Нiякай рэзкай аднаразовай дэвальвацыi...
04.12.2009
—
Новости Общества
|
Еўра пераскочыў мяжу ў 4 200 рублёў Мабыць, шмат хто заўважыў, што з валютамi, да якiх прывязаны беларускi рубель, апошнiм часам адбываюцца iстотныя змены. Па-першае, долар, якi толькi напрыканцы лiстапада каштаваў 2740 рублёў, "скокнуў" уверх i пасля ўчарашнiх таргоў дасягнуў узроўню 2785 рублёў за долар. Еўра таксама не стаiць на месцы: на сёння яго афiцыйны курс устаноўлены ўжо ў 4 210,64 рубля, гэта значыць, еўрапейская валюта "ўзяла" мяжу ў 4 200 рублёў. Толькi "расiянiн", якi з пачатку верасня да цяперашняга часу "пацяжэў" больш як на 5 рублёў, учора крыху патаннеў — да 95.24 з 95.68 днём раней. Зрэшты, яго аслабленне працягваецца i на расiйскiм валютным рынку. Такiм чынам, на сёння, пасля аднаразовай дэвальвацыi нацыянальнай валюты 2 студзеня, афiцыйны курс долара ў краiне вырас на 5,09 працэнта, еўра — на 13,71 працэнта i расiйскага рубля — на 5,63 працэнта. Натуральна, што i ў дачыненнi да валютнага кошыка беларускi рубель таксама губляе "ачкi": хiстанне курсу нацыянальнай валюты ўсё блiжэй да аб'яўленай на сёлета верхняй мяжы калiдору ў 10 працэнтаў — на сёння змяненне ад першапачатковага кошту валютнага кошыка дасягнула ўжо мiнус 8,07 працэнта. Прычым, крыху больш як два працэнты падзення прыпадае на два апошнiя тыднi. Магчыма, што цяпер праводзiцца плаўная дэвальвацыя рубля, i да канца года кошт згаданага кошыка плануецца давесцi да гранiчнай мяжы. Прынамсi, складваецца такое ўражанне. Праўда, выказанага афiцыйнага меркавання на гэты конт няма. Затое спецыялiсты галоўнага банка краiны цалкам упэўненыя ў тым, што пашыраны ў чэрвенi калiдор хiстання курсу беларускага рубля з плюс/мiнус 5 да плюс/мiнус 10 працэнтаў будзе вытрыманы. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" кажа i начальнiк Упраўлення iнфармацыi — прэс-сакратар Нацыянальнага банка Беларусi Анатоль Драздоў. — Рубель сёлета застанецца ў вызначаным калiдоры, — заўважыў ён, адказваючы на пытанне наконт таго, цi будзе беларускi рубель аслаблены да валютнага кошыка да канца года менавiта на 10 працэнтаў. Што ж датычыцца нашай цiкаўнасцi адносна наступнага прагнозу: як могуць змянiцца да пачатку 2010 года суадносiны валют, якiя ўваходзяць у кошык, то Анатоль Драздоў падкрэслiў, што суадносiны курсаў долара, еўра i расiйскага рубля не залежаць ад галоўнага банка краiны. — Ад нас залежыць кошт кошыка, — дадаў ён. — Раптам цяпер на сусветных рынках курс еўра ўпадзе, а долара, наадварот, падымецца. У такiм выпадку i суадносiны валют кардынальна зменяцца. Аднак сёння нiхто ў свеце не можа прадказаць гэты трэнд. Прынамсi, я не чуў колькi-небудзь аргументаваных прагнозаў на гэты конт. — Анатоль Фёдаравiч, а ў якiм калiдоры будзе "плаваць" наш рубель у наступным годзе? Застаецца калiдор хiстання кошту валютнага кошыка плюс/мiнус 5 працэнтаў, якi пры неабходнасцi Нацыянальны банк можа пашырыць да 10 працэнтаў, альбо абмяркоўваюцца нейкiя iншыя лiчбы? — Мы пакуль не каментуем асноўныя напрамкi грашова-крэдытнай палiтыкi на наступны год, паколькi яны афiцыйна не прынятыя. А тое, што ў СМІ цяпер iдзе iх актыўнае абмеркаванне, — гэта звесткi з неафiцыйных крынiц. Аднак у любым выпадку — нiякiх рэзкiх аднаразовых дэвальвацый беларускага рубля на наступны год не плануецца. Долар/еўра: суадносiны пакуль захаваюцца... Мiж iншым, меркаванне, што ў краiне павiнна праводзiцца па магчымасцi гнуткая i плаўная курсавая палiтыка, падтрымлiвае i старшыня Асацыяцыi беларускiх банкаў Фелiкс Чарняўскi. — Нам трэба, вядома, правiльна выкарыстоўваць калiдор хiстання кошту валютнага кошыка ў плюс/мiнус 10 працэнтаў, — лiчыць ён. — Таму што iстотныя аднаразовыя дэвальвацыi выклiкаюць негатыўную рэакцыю насельнiцтва. Я, у прыватнасцi, прааналiзаваў тое, як змянiлiся тэрмiны па зноў заключаных дагаворах па рублёвых дэпазiтах пасля аднаразовай дэвальвацыi ў студзенi. Выявiлася, што ў сярэднiм яны заключалiся на тры месяцы, а да гэтага — на год. Пасля вядомай дэвальвацыi дэпазiты сталi кароткiмi, а людзi кiнулiся на валютны рынак. Разам з тым, трэба разумець i наступнае: мы не можам трымаць завышаны курс беларускага рубля, напрыклад, да таго ж долара, еўра. Ёсць пэўная