Ад агульнага мінулага — да агульнай будучынi - Беларусь разглядае Францыю як надзейнага сябра ў Еўрапейскiм саюзе
02.12.2009
—
Новости Общества
|
Талерантнасць — не проста наша нацыянальная рыса, гэта наш лад жыцця. Беларусы зазналi гора, таму так цэняць мiр i спакой, таму так трапятлiва, свята захоўваюць памяць аб былых нягодах, агульную еўрапейскую памяць... Памяць аб загiнулых на беларускай зямлi салдатах напалеонаўскай армii ўшанавалi днямi на Барысаўшчыне. Аб падзеях 197-гадовай даўнiны нагадваюць сёння мемарыяльныя помнiкi на Брылёўскiм полi, надмагiльны знак, узведзены пры садзейнiчаннi Пасольства Францыi летась на вясковых кладах Студзёнкi, дзе перапахаваныя французскiя салдаты. — Ведаю, што жыхары вёскi Студзёнка захоўваюць i будуць захоўваць спакой загiнулых на беларускай зямлi салдат армii Напалеона з павагай i спачуваннем, i дзякую iм за гэта, — сказала пасол Францыi ў Беларусi Мiрэй МЮСО падчас жалобнай цырымонii. Кiраўнiк дыпмiсii падзякавала таксама Мiнiстэрству абароны Беларусi, МЗС, кiраўнiцтву Барысаўскага раёна — за спагадлiвасць, салiдарнасць i братэрскую дапамогу ва ўвекавечаннi памяцi загiнулых. — Памяць пра падзеi мiнулага неабходная кожнаму народу, каб спакойна i свабодна скiравацца ў будучыню, — перакананая спадарыня Мюсо. — Дзеяннi, зробленыя ў садружнасцi з iншымi народамi, дазваляюць хутчэй i лягчэй рухацца наперад. Пасол узгадала нядаўна адсвяткаваную еўрапейцамi гадавiну падзення Берлiнскай сцяны. Гэта гiстарычная падзея "паклала канец падзелу еўрапейскага кантынента пасля Другой сусветнай вайны i дазволiла еўрапейскiм народам нарэшце знайсцi адзiн аднаго". — За 20 гадоў быў пройдзены пэўны шлях, аднак яшчэ нямала трэба зрабiць, каб назаўсёды спынiць нянавiсць i ўзаемныя папрокi, сцерцi з памяцi народаў Еўропы хваравiтыя ўспамiны, пакiнутыя векавымi смяротнымi сутыкненнямi, — упэўненая М.Мюсо. — Еўрапейцы гатовыя падысцi да разгляду свайго мiнулага аб'ектыўна i з павагай. Яны поўныя рашучасцi мiрна i дружалюбна пiсаць разам сваю будучую гiсторыю. На думку дыпламата, толькi ў адзiнстве i салiдарнасцi народы Еўропы змогуць супрацьстаяць шматлiкiм пагрозам, захоўваць свабоду, незалежнасць i дабрабыт сваiх краiн, падтрымлiваць росквiт еўрапейскай культуры i цывiлiзацыi. I напярэдаднi 200-годдзя пераправы армii Напалеона цераз Беразiну пасол выказвае пажаданне, каб гэта гадавiна "дала еўрапейцам магчымасць, канчаткова аб'яднаўшыся, сустрэцца, i каб гэты кавалачак беларускай зямлi, размешчанай у цэнтры еўрапейскага кантынента, сiмвалiчна паслужыў месцам гэтых сустрэч". Ушанавальныя мерапрыемствы сталi i развiтаннем з Беларуссю французскага пасла, чыя трохгадовая дыпламатычная мiсiя падыходзiць да завяршэння. — Час, праведзены ў Беларусi, быў цудоўным, — падзялiлася з запрошанымi Мiрэй Мюсо. — Мела месца i палiтыка, а як вы ведаеце, палiтыка — справа цяжкая. Аднак палiтыка — справа i лёгкая, таму што за тры гэтыя гады памiж Беларуссю i Францыяй, як i памiж Беларуссю i iншымi еўрапейскiмi краiнамi, адносiны палепшылiся дастаткова сур'ёзным чынам i працягваюць паляпшацца. I я спадзяюся, што надалей цяжкасцяў у нашых стасунках не будзе. Нашы сувязi памацнелi не без дапамогi МЗС i ўсiх нашых беларускiх сяброў. Дыпламат прызналася, што вязе адсюль вельмi цёплыя ўражаннi аб краiне i людзях, i выказала спадзяванне, што ў хуткiм часе зноў пабывае ў Беларусi, на гэты раз у адпачынку. А вынiкi работы Мiрэй Мюсо вельмi пазiтыўна ацанiў намеснiк мiнiстра замежных спраў Беларусi Валерый ВАРАНЕЦКI: — Гэта той пасол, якi зрабiў велiзарны ўнёсак у справу развiцця адносiнаў памiж Беларуссю i Францыяй — адносiнаў сяброўства i супрацоўнiцтва. Ён згадаў яе iнiцыятыву па запрашэннi ў Беларусь Жака Фора (якi ў той час узначальваў Дэпартамент кантынентальнай Еўропы МЗС Францыi, а сёння ён пасол Францыi ва Украiне), калi "ўпершыню ў гiсторыi нашых двухбаковых стасункаў адбылiся вельмi плённыя i добрыя кансультацыi памiж Беларуссю i Францыяй". — Я вазьму на сябе адказнасць сказаць, што менавiта са спадара Фора i спадарынi Мюсо пачалося сур'ёзнае дынамiчнае развiццё адносiнаў памiж Беларуссю i Францыяй, — адзначыў В. Варанецкi. — За гэтыя гады нашы палiтычныя адносiны iстотна прасунулiся наперад, сур'ёзны рух атрымала эканамiчнае супрацоўнiцтва памiж нашымi краiнамi. Намеснiк мiнiстра прыгадаў важныя i прадстаўнiчыя вiзiты ў Беларусь прадпрымальнiцкiх i банкаўскiх колаў Францыi, а таксама падзякаваў французскаму боку за клопат аб аздараўленнi беларускiх дзяцей, якiя пацярпелi ад аварыi на ЧАЭС. — Мы разглядаем Францыю як нашага надзейнага сябра ў Еўрапейскiм саюзе, i велiзарны ўнёсак у такую дынамiку нашых адносiнаў зрабiла спадарыня Мюсо, — заключыў намеснiк мiнiстра. Ала МАЧАЛАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Талерантнасць — не проста наша нацыянальная рыса, гэта наш лад жыцця. Беларусы зазналi гора, таму так цэняць мiр i спакой, таму так трапятлiва, свята захоўваюць памяць аб былых нягодах, агульную еўрапейскую памяць... Памяць аб загiнулых на беларускай зямлi салдатах напалеонаўскай армii ўшанавалi днямi на Барысаўшчыне. Аб падзеях 197-гадовай даўнiны нагадваюць сёння мемарыяльныя помнiкi на Брылёўскiм полi, надмагiльны знак, узведзены пры садзейнiчаннi Пасольства Францыi летась на вясковых кладах Студзёнкi, дзе перапахаваныя французскiя салдаты.
|
|