад iмя шматлiкiх жыхароў заяўнiца. — Сапраўды, там не спыняюцца аўтобусы, — адразу адрэагаваў на пераказ сутнасцi звароту чытачкi з вёскi Камень Лепельскага раёна намеснiк генеральнага дырэктара рэспублiканскага аўтатранспартнага тэрытарыяльнага ўнiтарнага прадпрыемства "Вiцебск- аблаўтатранс" Сяргей ЗАЛЕСКІ. — Маршруты, якiя вы маеце на ўвазе, пераважна экспрэсныя i хуткасныя. Апошнiя адрознiваюцца ад першых тым, што ў iм крыху больш прыпынкаў, адпаведна, i больш часу iдзе на дарогу. А пасажыр жа, калi гаварыць увогуле пра такiя маршруты, плацiць за хуткасць. Калi будуць дадатковыя прыпынкi, павялiчваецца час знаходжання ў дарозе, што не ўсiм можа спадабацца. З iншага боку, падкрэслiў далей Сяргей Валянцiнавiч, да iх на прадпрыемства нiхто з жыхароў вёсак Камень i Баброва, зрэшты, як i з навакольных населеных пунктаў, не звяртаўся. (На заўвагу жанчыны можна толькi сказаць, што перавозкамi займаюцца мноства транспартных арганiзацый). — Няхай вашы заяўнiкi не саромеюцца, афiцыйна пiшуць адразу нам. Гэта ж не скарга. Трэба пазначыць: калi, у якiя днi людзям было б зручна, каб у вёсках спыняўся аўтобус. У выхадныя — дык у выхадныя, — адказаў далей па сутнасцi звароту Сяргей Залескi. — Безумоўна, давядзецца папярэдне вывучыць пасажырапаток — колькi людзей сапраўды маюць патрэбу ў такiм прыпынку, як часта. Такiя звесткi мы можам атрымаць у тым лiку i праз сельскi Савет. Калi высветлiцца, што ў прыпынку будзе патрэба, на ўзгадненне яго ў Мiнiстэрстве транспарту i камунiкацый спатрэбяцца тыднi два. Таму, паўтаруся, пiшыце на наш адрас. Прычым, не абавязкова, каб лiст быў калектыўным — дастаткова звароту нават ад аднаго чалавека з падрабязна асветленай праблемай. А ўжо мы возьмем яе на кантроль. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Камень Лепельскага раёна, дарэчы, як i суседняя вёска (цяпер больш правiльна — аграгарадок) Баброва, размешчана на трасе Мiнск — Вiцебск. Падаецца, зручна ў сэнсе транспартных зносiнаў, праўда? Выйшаў вясковец да яе, пачакаў на прыпынку крыху — i з камфортам паехаў па справах у вялiкi горад. Як высветлiлася, усё зусiм нават наадварот: нiводны аўтобус, што iдзе ў сталiцу, тут не спыняецца! Хоць некалi ўсё было iнакш i такiх нязручнасцяў жыхары не мелi. Пра такую сiтуацыю па нумары рэдакцыйнай "гарачай лiнii" нам распавяла мясцовы ўрач, на ўчастку якой размешчана каля 50 вёсак.
|
|