iнфляцыя, яна большая ў нас, чым у краiнах паходжання гэтых валют. Калi ў краiне працавала мiсiя МВФ, я казаў пра тое, што ўмацаванне беларускага рубля ў дачыненнi да долара выклiкае асцярогу: магчымы нейкi рэзкi скачок курсу. Гэтак жа, як ваду ў рацэ можна запрудзiць, а потым плацiну прарве i будзе патоп, так i валютная палiтыка павiнна быць гнуткай i рэальнай, не дапускаючы падобных з'яў. Сёння курсавая палiтыка Нацыянальнага банка цалкам абгрунтаваная i нават асцярожная. Вы бачыце, што экспарт значна скарацiўся сёлета, па некаторых вiдах машынабудавання да 80 працэнтаў у параўнаннi з адпаведным леташнiм перыядам, адпаведна, падае i велiчыня валютнай выручкi, што паступае ў краiну. Таму, зазначу яшчэ раз: Нацыянальны банк праводзiць гнуткую палiтыку, i цяперашняе аслабленне беларускага рубля да валютнага кошыка не павiнна турбаваць насельнiцтва. Такая наша эканамiчная рэальнасць. — Вядома ж, прагназаваць складана — курсы еўра i долара залежаць ад шмат якiх фактараў, тым не менш, пакуль на мiжнародным валютным рынку курс "амерыканца" знiжаецца ў дачыненнi да канкурэнтаў. Чаго чакаць далей? — Я сам хацеў бы ў кагосьцi запытаць, як будзе надалей. Аднак мы можам толькi меркаваць. Шмат будзе залежаць ад палiтыкi Федэральнай рэзервовай сiстэмы ЗША: калi Злучаныя Штаты будуць павышаць да канца года ўлiковую стаўку, долар будзе ўмацоўвацца (дарэчы, далёка не многiя, у тым лiку i сусветныя, эксперты вераць у тое, што ФРС сёлета, ды i ў першым квартале наступнага года павысiць улiковую стаўку i зробiць долар даражэйшым. — Аўт.). Трэба таксама глядзець, што будзе адбывацца ў зоне еўра: еўрапейскi Цэнтрабанк вядзе сябе кансерватыўна, ён менш схiльны мяняць стаўку. На мой жа погляд, суадносiны гэтых валют з невялiкiмi хiстаннямi, але захаваюцца. Нiякiх рэзкiх рухаў не будзе. Налета ў "амерыканца цяжкi лёс? — Я мяркую, што Нацыянальны банк выконвае абяцанне, хутчэй за ўсё, дадзенае Мiжнароднаму валютнаму фонду, па дэвальвацыi рубля ў запланаваных аб'ёмах, гэта значыць, на 10 працэнтаў, — каментуе апошнiя тэндэнцыi на валютным рынку краiны эксперт "Звязды", дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл Кавалёў. — Разам з тым лiчу, што падстаў для панiкi няма. Гэта дэвальвацыя даволi-такi неiстотная. Трэба таксама мець на ўвазе, што сам долар перыядычна то аслабляецца, то ўмацоўваецца, i таму да яго магчымыя хiстаннi беларускага рубля, якi, акрамя долара, прывязаны таксама да еўра i расiйскага рубля. I я не выключаю, што апошнiя невялiкiя дэвальвацыi былi выклiканыя якраз хiстаннямi расiйскага рубля. Яшчэ раз падкрэслю, што цяпер наша нацыянальная валюта прывязаная да кошыка з трох валют, i зразумела, што калi хiстаецца расiйскi рубель, то адэкватна будзе хiстацца i беларускi. — Мiхаiл Мiхайлавiч, якiя-небудзь iстотныя змяненнi ў пары еўра/долар да канца года могуць адбыцца? — На такiм кароткiм адрэзку прагназаваць дакладна цяжка, але, на мой погляд, усё будзе ў межах калiдора 1,45 —1,5 долара за еўра. Гэта настолькi невялiкi калiдор, што пры нашых невялiкiх накапленнях на яго можна не звяртаць увагi. — Неспрыяльным для долара многiя эксперты лiчаць i першы квартал наступнага года, маўляў, хаця б таму, што ФРС ЗША па-ранейшаму не будзе змяняць улiковую стаўку? — Думаю, што неспрыяльным для амерыканскай валюты будзе не толькi першы квартал. Сутнасць не толькi ў стаўцы, а i ў агульным стане амерыканскай эканомiкi. Таму ў наступным годзе долар псiхалагiчны бар'ер у 1,5 праб'е ўсур'ёз i надоўга. Iгар ШЧУЧЭНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мабыць, шмат хто заўважыў, што з валютамi, да якiх прывязаны беларускi рубель, апошнiм часам адбываюцца iстотныя змены. Па-першае, долар, якi толькi напрыканцы лiстапада каштаваў 2740 рублёў, "скокнуў" уверх i пасля ўчарашнiх таргоў дасягнуў узроўню 2785 рублёў за долар. Еўра таксама не стаiць на месцы: на сёння яго афiцыйны курс устаноўлены ўжо ў 4 210,64 рубля, гэта значыць, еўрапейская валюта "ўзяла" мяжу ў 4 200 рублёў. Толькi "расiянiн", якi з пачатку верасня да цяперашняга часу "пацяжэў" больш як на 5 рублёў, учора крыху патаннеў — да 95.24 з 95.68 днём раней. Зрэшты, яго аслабленне працягваецца i на расiйскiм валютным рынку |
|